ДЗЕЦІ І КНІГІ

Общество

(Працяг)

ЧЫТАЮЦЬ ШКОЛЬНІКІ, І ШМАТ

Хутка і шмат чытае Аня Зазека, падбірае літаратуру з эстэтычным ухілам. Яна ведае, што хоча чытаць, дзе ўзяць такую кнігу. Памятаю яе яшчэ маленькай. Яна і тады была сур’ёзнай… Зараз добра арыентуецца ў бібліятэцы.

Лёша Дулуб хуценька прачытаў абавязковую літаратуру са спіса і цяпер выбірае кнігі, зыходзячы з уласнай цікавасці. Ён таксама пачынаў наведваць бібліятэку з мамай.

Асобна хацелася б распавесці пра нашых актыўных мінскіх гасцей. Гэта Ліза Навіцкая і Лёша Доўгань. Яны, можна сказаць, выраслі ў нас тут, на канапе ў чытальнай зале дзіцячай бібліятэкі. Як толькі на выхадных і вакацыях прыязджаюць у Чэрвень, адразу ж бягуць да нас. Дзеляцца ўласнымі навінамі, Лёша — сваімі захапленнямі. Яны вельмі добра ў нас чытаюць. Іх сяброўка, вучаніца нашай чацвёртай школы Аліна Нявейка, таксама не адстае. Даша Іванова з Мінска, якая перайшла ў трэці клас, прыходзіць да нас не першы год. А на пачатку жніўня ледзь не пасялілася ў чытальнай зале! Знаходзіцца фактычна ад адкрыцця і да закрыцця.

Увогуле, чытаюць дзеці ўсе! Проста я выдзяляю тых, хто найбольш актыўны ў гэтай справе. Апрача вучняў з СШ №4, гэтым вылучаюцца і гімназісты, і нават дашкольнікі. Прывіваюць любоў да чытання сваім дзецям бацькі Стаса і Ксеніі Місюраў. Дачка ў трэцім класе, а сын яшчэ дашкольнік. Аня Калтовіч заўсёды прыводзіць з сабой брацікаў і сяброў, яны прыходзяць цэлай кампаніяй! Малайчына Кірыл Краснагір…

Бібліятэкар малодшага абанемента асабліва прасіла выдзеліць другакласніцу гімназіі Лізавету Талстову — цікаўную дзяўчынку. А мне асабіста яшчэ падабаецца Аня Новікава з чацвёртага класа гімназіі, якая з густам падыходзіць да выбару кніг. Калі спадабаўся аўтар, перачытае ўсе яго творы.

 

СУПРАЦОЎНІЦТВА СА ШКОЛАМІ

Па фармулярах мы можам прасачыць, які клас якой школы нас наведвае не надта актыўна, застаўся па-за ўвагай. Туды мы і накіроўваем свае намаганні. Актыўна працуем з СШ №2 г.Чэрвеня, гэта нашы суседзі, а таму — апорная школа. СШ №3 хаця і далекавата знаходзіцца, але школьнікі заўсёды з задавальненнем да нас прыходзяць. Пасля таго, як у нас пабыў аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем, самі дзеці паасобку пачалі наведваць бібліятэку больш актыўна. Ахвотна прыходзяць гімназісты, праўда, усё больш малодшыя школьнікі. А мы ж абслугоўваем вучняў да дзявятага класа ўключна… А потым падпісваем абходныя лісты і перадаём нашых чытачоў у дарослую бібліятэку. Ну, а СШ №4 я пахваліла ўжо.

Дарэчы, маю такое пажаданне да настаўнікаў. Некаторыя з іх лічаць, што не трэба загружаць дзяцей спісамі летняга чытання. Што толькі на ўроку можна раскрыць тэму, асноўную думку твора, каб дзеці пасля чыталі яго з задавальненнем. Але мне здаецца, што гэта не зусім правільны падыход. Прыгадваю сябе, як я актыўна чытала праграмную літаратуру, калі была ў школьным узросце. І ведаю, як гэта цікава і наколькі лягчэй пасля твор успрымаецца на ўроку. Бо падчас навучальнага года немагчыма прачытаць усе кнігі. Таму спісы летняга чытання, мяркую, павінны быць. І дзеці павінны самі прыходзіць, браць кнігі і чытаць іх, а не толькі ўдзельнічаць у мерапрыемствах, клубах па інтарэсах.

 

КАМП’ЮТАРЫ ТАКСАМА ЁСЦЬ

У нас цяпер ужо два камп’ютары, адзін з іх падключаны да Інтэрнэту. Мы аказваем платныя паслугі. Калі дзецям патрэбна інфармацыя з сусветнага павуціння, дапамагаем ім у выхадзе на яе, у пошуку. А так… Дзеці любяць гуляць на камп’ютары. Адна гадзіна ў нас каштуе тры тысячы.

Як і бацькі, мы глядзім на ўзрост. Калі дзеці малыя, дык куды ім гуляць, гледзячы ў манітор, цэлую гадзіну?! Абмяжоўваемся трыццаццю хвілінамі. У нас тут хадзілі і «камп’ютаршчыкі»… Дык даводзілася нават меры ўздзеяння прымаць. Калі прыходзяць кампаніямі, мы тлумачым: у нас — не інтэрнэт-клуб, не камп’ютарны клуб. Адзін гуляе, астатнія бяруць кнігі, часопісы ў рукі і чытаюць! Дзеці ж хітрыя…

Напрыканцы навучальнага года вельмі шмат рабілі работ — навуковых, дакладаў. У каго камп’ютара дома няма, прыходзяць да нас. І мы на платнай аснове дапамагаем ім у пошуку інфармацыі, раздрукоўцы.

 

КАМЕРЦЫЙНАЯ ЛІТАРАТУРА: БОЛЬШ ЧЫТАЮЦЬ — БОЛЬШ НАВІНАК

Такую літаратуру мы выдаём на платнай аснове з абанемента альбо з чытальнай залы. З апошняй — пры ўмове, што гэта не рэдкая кніга, не даведачна-энцыклапедычнага характару. Магчыма таксама выдача на суткі модных часопісаў.

На грошы, заробленыя ад выдачы кніг з камерцыйнага фонду, мы купляем новыя кнігі, якія заказвае аддзел камплектавання па нашай заяўцы. І дзеці з задавальненнем іх чытаюць. Тым больш, што па цяперашніх цэнах кошты ў нас досыць сімвалічныя.

Тым не менш, атрымліваецца, што чым больш юных наведвальнікаў карыстаецца платнай літаратурай, тым часцей абнаўляецца фонд камерцыйнай літаратуры.

 

ВЫСТАВЫ Ў ГОНАР ЮБІЛЯРАЎ

Іх мы ладзім, каб пашырыць кругагляд дзяцей. Вось выстава да 95-годдзя пісьменніка, нашага земляка Міхася Пянкрата, чый юбілей прыпадае на 28 жніўня. 11 жніўня — 210 гадоў з дня нараджэння расійскага пісьменніка Уладзіміра Адоеўскага, 17 — 85 гадоў з дня нараджэння беларускага дзіцячага пісьменніка Уладзіміра Матвеенкі. Шкада, што мала ў нас кніг апошняга. Ён, у асноўным, прадстаўлены ў зборніках.

Калі дзеці наведваюць бібліятэку, мы абавязкова звяртаем іх увагу на выставы, якія на працягу года, зразумела, мяняюцца. Абнаўляецца і выстава «Чытаем па-беларуску». Нашы чытачы з цікавасцю гартаюць кнігі, задаюць пытанні.

 

ЯК ПРЫАХВОЦІЦЬ ДЗЯЦЕЙ ДА ЧЫТАННЯ?

Раскажу з асабістага вопыту. У мяне двое дзяцей. Сын чытае з чатырох гадоў. У пяць ён ужо нароўні са мной чытаў газеты. А дачка чытаць не любіць. Ну, бывае такое. Можа, я і сама ў гэтым крыху вінаватая. Калі сыну я чытала ўвесь час — і на памяць, і так, дык на дачку ў мяне столькі часу не было. І калі яна прасіла ў мяне, каб я пачытала, я адгаворвалася:»Вазьмі сама». Зразумела, што калі часу ў мяне ўсё не было і не было, дык у дзіцяці цікавасць і знікла. Ну, а зараз… Я і такую кніжку прынясу з бібліятэкі, і такую… Яна быццам бы і прачытае з цікавасцю… Але асаблівага імкнення да чытання няма.

Канешне, прымушаць дзіця чытаць нельга. Проста трэба самому ўзяць і яму пачытаць. Прычым тое, што цікава самому. Бо калі даросламу нецікава, дзіця гэта адразу адчуе. Каб заахвоціць сына ці дачку да самастойнага чытання, трэба ўзяць кнігу з малюнкамі, з буйнымі літарамі… Каб дзіця тэхнічна хутка прачытала кнігу і зразумела, што можа гэта зрабіць не горш за іншых. Такія парады для дашкольнікаў, вучняў першых-другіх класаў. І калі яны асвояць дзве-тры кнігі, далей усё пойдзе само па сабе. Узнікне жаданне даведацца, што там, за тымі літарамі. Мусіць, зашыфравана штосьці цікавае…

Яшчэ, канешне, вялікую ролю адыгрывае асабісты прыклад. Вось зноў жа, з уласнага вопыту. Зімовы вечар. Ёсць камп’ютар, тэлевізар, DVD, цацкі… Дачка ва ўсё перагуляла. Глядзіць — мама, брат старэйшы (тата ў нас усё ў працы, але ён любіць чытаць газеты) — чытаюць. А яна — без справы. Пахадзіла з кута ў кут… Глядзім — узяла кніжку і на паўгадзіны сцішылася. Так яна чытае і зараз — калі ў настроі. Любіць чытаць услых… сабаку, маленькаму суседу Сашку… Калі маленькая была, чытала катам. Прысядзе на ганак, каты яе абсядуць… Ну так цікава было назіраць…

Так што калі ў сям’і ніхто не чытае, не варта чакаць, што дзіця будзе чытаць з ахвотаю. Не, канешне, бываюць выпадкі. Але лепш дэманстраваць інтарэс да кнігі на ўласным прыкладзе.

Прыгадваю сябе ва ўзросце з шостага па восьмы клас. Я чытала ўсюды! У мяне забіралі кнігі, а я нават чытала ў цемры з ліхтарыкам! І вось у тым узросце я перачытала ўсяго Гогаля, Дастаеўскага… І мяне яны захапілі! Тады ж не было шмат проста добрай дзіцячай літаратуры, усё больш — класіка. А зараз такі багаты выбар… Дзецям прапаноўваеш, а некаторыя і ў той бок не глядзяць! А такія кнігі таксама ўплываюць на светапогляд маленькага чалавечка…

Любоў ДЖАФАРАВА,

бібліятэкар Чэрвеньскай дзіцячай бібліятэкі

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *