ЗАМЕСТ ГАЗОНАЎ — ЛЕБЯДА, ПАЛЫН, ДЗЯДОЎНІК — ВЫШЭЙ РОСТУ

Общество

Мы зноў вымушаны вярнуцца да праблемы добраўпарадкавання мікрараёна Барыкіна, і ў прыватнасці — тэрыторыі паміж дамамі №№ 97, 103, 101, 99, праходу праз двор да вуліцы Барыкіна і праезду ад гэтых ды іншых дамоў — да яе ж, а таксама — вялікіх лужын у трох месцах вуліцы. Але напачатку — крыху гісторыі…

Толькі ў мінулым годзе мы тройчы акрэслівалі гэтыя праблемы на старонках «раёнкі». У №№ 44-46 за 24 сакавіка з’явілася публікацыя нашага карэспандэнта «Тры «заліўныя месцы» вуліцы Барыкіна, альбо Душ» з граззю заказвалі?», у №№ 68-70 за 5 мая — запытальны артыкул Веры Ніціеўскай (ад імя ўсіх жыхароў № 99 па вул.Барыкіна) «Дык быць добраўпарадкаванню ці не?», у №№ 86-87 за 30 мая — «Рэагаванні атрыманы — пытанні засталіся».

На жаль, засталіся гэтыя ж пытанні актуальнымі і сёння — больш чым праз год пасля апошняй згаданай публікацыі.

Адразу ж зазначу — я зараз пішу не толькі ад сябе, але і ад імя многіх жыхароў гэтых шматпавярховых дамоў мікрараёна Барыкіна. Калі хтосьці з адказных асобаў засумняваецца ў гэтым, дык можна і афіцыйны зварот напісаць. Калектыўны, з дзясяткамі подпісаў. Бо мне ўжо, напрыклад, суседзі па дому па ўласнай ініцыятыве не аднойчы казалі: «Ты напішы, а мы падпішам!» Асабліва што датычыцца стану дарогі… А я ўсё чакаю… А раптам пра нас усё ж успомняць?! І — таксама па ўласнай ініцыятыве?! Ды яшчэ таму, што вось гэты адказ трымаецца на кантролі, атрыманы рэдакцый у маі мінулага года:

«УП «Чэрвеньская ЖКГ» на артыкул «Дык быць добраўпарадкаванню ці не?» паведамляе, што работы па рэканструкцыі і добраўпарадкаванню каля дамоў №№ 101, 99, 97 узноўлены з мая 2012 года. Вядзецца ўкладка бартавога каменю на праезнай частцы, праводзіцца засыпка і планіроўка ямаў гранулятарам на праезнай частцы і стаянцы. Работы, пачатыя каля дамоў №№ 103, 101, 99, 97 у 2011 годзе па добраўпарадкаванню стаянкі і гульнявых дзіцячых пляцовак, будуць выкананы да верасня 2012 года».

А ўжо, прабачце, хутка верасень 2013 года. І што мы маем на заканчэнне ліпеня?! Але спачатку — пра пад’езды і падыходы да мікрараёна.

Каля трансфарматарнай падстанцыі, дзе колькі гадоў таму па вясне камунгас наладжваў суботнік і так усё вычысціў, — «джунглі». Прычым такі малюнак назіраецца штогадова. Не ведаю, за кім канкрэтна замацавана гэтая тэрыторыя, але зарастае яна так ужо не месяц і не два. Зрэшты, як і гэты «бярмудскі трохвугольнік» ды іншае непадалёк — ужо вышэй чалавечага росту! Далібог, страшна міма ісці! А раптам там ужо змеі завяліся?! Ды і для кляшчоў, відаць, раздолле…

Далей шлях пралягае міма кантэйнераў. Хацела напісаць — кантэйнернай пляцоўкі, але гэта было б не зусім дакладна. Заасфальтаванай пляцоўкі, якойсьці абгародкі па-ранейшаму няма. Як няма і вялікага парадку. Бо калі ўзяць хаця б апошні год… Усяк было. Калі — рэгулярна вывозілі смецце, а калі — некалькі дзён кучы вакол раслі… Калі — падграбалі, калі — не… Плюс раскіданае як несвядомымі грамадзянамі, так і ахвочымі паперабіраць змесціва кантэйнераў… Расцягнутае сабакамі, катамі, птушкамі…

Канешне, у ідэале кантэйнеры павінны быць зачыненыя. Але ахвотных адчыняць-зачыняць сапраўды няшмат. І, у прынцыпе, гэта зразумела. Большасць кідае туды смецце, ідучы на працу (вось зараз — не пра сябе, а з назіранняў). А рукі лёгка можна выпацкаць…

Зрэшты, не дужа ўдала змешчаны і надпісы на кантэйнерах для асобнага збору смецця, разлічаныя, зноў-такі, на зачынены стан. А калі накрыўкі адчыненыя, дык не бачна, што і куды. І, зноў-такі, не кожны прыадчыніць ды паглядзіць. Да таго ж, па-ранейшаму ў гэтыя кантэйнеры кідаюць і бытавое смецце — усё роўна ж грузіцца разам. Затое традыцыйна хутка напаўняецца кантэйнер для пластыкавых бутэлек, часта — з «верхам». І стаіць так некалькі дзён.

Ну, і апошнія штрыхі да аповеду пра кантэйнеры — усё той жа знешні выгляд на іх і смецце вакол, мухі ды іншыя насякомыя… І, мякка кажучы, непрыемны пах, калі праходзіш міма…

А што датычыцца станоўчага, дык гэта замена кантэйнераў для бытавога смецця на новыя, большыя па памеру. Прычым адзін паставілі першым — у надзеі, што па ходу бытавое смецце будуць кідаць у яго і два апошнія, а асобна сабранае — у іншыя, прызначаныя менавіта для гэтага.

Вядома, прэтэнзіі паміж камунгасам і жыхарамі тут — узаемныя. Маўляў, кідаюць не так, не тое, не туды… Ну, значыць, разам трэба шукаць шляхі вырашэння праблем, а не рабіць выгляд, што іх не існуе… А тым больш, не абвінавачваць усіх агулам… Што ўсе такія несумленныя…

А цяпер паспрабуем праехаць ад вуліцы Барыкіна да дамоў №№ 99, 101, 103, 97 ды іншых, павярнуўшы ля кропкі гандлю Чэрвеньскага райспажыўтаварыства — непадалёк ад бальніцы. У чарговы раз кажу: дарога — проста жах! Яміна на яміне! І як на машыне ні паўзеш, іх не аб’ехаць! Да таго ж, вялізны куст-дрэва на павароце закрывае агляд на дарогу, дзе не раз’ехацца дваім. Плюс усё тая ж адсутнасць ходнікаў. Карацей, небяспечная сітуацыя на дарозе ў поўным аб’ёме — як для вадзіцеляў, так і для пешаходаў. А сярод апошніх, зразумела, шмат дзяцей, у тым ліку — і зусім малых, але — на веласіпедзіках. Ды і сярод дарослых ёсць ахвотныя праставаць прама пасярэдзіне дарогі, не зважаючы на машыны…

І зноў зразумела, што справа — у грашах. Дакладней — у іх адсутнасці. І што, маўляў, маглі б і самі тыя яміны засыпаць. Ды спрабавалі часткова мужчыны з нашага дома — матэрыял не той! Тут, калі па-гаспадарску, новы асфальт патрэбны. Ну няўжо яшчэ і праз тры дзесяцігоддзі яго тэрмін не падышоў?!

А што датычыцца — зрабіць штосьці самім… Дык і так жа многае — самі… Больш за 25 гадоў самі прыбіралі пад’езды. Самі ўкручвалі ў іх лямпачкі. І да гэтага часу самі жыхары чысцяць снег ля пад’ездаў узімку… А рамонт пад’ездаў калісьці напалову аплачвалі таксама мы. Самі купілі шмат гадоў таму групавы прыбор уліку цяпла для дома, дзверы ў пад’езды з дамафонамі… Калісьці — помпу для першага пад’езда дома №97, каб цяпло рэальна даходзіла да апошняга стаяка. Мінулую зіму ўжо мерзлі без яе, плацячы роўна столькі ж, колькі іншыя жыхары, якім горача…

Але вернемся да добраўпарадкавання… З мінулага года так і не скончана ўладкаванне сцежак для пешаходаў і абяцаных веласцежак. Гэтак жа, як не скончана абсталяванне аўтамабільных стаянак. Замест газонаў — усё тыя ж лебяда, палын, дзядоўнік… Калі ўладкаваць усё і падтрымліваць належны парадак нерэальна, дык навошта было абяцаць у афіцыйным адказе ў рэдакцыю, што работы будуць скончаны да верасня мінулага года?! Ну, напісалі б, што няма магчымасці гэтага зрабіць…

Мы, вядома, усё разумеем. Фінансаванне — недастатковае, аб’ёмы іншых работ — вялікія, рабочых рук — не хапае… Але ж калі не рухацца наперад, усё і далей будзе прыходзіць у заняпад… А вось калі запланаваць на сёння — гэта і яшчэ крыху, на заўтра — тое плюс яшчэ гэта…

Вось з’явілася ж ля дзіцячай пляцоўкі не так даўно прыгожая альтанка… Праўда, абыходзяцца з ёю людзі, як бачна з фота, не дужа прыгожа… Ёсць арэлі, лавачкі ды іншае, дзе могуць забаўляцца дзеці… Прыемныя змены, справа — за новымі. Далібог, неабходнымі…

 

Святлана АДАМОВІЧ. Фота аўтара

 

P.S. А што датычыцца «заліўных месцаў» вуліцы Барыкіна, дык і яны, на жаль, нікуды не дзеліся. Праблема гэтая абвострыцца зноў у сезон дажджоў. Штосьці і знак абмежавання хуткасці — 40 км/г — не дапамагае. Аматараў «паганяць», здаецца, становіцца ўсё больш…

А значыць быць нам, прахожым, мокрымі і бруднымі…

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *