ПЕРАМАГЛІ СУСЕДЗЯЎ

Спорт

«Колас» (Чэрвень) — «Зорка-РФОЦ-Вікторыя» (Мар’іна Горка) — 1:0.

27 ліпеня. Чэрвень. Гарадскі стадыён. Пераменная воблачнасць. 23 градусы. 50 гледачоў.

«Колас»: Курыловіч, Канашэвіч (Аладка, 30), Цэдрык (Красоўскі, 46), Захараў, Прытыка (Чысты, 62), Кулеш, Ганчарык, Шалабнёў, Паліўка, Шчэрбіч, Бурмістронак (Шмідаў, 81).

Гол у «Коласа»: Паліўка (21).

Сустрэчы з геаграфічнымі суседзямі заўсёды праходзяць у вострай, бескампраміснай барацьбе. Гэтая — не выключэнне.

«Колас», які ў першым крузе зусім не радаваў балельшчыкаў перамогамі, маючы іх на сваім рахунку ўсяго адну, вынікам чаго стала апошняе месца ў турнірнай табліцы, з першых хвілін гульні пайшоў наперад. Стадыён выдыхнуў, калі Дзмітрый Паліўка на правым флангу атакі прабіў па варотах галавой, і мяч цудам не трапіў у сетку: гасцей выратавала перакладзіна. А на 21-й хвіліне сітуацыя паўтарылася, нібыта пад капірку. З той розніцай, што гэтым разам Дзмітрый скіраваў мяч галавой дакладна ў вароты — 1:0!

Пасля забітага гола «Колас» працягваў навязваць мар’інагорцам сваю гульню, аднак неўзабаве атрымаў траўму нагі і быў заменены «апошні» абаронца Яўген Канашэвіч, а ў перапынку з-за праблем з самаадчуваннем «сеў на лаўку» яшчэ адзін ігрок абароны Яўген Цэдрык. У выніку чэрвеньцам давялося адцягваць большыя сілы да сваіх варот ва ўрон атакуючым дзеянням. А бліжэй да заканчэння матча і ўвогуле гуляць «на адбой».

На шчасце, абарончая тактыка прынесла плён, і адзіны забіты гол стаў пераможным для «Коласа». Дзякуючы гэтаму, ён з сямю ачкамі перамясціўся з апошняга на перадапошняе месца ў турнірнай табліцы.

На апошнім — «Забудова» з пасёлка Чысць Маладзечанскага раёна. Менавіта з гэтай камандай нашы футбалісты ў бліжэйшую суботу і правядуць заключны матч першага круга спаборніцтваў.

Шчаслівым талісманам для «Коласа» стала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ларыса Асановіч, якая наведала суботнюю сустрэчу. Яна шчыра падтрымлівала каманду падчас гульні, павіншавала футбалістаў з перамогай, а пасля матча ўручыла грашовыя прэміі аўтару пераможнага гола Дзмітрыю Паліўку і варатару Аляксандру Курыловічу, які як заўсёды надзейна згуляў на апошнім рубяжы.

Ігар АДАМОВІЧ

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *