Падчас прыёму грамадзян у райвыканкаме

Общество

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Віктар Шчэцька правёў прыём грамадзян у Чэрвені. У гутарцы з жыхарамі раёна ўдзельнічалі старшыня райвыканкама Іван Муха, прадстаўнікі раённых службаў і іншыя зацікаўленыя.

Жыхары Чэрвеньшчыны звярталіся з праблемамі як грамадскімі, так і асабістымі — наконт льготнага крэдытавання, водазабеспячэння, выкупа і пакупкі дамоў і інш.

Жыхар вёскі Хвойнікі выказаў занепакоенасць аб’ёмамі вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі:

— Мне зразумела ваша заклапочанасць, — адзначыў Віктар Шчэцька. — Вы выказаліся ў тым духу, што сельская гаспадарка раней вырабляла шмат. І свінафермы, і птушнікі былі. І вы гэты перыяд, вядома, хваліце. Але той перыяд прайшоў — сёння павінна працаваць тэхніка. У краіне няма ні аднаго птушніка — ёсць птушкафабрыкі. Смалявіцкая за 9 месяцаў выпусціла 50 тысяч тон мяса. Я лічу, што не павінна быць і свінагадоўчых ферм — ёсць свінакомплексы і на 50 тысяч галоў адкорму ў год, і на 108 тысяч…

Многія пытанні, якія агучваліся падчас прыёму грамадзян, тычыліся жыллёвай сферы. Так, жыхарка гарадскога пасёлка Смілавічы цікавілася домам па вуліцы Максіма Горкага — там працякае дах. Сітуацыю патлумачыў дырэктар жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ігар Навіцкі:

— Мы толькі прынялі на баланс гэты дом — 2 ліпеня. Там неабходна перакласці каля 300 квадратных метраў руберойда. Аб’ёмы вызначаны, распрацаваны графік, працуем згодна з ім.

Іван Муха даручыў завяршыць работу ў верасні і ўзяў гэта пытанне на асабісты кантроль.

Падчас прыёму грамадзян 11 чалавек агучылі пытанні. На адны з іх адразу ж дадзена тлумачэнне. З другімі — старшыня райвыканкама даручыў разабрацца адпаведным службам раёна. Пытанні па льготнаму крэдытаванню на рэканструкцыю Віктар Шчэцька разгледзіць асабіста.

Сняжана КАЎГАРЭНЯ. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *