НА РАДАСЦЬ САБЕ І ЛЮДЗЯМ

Общество

Вельмі арыгінальна вырашыла добраўпарадкаваць уласны падворак, а заадно і прылеглую вулічную тэрыторыю сямейства Касцевічаў з вёскі Горкаўская Слабада. Ды і само гэтае сямейства досыць адметнае. Алена Віктараўна і Міхаіл Мікалаевіч выгадавалі чацвёра дзяцей (шматдзетная сям’я!), падымаюць васьмёра ўнукаў. Разам ужо — 31 год. Абое працуюць. Гаспадыня — на базе мінеральных угнаенняў, гаспадар — на ферме. І, тым не менш, нягледзячы на выключную занятасць, хапае ў іх часу на добраўпарадкаванне і падтрыманне ў належным стане немалой тэрыторыі, пазіраючы на якую хочацца сказаць толькі: «Ах!»

… Яшчэ на пад’ездзе да падворка Касцевічаў звяртаюць на сябе ўвагу фігуры жывёл — герояў казак і мультфільмаў: Чабурашка, Кракадзіл Гена, Мядзведзь, змешчаныя прама на вуліцы. Асноўны матэрыял, з якога яны выраблены, — старыя аўтамабільныя пакрышкі. Удала падабраныя колеры — карычневы і спадарожныя — спрыяюць выразнасці кампазіцый.

Сапраўды, тут ёсць чым палюбавацца. Безумоўна, прыцягвае ўвагу і сам цагляны дом — акурат за Мядзведзем, даволі прафесійна распісаны вясёлымі фігуркамі.

— Гэта — справа рук дачкі Іры, — тлумачыць Алена Віктараўна. — Яна вучылася за цырульніка, а там і навыкі малявання патрэбны былі. Прасілася размаляваць толькі адну сценку. А тады як пайшло, як пайшло…

Нават сама Алена Касцевіч паспрабавала свае сілы ў маляванні. Праўда, не на сценах дома, а на… бочках.

Цікава, што нават шост, на якім трымаецца антэна, распісаны… пад бярозку! Яшчэ адмыслова ўпрыгожаны слупок на верандзе — прыбітыя ў пэўным парадку накрыўкі ад пластыкавых бутэлек утвараюць кветкі. А колькі кветак жывых расце на самім падворку! І такая іх разнастайнасць, што ўсяго — не пералічыць…

— Кветкі — гэта маё! — усміхаецца гаспадыня.

Як даніна модзе, ёсць на падворку невялікая сажалка, дзе весела плаваюць, ганяючыся адна за адной, маленькія рыбкі. Што датычыцца травы, то і на падворку, і на прылеглай вулічнай тэрыторыі яна акуратна пакошана.

А яшчэ Алена і Міхаіл распавялі, што аднавяскоўцам даспадобы прыйшліся і казачныя фігуры, і іх падворак. Тут з задавальненнем фатаграфуюцца, а здымкі пасля змяшчаюць у Інтэрнэце. Магчыма, хтосьці таксама возьме для сябе якіясьці ідэі адметнага добраўпарадкавання Касцевічаў. Ну, а мне асабіста ўжо захацелася пусціць у справу старыя пакрышкі!

Святлана АДАМОВІЧ. Фота аўтара

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *