НА ПЛАНЁРЦЫ Ў СТАРШЫНІ

Местная власть

Асноўную ўвагу на гэты раз старшыня райвыканкама Іван Муха звярнуў на адну з галоўных праблем — актывізацыю мерапрыемстваў у раёне па недапушчэнню афрыканскай чумы, мерах яе прафілактыкі, неабходнасці інфарміравання насельніцтва. Ад паляўнічых гаспадарак запатрабаваў рэгулярна праводзіць адстрэл дзікіх кабаноў, асабліва ў тых месцах, дзе яны ўшчыльную падыходзяць да свінаферм. Кіраўнікам гаспадарак, дзе яшчэ ёсць невялікія свінатаварныя фермы, рэкамендаваў хутчэй правесці работу па іх ліквідацыі. Ідэалагічнаму актыву раёна загадаў на гэтым тыдні арганізаваць пазапланавы Дзень інфармавання насельніцтва па гэтую тэму.

Другое актуальнае пытанне, на якое сканцэнтраваў ўвагу Іван Пятровіч — жніво. «Якасць уборкі, дакладная арганізацыя працы, кантроль за расходам гаруча-змазачных матэрыялаў павінны быць асноўнымі ў гэты гарачы час, — сказаў ён. — І, канешне ж, выкананне даведзеных заданняў па намалоту і ўраджайнасці. Пакуль жа на 1 жніўня яны не выконваюцца ніводнай гаспадаркай». Таксама як няма гэтага і па малаку, акрамя двух гаспадарак — філіяла «Новыя Зелянькі» і СГФ «Аграбуд». «Навошта абяцаць, калі загадзя ведаеце, што заданні не будуць выкананы?» — заўважыў ён.

Праблемы па вытворчасці малака, узнаўленню статку агучыў першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання па жывёлагадоўлі Віктар Ляснеўскі, пытанні будаўніцтва ферм, фізкультурна-аздараўленчага комплексу, бульбасховішчаў, жылля — намеснік старшыні райвыканкама па будаўніцтву і ЖКГ Мікалай Канапака. З эканамічнымі пытаннямі раёна, у прыватнасці, своечасовай выплатай заработнай платы ўсімі арганізацыямі, выкананню заданняў па здачы маталалому, навядзенню парадку на пустуючых землях і аб’ектах, што былі прададзены прыватным асобам, пазнаёміла намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы, начальнік аддзела эканомікі Алена Шлома.

Людміла РАБЕЦКАЯ

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *