ЧАМУ ТАК ЗАРАСТАЕ ВЁСКА ДЗЕРЦІ?!

Общество

Пра добраўпарадкаванне гэтага маланаселенага пункта колішняга Грабянецкага, а цяпер — Чэрвеньскага сельсавета турбуецца яго ўраджэнец, сённяшні дачнік, наш чытач шаноўны Ілья Іванавіч Дзмітровіч. Прачытаўшы ў «Раённым весніку» артыкул аб праблемах мікрараёна Барыкіна ў Чэрвені, ён патэлефанаваў у рэдакцыю, каб запрасіць карэспандэнта ў Дзерці, дзе жыве штогод з красавіка па лістапад. Маўляў, зірніце, як зараслі ладныя кавалкі колішняга лугу, поля, як раскашуе пустазелле ўжо і на тэрыторыі вёскі. Ілья Іванавіч нават паабяцаў прыехаць у Чэрвень па журналіста, звазіць у Дзерці і прывезці назад. Мы вырашылі скарыстацца запрашэннем…

 

Напачатку гаспадар дачнай сядзібы прапануе праехацца ў абодва канцы вёскі на машыне. Цікава, што адзіная вуліца з рэдкімі хатамі — абжытымі і разбуранымі — праходзіць перпендыкулярна дарозе асноўнай. Гэтая акалічнасць, а таксама вялі-і-і-зныя зараснікі высо-о-ознага пустазелля, у якія ўпіраецца заканчэнне вуліцы (далей бачна кукурузнае поле), падказвае: я тут ужо была!

Пяць гадоў таму на Чэрвеньшчыне ладзілі рэйды па праверцы добраўпарадкавання тэрыторый, стану воданапорных вежаў і г.д. Непасрэдна ўзначальваў гэтую кампанію па навядзенні парадку на зямлі тагачасны начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Грышчанка. Некалькі груп у складзе прадстаўнікоў інспекцыі, рэдакцыі, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, сельвыканкамаў ездзілі па ўсіх сельсаветах, імкнуліся зазірнуць нават у такія маланаселеныя вёсачкі, а яшчэ — на фермы, мехдвары… Колькі прадпісанняў і пратаколаў складалі тады супрацоўнікі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі! Уручалі іх як асобным вяскоўцам, так і адказным асобам, кіраўнікам. Накладаліся і штрафы. Якія справаздачы друкавалі карэспандэнты ў «раёнцы»! І парадак — хаця б адносны, хаця б не паўсюдна, а ў вялікіх населеных пунктах — наводзілі. Дык, можа, ёсць сэнс узнавіць такія рэйды?!

Толькі вось Дзерці пяць гадоў таму і сёння, на мой погляд, не дужа-то адрозніваюцца. На жаль. І тады я занатоўвала ў блакнот: унутры дарога не пакошана; ля некаторых жылых хатаў бачна, што касілі; ёсць пустыя зарослыя ўчасткі… Напрыканцы вёскі — пустыя хаты і зараснікі. Хутчэй за ўсё, сюды і выносяць смецце. Хаця нешматлікія насельнікі тады сцвярджалі, што сваё — паляць ці закопваюць. А яшчэ паведамілі, што на пачатку поля… кукуруза ў мяшках схаваная. Толькі, маўляў, не кажыце на дзерцявых. А кукуруза тая — пратраўленая, прыкрытая поліэтыленам — і прарасла ўжо праз мяшкі… У другім канцы вёскі — пафарбаваны плот, на другі бок — пафарбаваны калодзеж…

Вось што я на свае вочы бачыла ў 2008-ым годзе. Зараз — яшчэ больш зараснікаў, няма парадку на падворку і ля яго ў большасці жылых хатаў… А пафарбаваныя плот і калодзеж, аказваецца, належаць нашаму неабыякаваму чытачу — Ілью Іванавічу Дзмітровічу. І вось што ён распавёў пра мінулае і цяперашняе Дзерцяў:

— Нарадзіўся я тут, у гэтай вёсцы. Хатаў было паболей, чым зараз, а жыхароў дык і вельмі многа. У кожнай хаце — па шмат дзяцей плюс дарослыя. У маці маёй было пяцёра, яна сама, яе маці — сем чалавек. У Данілаўны, якая ў тым баку жыве і зараз, — восем, у сям’і на перакрыжаванні — шэсць… Шматдзетныя, працалюбівыя былі сем’і. Усе стараліся як найлепш уладкаваць падворак, сачылі за парадкам на ім і на ўчастку прылеглай вуліцы. Тады, зразумела, не было бензакосаў, а пакошана — цудоўна!

У маці маёй былі адны хлопцы. Яна збіраецца на працу: «Так, у хаце — памыць, двор — у парадак прывесці, вуліцу — падмесці…» Раздавала заданні кожнаму. А калі не зробіш… Доўга з намі не вазілася. Граблямі перацягне… І пакуль ні выканаеш, нікуды не пойдзеш! Такім было ў нас працоўнае выхаванне. Дык і парадак жа быў які!

Вось тут, за нашым агародам, здаўна быў луг. Цудоўная мурожная трава, кветкі… Жывёлу выпасвалі, сена нарыхтоўвалі… У часы майго дзяцінства, калі тут выспявалі травы, дык нават перагароджвалі дарогу, каб ніхто не хадзіў і не ездзіў. Не таптаў, пакуль ні прыйдзе касавіца. А ў пару… Тоны сакавітай духмянай травы тут скошвалі і нарыхтоўвалі…

Я так разумею, што гэта зарослая бур’янам тэрыторыя зараз належыць сельгаспрадпрыемству. Да «Чэрвеньскага райаграсервісу» далучылі колішні «Грабянецкі», так? А сельсавет наш аб’ядналі з Вайнілаўскім у Чэрвеньскі…

Дык вось гадоў пяць таму амаль па самы мой плот перааралі гэты луг. Здаецца, нават спрабавалі кукурузу пасеяць, а яна не ўзышла, ці ўзышла, але рэдка… І ўсё… Не першы год — вось такія страшныя зараснікі…

Неяк хацелі тут, мабыць, і пакасіць. Там, значна далей, трохі атрымалася. А тут, мусіць, трактар зачапіўся за камень — і далей не паехаў. Дык вось усю вялі-і-ізную тэрыторыю — вунь, да гарызонту — ніхто не арэ, не сее, не прыбірае, не косіць. Зямлю, якая магла б прыносіць карысць, ператварылі ў расаднік вось гэтай заразы, чый белы пух разносіцца ветрам далёка-далёка. Каб сябе неяк абмежаваць ад дзікіх зараснікаў, я вымушаны не толькі сваю тэрыторыю выкошваць, а вось якую адлегласць за ёй. Бо запусці толькі, дай слабіну — і заўтра ўсё ў агародзе будзе. Я і з таго боку тапінамбур пасадзіў, і з гэтага трохі, каб ён дапамагаў…

Мяне турбуе пытанне: а чаму нікому больш нічога не трэба?! Ні сельвыканкаму, ні сельгаспрадпрыемству, ні ўчастковаму інспектару міліцыі?! Там жа не толькі поле і луг зарастаюць, участкі па вёсцы — таксама. А паўразбураныя хаты ў зарасніках?! У іх жа таксама ёсць гаспадары — нашчадкі тых, хто тут жыў калісьці. Некаторыя набылі ці ўзялі ў арэнду, відаць. Чаму ад іх ніхто не патрабуе навесці парадак?! А зараз жа так шмат гавораць пра добраўпарадкаванне на самым вышэйшым узроўні — у Беларусі, Мінскай вобласці, на Чэрвеньшчыне… Так, вёска наша — маланаселеная. Улетку сям’і чатыры жывуць, і сем’яў пяць — пастаянна. Але ж гэта не значыць, што на нас трэба махнуць рукой. Мы ж таксама — людзі…

А зірніце, якія тут ёсць пабудовы, у тым ліку і жылыя… Калі я 23 гады таму вярнуўся з Расіі ў Беларусь, узяўся за спадчыну ў Дзерцях, у мяне былі дакладна такія ж і хата, і хлявы… У хаце яшчэ і вокны былі пабітыя… Паціху-памалу я ўсё прывёў у парадак, пабудаваўся з цэглы, паставіў плот, пасадзіў расліны, усё своечасова кашу…

Я нічога не падганяю пад стандарт, нічым не выхваляюся… Проста раблю сваю справу. Раблю парадак, да якога прывучыла мяне маці — жыхарка гэтай вёскі. Я нават не кажу: «Рабі так, як у мяне!» Але ж самы элементарны парадак навесці, паправіць плот, пакасіць — хіба ж гэта непад’ёмная праца?! Навошта яшчэ шпурляць смецце, абрэзаныя галіны ў зараснікі, прыносіць сваю сапсаваную алычу і высыпаць яе ледзь не на дарогу?!

Ведаеце, я, бывае, і да перакрыжавання праходжу з бензакасой па сярэдзіне вуліцы, збіваю пустазелле. Але ж мне ўжо не 40 гадоў, каб абкошваць усю вёску… Калі б было 40 яшчэ, можа, і змог бы… А так… Паўтаруся: ніхто ні ад каго нічога не патрабуе. Вельмі крыўдна, што ўсё пушчана на самацёк. А я ж не аднойчы звяртаўся да старшыняў сельвыканкама — Грабянецкага, а цяпер — аб’яднанага Чэрвеньскага, якія ўсё мяняюцца. Не аднаго і не двух сюды прывозіў. А справа — ні з месца!

Вось быў старшыня Грабянецкага сельвыканкама, калі я толькі вярнуўся сюды, — Валерый Іванавіч Шыбут. Дык той сам прыязджаў у вёску, прыходзіў. Даваў заўвагі: «Вам тое трэба зрабіць, вам — тое…» Параіць, як лепей. Дзе зможа — дапаможа… Прыедзе, праверыць… І быў парадак!

А пасля яго… Памятаю, мяшкоў 20 кукурузы гады два ляжалі. Угнаенне хтосьці вывез і высыпаў — цэлую машыну. Што за ўгнаенне? Я ў санстанцыю чэрвеньскую звяртаўся. А якой цікавай была рэакцыя старшынь на мае скаргі ў адпаведныя інстанцыі: «Вы што, хочаце, каб мяне з працы знялі?!» А трэба было як адрэагаваць? Калі правільна, калі па сумленні?! Прыехаць, паглядзець, разабрацца, прымусіць, каб убралі…Словам, не знайшоў і не знаходжу я пакуль з начальствам паразумення. А шкада…

Дарэчы, вось тут, справа, дзе ўсё зарасло калючкай, калісьці выдзялялі яшчэ ўчасткі. Тут лічыцца працяг вуліцы — аж да тых слупоў. Памятаю, хлопцу далі зямлю, дзе тыя грушы. І ён за некалькі гадоў уласнымі рукамі так усё распрацаваў… Хатка стаяла, парнічок быў… А зараз і знаку няма. А за гэтымі слупамі яшчэ маёй маці-нябожчыцы зямлю давалі…

Там, далей, ёсць рачулка меліярацыйная. У свой час спецыяльны чалавек глядзеў за ёй, абкошваў. А зараз дзясяткамі гадоў нікому нічога не трэба. Вось табе і гаспадарлівы падыход да выкарыстання зямлі. Зірнеш вакол — жывёлу не пасвяць, траву на корм не косяць… Правільна, а навошта касіць?! Хто будзе есці гэтую «вярблюджую калючку»?! Так і стаіць…

Непадалёк ад мяне гадоў пятнаццаць таму міліцыянер узяў у арэнду ўчастак зямлі. І пакуль у яго быў жывы бацька, усё было пакошана-пасаджана-пасеяна-прыбрана. А потым адмовіліся ад зямлі. І на гэтым парадак закончыўся. А такі агарод быў…

Прапаную Ілью Іванавічу прагуляцца па адзінай вуліцы, якая ну ніяк не «цягне» на гучную назву «Цэнтральная», пешшу. Каб усё разгледзець дэталёва, сфатаграфаваць… Ён ахвотна згаджаецца, спадарожна тлумачачы, дзе хто жыў, хто жыве зараз, якія стасункі…

Пачынаем, канешне, з канца вуліцы, дзе знаходзіцца дачная сядзіба нашага чытача. І што адразу кідаецца ў вочы?! Перафразуючы вядомае, атрымліваем: «Дзерці — вёска кантрастаў». Прычым яны — вялікія, рэзкія, стопрацэнтныя…

Зарослыя краявіды за населеным пунктам — вокам не акінуць! І спрэс — калючкі з белым пухам. І толькі на вуліцы перад сядзібай Ільі Іванавіча і на метры два з трох бакоў вакол (а яго ўласная тэрыторыя, аформленая, як належыць, між іншым — 25 сотак!) — выкашана пад «нуль». Кінутыя напаўразбураныя сядзібы і нішто сабе дачныя домікі, зарослыя ўсё той жа калючкай «па самыя вушы» — і ўсё гэтак жа выкашаны пад «нуль» участак Ільі Дзмітровіча за высокім плотам. З роўнымі радамі чысцюткай бульбы, купкай высокага сланечніку, морам кветак у самых розных ёмістасцях, цудоўнымі мясцінкамі для адпачынку… А сярод пятуній, бугенвілій, гладыёлусаў у памяць аб маці — флёксы з іх непаўторным водарам… Без перабольшання, парадак на сядзібе Ільі Іванавіча і вакол яе — і-дэ-аль-ны!!! Яшчэ і зараз стаіць уваччу. Даўно такога не бачыла. Ды што там — не бачыла ўвогуле! Гэта ж як трэба любіць зямлю, парадак на ёй… І прычым, улічыце, нішто само не робіцца. Трэба рукі прыкласці, ды яшчэ як…

Наступны рэзкі кантраст — калодзежы. На тым канцы вёскі некаторыя хаваюцца ў зарасніках. На вуліцы насупраць Ільі Іванавіча, пазначаны яго фірмовым знакам, — падноўлены і пафарбаваны.

Ведаеце, — дзеліцца набалелым Ілья Дзмітровіч, — калі я прыехаў сюды, ля мяне калодзеж быў у такім жа дрэнным стане. А іх жа ўсе капалі рукамі нашы продкі… Шкада… Я ў свой сам лазіў, чысціў, рабіў дрэнаж, усе шчыліны замазаў, зрабіў, каб зачыняўся… Вядры два крэмнію ўсыпаў… Вада смачная…

Далей — болей. Непадалёк ад перакрыжавання падыходзім да закінутага калодзежа ля самай дарогі. Досыць глыбокага, без вады, з розным друзам на дне. Кругі — дастаткова нізка над узроўнем зямлі. І ўся гэтая канструкцыя… нічым не накрытая! Бог мой! А ў вёсцы ж, як зазначыў Ілья Дзмітровіч, ёсць сем’і з дзецьмі… Небяспечна?! Не тое слова!

Пераходзім перакрыжаванне. Нічога новага няма. Зараснікі. Добра падлатаны дах адной з хатаў, падворак і вуліца выкашаны — гэта дачнікі з Мінска, тлумачыць Ілья Іванавіч. Яшчэ на адным падворку штосьці робіцца — з Чэрвеня прыязджаюць. На хаце мясцовай бабулі напаўразбураны комін — трывожна за яе… Старая парушаная хата — фактычна рарытэт: гонта на даху. Так і дажыў хтосьці тут свой век без шыферу… Ну, і напрыканцы вёскі традыцыйна ўпіраемся ў вялі-і-ізныя зараснікі калючак. Справа ў іх хаваецца яшчэ адзін калодзеж. Калісьці выкапаны з любоўю і надзеяй…

Ну што яшчэ дадаць?! Вельмі сумна пазіраць на ўсё гэта… Вёска яшчэ спрабуе змагацца за жыццё, але моцы з кожным годам усё менш і менш. Беспакараныя, наступаюць на яе зараснікі, злосна ашчэрваюцца ўсімі калючкамі. А вёска заплюшчвае свае вочы-вокны і нема крычыць: «РАТУЙЦЕ!»

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *