ЁЙ ЛЁС АДМЕРАЎ ДОЎГІ ВЕК…

Люди и судьбы

Як сведчаць пашпартныя дадзеныя, першага ліпеня Вользе Васільеўне Крук з в.Нежаўка споўнілася — падумаць толькі! — 110 гадоў. Цэлы век і яшчэ дзесяцігоддзе! І нават калі дата нараджэння не зусім дакладная (па словах дачкі, бабуля памятае, што нарадзілася ўвосень, а гадоў можа быць крыху меней), усё ж па дакументах менавіта Вольга Васільеўна з’яўляецца зараз старэйшай жыхаркай Чэрвеньшчыны.

Юбілярка ў коле родных

Павіншаваць яе з вельмі шаноўным юбілеем прыехалі старшыня Валевачоўскага сельвыканкама Алена Чыканоўская, старшыня прафсаюзнага камітэта СВФ «Аграбуд» ААТ «Мінскжалезабетон» Людміла Крук, супрацоўнікі газеты «Раённы веснік» і праграмы радыёвяшчання «Радыёвеснік».

… На падворку і ў хаце нас гасцінна сустракаюць блізкія людзі юбіляркі — яе старэйшая дачка Галіна з мужам Іванам Кеда, унук Анатоль Кеда і жонка другога ўнука — Васіля — Таіса.  Сама ж бабуля, якая ўжо дрэнна бачыць і чуе, чакае нас, седзячы на ложку. У мінулым годзе, скардзіцца, павалілася і пабіла нагу. Цяпер не ходзіць. А тыя, хто быў у гэтай хаце ў дзень папярэдняга юбілею, прыгадваюць, што яшчэ пяць гадоў таму Вольга Васільеўна Крук і ў агародзе корпалася, і за сталом сядзела. Але і зараз, нягледзячы на ўсе праблемы, выглядае яна даволі бадзёра і робіць прыемнае ўражанне…

Каб атрымаць адказ на пытанне, дачцэ бабулі трэба моцна крычаць той у вуха. Таму, шкадуючы абедзвюх, распытваемся пра юбілярку ў Галіны Міхайлаўны. Але напачатку госці ўручаюць падарункі (набор пасцельнай бялізны ад СВФ «Аграбуд», прадуктовы набор ад Чэрвеньскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа) і кветкі ад Валевачоўскага сельвыканкама…

Ад імя ўсіх працаўнікоў нашай гаспадаркі і яе кіраўніцтва, сябе асабіста шчыра віншую Вольгу Васільеўну з яе цудоўным юбілеем! — урачыста прамаўляе старшыня прафсаюзнага камітэта СВФ «Аграбуд» ААТ «Мінскжалезабетон» Людміла Крук. — Жадаю ёй здароўя, здароўя і яшчэ раз здароўя — моцнага. Каб у яе ўсё было добра, каб пражыла яшчэ хаця б з дзясятак гадоў…

— Так ужо нам пашанцавала, што старэйшая жыхарка Чэрвеньшчыны жыве менавіта на тэрыторыі нашага сельсавета, — адзначыла старшыня Валевачоўскага сельвыканкама Алена Чыканоўская. — Гэта вельмі прыемна. Жанчына яна цудоўная, у доме заўсёды ўсяго ставала. І дзеці якія выраслі! Паглядзіце, з пакалення ў пакаленне хтосьці з іх абавязкова застаецца на нашай зямлі. І ў гэтым таксама вялікая заслуга самой Вольгі Васільеўны Крук, якая прывіла любоў да сваёй зямлі дзецям і ўнукам. Дай Бог ёй, а таксама яе родным усяго самага добрага — здароўя, цярпення, шчасця…

— Ой, як я працавала! — азываецца раптам бабуля. — На працу хадзіла… Мужык памёр, а дзеці малыя…

Відавочна, успаміны не даюць ёй спакою. І, раз-пораз наведваючы, вяртаюць у даўнейшае жыццё — доўгае, цяжкае, напоўненае адвечнымі сялянскімі клопатамі.

— Нарадзілася мама ў вёсцы Ялча, — тлумачыць Галіна Міхайлаўна. — Там хадзіла на працу. А потым прыйшла сюды замуж — другі раз. Я — ад першага мужа, а сёстры Валянціна і Марыя — ад другога. Яны — у Мінску. І тут мама рабіла ў мясцовай гаспадарцы. А як дзеці пайшлі, не працавала пэўны час. Муж быў на смалярні, дык яна трохі там дапамагала… А ў 1960-ым ён памёр, 56 гадоў было. Дзеці засталіся малыя. Гэта я ўжо большая, на работу хадзіла. Я — з 1943 года,  15 красавіка 70-годдзе адсвяткавала. Мама расказвала, як у вайну са мною, малою, бегала па лесе, хавалася ад немцаў. І нават калі аднавяскоўцы вярнуліся ў хаты, яна яшчэ баялася, каб хаця мы з ёю жывыя засталіся. Прыгадвала, як недзе ў нейкі склеп укінулася, а там жаб столькі… Баялася, каб мяне не закранулі. Але во, бачыце, ніхто мяне не з’еў. І цяпер жыву з мамаю, даглядаю яе. Усё жыццё — з ёй… Бо яна ж, як прыйшла сюды замуж, і мяне з сабою ўзяла. Дык я кажу, што мы ўдзвюх прыйшлі ў Нежаўку замуж… Мама заўсёды вельмі працавітаю была. А дома ж таксама гаспадарка. Уперад і карову, і свіней трымалі. Агарод, градкі… Вось бабкі сядзяць на вуліцы, на лавачках, а мама — не. Ёй трэба ў агародзе корпацца, грады палоць. Па-пустому ніколі не сядзела. Не прывучана…

— Рабіла, працавала і старасці прыждала. Так ніхто не працаваў, як я, — ізноў азвалася юбілярка.

І, трэба прызнацца, нягледзячы на дрэнны слых, патрапіла ў тэму!

Сапраўды, маючы такі прыклад перад вачыма, ахвочай да працы ўдалася і дачка Вольгі Васільеўны Галіна Міхайлаўна Кеда. Таксама засталася ў Нежаўцы, на зямлі. А на працу давялося пайсці малою, яшчэ і 14-ці гадоў не было. Спачатку — на палявыя, а тады — у даяркі.

— Я адразу баялася ў даяркі ісці, — прыгадвае Галіна Кеда, — а мяне ўсё прымушалі. Я не ішла, а мне іншай работы не давалі. Тры месяцы дома сядзела, а тады ўсё ж пайшла… Перадавою была. Сама болей надойвала! Ніхто тады столькі не надойваў, а ў мяне — 5670 кілаграмаў!

І праца Галіны Міхайлаўны была адзначана ордэнам «Знак Пашаны». А яшчэ яна — лаўрэат ВДНГ СССР, пераможца працоўных спаборніцтваў…

Добра ведаюць як адметнага спевака, саліста на Чэрвеньшчыне і ўнука шаноўнай юбіляркі. Анатоль Кеда — дырэктар Грабёнскага сельскага Дома культуры, заўсёдны актыўны ўдзельнік святаў у Чэрвені і не толькі. І яму таксама ёсць што сказаць у юбілейны дзень народзінаў бабулі, якая мае шасцёра ўнукаў і столькі ж праўнукаў…

— Адчуваю гонар за яе, — дзеліцца пачуццямі Анатоль, — што столькі пражыла! Будзем імкнуцца да такога ўзросту. Прыязджаем мы да бабулі пастаянна. Што памятаецца з маленства? Як яна працавала, як нас, унукаў, гадавала. Памятаю, гадоў пяць мне было. Раніцаю ўстаеш, а бабуля гатуе бліны з павідлам. Бяру блін — і іду на ферму, да мамы… Працаваць нас бабуля таксама вучыла, але не прымушала. Самі рабілі, калі трэба было. Мы з ёй разам нават… жыта жалі. Так-так, гадоў пяць ці трохі болей мне было. Серп у рукі — і пайшоў. Дарослыя, вядома, асноўнае жалі. А я — сцежку пасярэдзіне, каб хадзіць можна было. У такім узросце любая «дарослая» праца падабаецца…

Дарэчы, у гэтай сям’і здаўна выпісваюць раённую газету. Канешне, хацелася б сказаць, што яе чытала яшчэ і шаноўная юбілярка Вольга Васільеўна Крук… Але не выпадае. Як зазначыў унук Анатоль, бабуля — непісьменная. У ведамасцях заўсёды крыжык ставіла. Але ўнук аднойчы вырашыў навучыць яе распісвацца. Дык ажно пяць сшыткаў спісалі! Вольга Васільеўна ўсё пыталася, ці так. І, у рэшце рэшт, у далейшым пачала распісвацца…

Апрача ўсяго іншага, нас, вядома, цікавіла, ці ёсць у юбіляркі якісьці сакрэт даўгалецця. Толькі дачка, Галіна Міхайлаўна, нічога такога і не змагла прыгадаць. Хіба толькі спаслалася на спадчыннасць, бо сярод родных Вольгі Васільеўны, як аказалася, нямала доўгажыхароў. Сама яна — са шматдзетнай сям’і, дзе гадаваліся шэсць сёстраў і два браты. Самая старэйшая сястра была з 1901 года, пражыла 95 гадоў. Брат, родам з 1902-га, — 96. Даўней з Ялчы да Вольгі Васільеўны прыязджалі пляменнікі і пляменніцы, прыходзілі браты і сёстры.  А зараз, зазначае Галіна Кеда, няма ўжо фактычна нікога. Пазміралі. А бабуля Вольга, бывае, сядзіць-сядзіць ды як загалосіць на ўсю хату: «Тата памёр, мама памерла, муж памёр… А чаму мяне да сябе не бяруць?!» Тады наплачуцца абедзве — і маці, і дачка…

Але ж чалавек, па вялікім рахунку, не выбірае сам, колькі яму пражыць на гэтым свеце. Доўгі ці кароткі век, як мы зазвычай кажам, адмервае лёс. Ды колькі б гадоў чалавек ні пражыў, вельмі важна мець у старасці найласкавейшы догляд, дабрыню, цеплыню, спагаду ад блізкіх. І ў гэтым Вользе Васільеўне Крук — пашанцавала.

Шчыра жадаем 110-гадовай юбілярцы і ўсім яе родным здароўя, бадзёрасці, аптымізму, цярпення і пабольш светлых дзён у жыцці. З юбілеем, шаноўная Вольга Васільеўна!

 

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара


 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *