Нашы “балагуры” і майстры скарылі “Дрыбінскія таржкі”

Общество

Трэцяга жніўня ў трэці раз у горадзе Дрыбін Магілёўскай вобласці адбыўся рэгіянальны фестываль народнай творчасці, народных промыслаў і рамёстваў «Дрыбінскія таржкі». Сюды мы патрапілі ўпершыню.

Наш раён прадстаўляў адметны калектыў — жартоўны гурт «Чэрвеньскія балагуры». Праўда, паехалі яны малым складам — кіраўнік Андрэй Каленік, удзельнікі Міхаіл Раманенка, Міхаіл Шчэрбач, Павел Давыдоўскі, Дзмітрый Касцюкевіч. Але, тым не менш, нават упяцёх яны выклікалі толькі самыя цудоўныя ўражанні як у гаспадароў, так і ў гасцей фестывалю. Падчас іх выступлення, калі гледачы крычалі: «Вам — першае месца!», я адчувала такі гонар за наш калектыў!

Таксама Чэрвеньшчыну, а разам з ёй — і ўсю Міншчыну, бо мы былі адны з рэгіёну, прадстаўлялі сталыя, актыўныя, вопытныя ўдзельніцы клуба «Майстры Ігуменшчыны» — Тамара Шалупенка (саломапляценне) і Ірына Фабінюк (вышыўка). Дарэчы, яны ўжо не першы раз заяўляюць пра сябе на рэспубліканскім узроўні.

Увогуле, творчых калектываў было шмат. Нягледзячы на тое, што фестываль завецца рэгіянальным, удзел у ім бралі дэлегацыі з Луганскай вобласці (Украіна) і Смаленскай (Расія). А падчас зачытвання прывітальнага адрасу з Магілёўскага аблвыканкама прагучала інфармацыя, што з наступнага года фестываль «Дрыбінскія таржкі» будзе ўключаны ў план абласных і рэспубліканскіх фестываляў. А значыць, атрымае большую падтрымку, у тым ліку і матэрыяльную.

Калі мы прыехалі да месца правядзення мерапрыемства, то апынуліся перад так званай фестывальнай мытняй. Сустракалі нас Сымоніха і Дрыбша — гаспадары і сімвалы фестывалю. Яны ж былі вядучымі ўсяго мерапрыемства. Проста так на свята не прапускалі. Каб туды патрапіць, наш Дзіма абуваў… лыжы і бег па асфальце, а Павел рабіў гэта ў лапцях. Было, канешне, вельмі весела! Пасля перасячэння сімвалічнай мытні нас пачаставалі фірмовымі стравамі.

Яшчэ адзін цікавы момант «Дрыбінскіх таржкоў» — арганізацыя падворкаў, прычым на конкурснай аснове. І калі ў нас іх прадстаўляюць сельсаветы, дык там — прадпрыемствы і арганізацыі: камунгас, гаргаз, ПМК, ДРБУ, аддзяленні Белтэлекому, Белпошты… На кожным падворку, апрача адмысловага афармлення, рабілі пачастунак і прапаноўвалі паўдзельнічаць у конкурсах…

Гэты фестываль ставіць на мэце адраджэнне народных кірмашоў, таму і называецца «таржкі». Яго ўдзельнікі гандлявалі ўласнымі вырабамі народнай творчасці, лекавымі травамі, гарбатай, мёдам ды іншым. Крыху гандлявалі і нашы майстрыхі.

Візітная картка Дрыбіншчыны — гэта шапавальства (традыцыйнае мастацтва вырабу з воўны (валенне, качанне) галаўных убораў, валёнак, лямцу). Працэс вытворчасці адноўлены ў Дрыбінскім гiстарычна-этнаграфiчным музеі. На свяце нават паказвалі майстар-клас па шапавальству. Валёнкі, канешне, прыгожыя, але і дарагія, бо зроблены ўручную.

Асабіста мяне вельмі зацікавіла іх сувенірная прадукцыя. Я сабе набыла цацачны валёнак, зроблены «пад пчалу». Мне падалося гэта цудоўнай ідэяй для нашага раёна, які здаўна славіўся і пчалярствам, і валёнкамі. Магчыма, хтосьці з нашых майстроў-умельцаў таксама зацікавіцца такімі сувенірамі, магчымасцю іх вырабляць.

Але вернемся да вакальных калектываў. Многія з іх выступалі пад «плюсавую» фанаграму. А нашы «Чэрвеньскія балагуры» спявалі толькі ўжывую і толькі беларускія песні. Да таго ж, яны выгадна вылучаліся сярод іншых, скажам так, традыцыйных калектываў. Рэжысёр, які працуе ў Палацы рэспублікі, прапанаваў дадаць скрыпку — і ён будзе запрашаць «балагураў» на розныя мерапрыемствы з нацыянальным каларытам.

Толькі канцэртная праграма падчас фестывалю доўжылася 5 гадзін! А затым гасцей і ўдзельнікаў чакаў вялікі святочны канцэрт, вогненнае шоу і феерверк.

Ну, а самае прыемнае, што нас запрасілі ў Луганскую вобласць, на Украіну! І калі ўсё складзецца добра, дык 30-31 жніўня паедзем туды. Там таксама мяркуецца зладзіць фестываль народнай творчасці. Прадстаўнікі ўкраінскай дэлегацыі захапіліся «Чэрвеньскімі балагурамі» яшчэ з пачатку іх выступлення! Такім чынам, мы зноў збіраемся радаваць і здзіўляць Украіну. А ў тамтэйшых Шаргародзе і Вінніцы мы практычна ўжо — свае людзі!

Падчас рэгіянальнага фестывалю «Дрыбінскія таржкі» месцы не вызначаліся. Кожны з удзельнікаў атрымліваў Дыплом. Але нашы былі цалкам заслужанымі! Жартоўны гурт «Чэрвеньскія балагуры» атрымаў Дыплом «за захаванне і папулярызацыю народнага мастацтва, высокае выканальніцкае майстэрства, інавацыйны падыход, умацаванне міжрэгіянальных і нацыянальных традыцый», а прадстаўнікі клуба «Майстры Ігуменшчыны» — «за захаванне і папулярызацыю народных промыслаў і рамёстваў, нацыянальных традыцый, умацаванне творчых кантактаў і міжрэгіянальных культурных сувязяў».

 

Аксана КАЧАНОВІЧ,

намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і

па справах моладзі райвыканкама.

Фота прадастаўлена аўтарам

 

 

 



1 комментарий по теме “Нашы “балагуры” і майстры скарылі “Дрыбінскія таржкі”

  1. Парни удачи вам и первых мест во всех фестивалях . Я рад что вы продолжаете развиваться и радовать жителей Червеня народной музыкой ведь тот кто забыл свои корни тот забыл себя.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *