Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка папярэджвае аб недапушчальнасці няўважлівага стаўлення чыноўнікаў да людзей пры барацьбе з афрыканскай чумой свіней і патрабуе аказваць насельніцтву ўсялякае садзейнічанне

Общество

Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 22 жніўня на нарадзе аб эпізаатычнай сітуацыі ў свінагадоўлі і мерах барацьбы з вірусным захворваннем свіней.

«Мяне не столькі трывожыць сам працэс гэтай барацьбы, колькі тое, як рэагуе насельніцтва на меры, што прымаюцца органамі ўлады і ветэрынарнымі службамі. Я ўсё больш і больш атрымліваю сігналаў, у Адміністрацыі Прэзідэнта мы фіксуем узрастаючую колькасць зваротаў грамадзян па гэтых пытаннях. Сутнасць іх зводзіцца да таго, што мы часам няўважліва, а часам па-хамску паводзім сябе з людзьмі. Гэта значыць мы, здавалася б, выконваем святую місію — змагаемся з гэтай заразай, але ў той жа час ствараем новую праблему — негатыўнае рэагаванне людзей на нашы дзеянні, дзеянні ветэрынарных службаў. Павінен вас папярэдзіць: гэта недапушчальна», — сказаў Прэзідэнт.

«Хацеў бы, каб з наступнага тыдня такіх заяў ад насельніцтва ў мой адрас не паступала, — папярэдзіў Прэзідэнт. — Вашы тлумачэнні, што вы правільна робіце, вы добрыя, а людзі дрэнныя, прымацца не будуць!»

«Вы там, калі ласка, на месцы разбярыцеся з кожным чалавекам. Не думаю, што ў нас знойдзецца шмат людзей, якія ад няма чаго рабіць будуць займацца пісанінай у адрас Прэзідэнта з просьбай аб прыняцці нейкіх мер. Таму з гэтага моманту мы з вамі дамовіліся: ад людзей скаргаў быць не павінна! Стаўцеся да людзей па-чалавечы, ліквідуючы гэту заразу», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прысутных у зале.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што АЧС не ўяўляе пагрозы для здароўя людзей. Ён са шкадаваннем заўважыў, што ў свеце яшчэ не выпрацавалі эфектыўных мер барацьбы з гэтай хваробай, не існуе вакцыны, а адзінае выйсце — гэта лакалізацыя ачагоў, знішчэнне захварэўшых жывёл для прадухілення распаўсюджвання хваробы.

«Прычынамі таго, што нам даводзіцца ліквідаваць гэту заразу, з’яўляецца парушэнне элементарных санітарных норм, каранціннага рэжыму на фермах і прыватных падворках, і гэта можа прывесці да пашырэння зоны эпідэміі, нанясення значнага ўрону як свінагадоўчай галіне, так і эканоміцы краіны ў цэлым», — сказаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што галоўная праблема — эканамічная. «Мы ні ў якім выпадку не павінны дапусціць распаўсюджвання гэтай хваробы і падзяжу свіней, будзе гэта на прыватных падворках, на фермах або на комплексах. Мы і так ўжо страцілі, няхай няшмат, але гэта не адзін мільярд рублёў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Для Беларусі развіццё свінагадоўлі мае вялікае значэнне. Ва ўсіх рэгіёнах функцыянуюць магутныя свінагадоўчыя комплексы, прадукцыя з якіх паступае не толькі на ўнутраны рынак, але і на экспарт.

Аляксандр Лукашэнка адначыў, што на комплексах прымаюцца жорсткія меры, і нідзе не зафіксавана паўторнага з’яўлення хваробы. Найбольшую заклапочанасць у Прэзідэнта выклікаюць дробныя фермы і прыватныя падворкі. Паводле слоў Прэзідэнта, у 97 выпадках са 100 жывёла заразілася ў прыватных падворках, а таму неабходна прымаць усялякія меры, каб не дапусціць пераносу захворвання на буйныя компексы або фермы.

«Страту галіны мы ні ў якім выпадку дапусціць не можам», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што ў прыватных падворках гадуюцца амаль 900 тыс. свіней, што складае больш як 20 працэнтаў усяго пагалоўя свіней у Беларусі. «Таму мы павінны аказаць істотную дапамогу насельніцтву ў барацьбе з гэтай заразай», — падкрэсліў Прэзідэнт.

БелТА

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *