60 ГАДОЎ — ДУША Ў ДУШУ. ХОЦЬ І БЕЗ ПЯРСЦЁНКАЎ ЗАРУЧАЛЬНЫХ…

Общество

Моцнымі шлюбамі, зарэгістраванымі яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму, славіцца вёска Волма. А яшчэ — цікавымі супадзеннямі. І — вялікай колькасцю буслянак і буслоў у іх. Асабіста я, прамінуўшы далёка не ўсю вёску, пабачыла іх восем. Праўда, не ўсе заселеныя, але — большасць. Мо, гэта і ёсць, так бы мовіць, пэўная прычына доўгага жыцця вясковых сямейных параў? І — паказчык шматлікасці колішніх дзяцей — сённяшніх дарослых, якія і зараз не цураюцца бацькоўскіх хатаў, сваіх калысак маленства?..tc «Моцнымі шлюбамі, зарэгістраванымі яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму, славіцца вёска Волма. А яшчэ — цікавымі супадзеннямі. І — вялікай колькасцю буслянак і буслоў у іх. Асабіста я, прамінуўшы далёка не ўсю вёску, пабачыла іх восем. Праўда, не ўсе заселеныя, але — большасць. Мо, гэта і ёсць, так бы мовіць, пэўная прычына доўгага жыцця вясковых сямейных параў? І — паказчык шматлікасці колішніх дзяцей — сённяшніх дарослых, якія і зараз не цураюцца бацькоўскіх хатаў, сваіх калысак маленства?..»

Практычна па суседству ў Волме жывуць дзве адметныя сямейныя пары — Міхаіл Піліпавіч і Вольга Васільеўна Гаўрыльчыкі, Рыгор Дзмітрыевіч і Надзея Іванаўна Горгуны. Пабраліся шлюбам яны ў адзін год і нават у адзін месяц — люты — з розніцай у тры дні. А сёлета дзве сям’і святкавалі аднолькавую значную (і прыгожую!) дату — брыльянтавае вяселле, 60-годдзе шлюбу! І як гэтым ні захапіцца!tc «Практычна па суседству ў Волме жывуць дзве адметныя сямейныя пары — Міхаіл Піліпавіч і Вольга Васільеўна Гаўрыльчыкі, Рыгор Дзмітрыевіч і Надзея Іванаўна Горгуны. Пабраліся шлюбам яны ў адзін год і нават у адзін месяц — люты — з розніцай у тры дні. А сёлета дзве сям’і святкавалі аднолькавую значную (і прыгожую!) дату — брыльянтавае вяселле, 60-годдзе шлюбу! І як гэтым ні захапіцца!»

Да вашай увагі, шаноўныя сябры, аповед аб першай сям’і — Горгунаў, якія зарэгістравалі шлюб 14 лютага 1953 года.

Не дужа соладка жылося ў дзяцінстве гэтым прадстаўнікам даваеннага пакалення — ураджэнцам вёскі Волма Рыгору Горгуну і Надзеі Корзун. Але затое ім пашанцавала ў дарослым жыцці, калі напачатку паміж хлопцам і дзяўчынай узнікла сімпатыя, а пасля і каханне, якое вось ужо шэсць дзесяцігоддзяў яркай пуцяводнай зоркай свеціць ім — сталым гадамі, але маладымі душой. Але і зараз, у спакойным, размераным жыцці, якое калі абцяжарвае што, дык толькі хваробы, не-не ды прыгадаюцца цяжкасці маленства і юнацтва, асабістыя страты…

— Бацьку майго раскулачылі, як мне два гады было, — прыгадвае Рыгор Дзмітрыевіч. — А ў сям’і нас — чацвёра дзяцей: старэйшыя за мяне сястра з братам ды брат маладзейшы. Бацьку выслалі ў Архангельск, а нас дзед забраў. Іх сямёра чалавек было ды нас чацвёра — во сямейка… А тады бацька захацеў прыехаць і нас забраць. Паабяцалі яму тут дапамагчы прыпісацца. Але што там атрымалася… Забралі яго і далі 10 гадоў — маўляў, агітаваў калгаснікаў, каб не ішлі на працу. Выслалі кудысьці ў Грузію. А далей таксама ўсё цьмяна, толькі з пісьмаў людзей. Быццам бы памёр ён у турме ў 1945-ым. Затым ужо рэабілітавалі… А мне ў снежні 1944-га яшчэ і 18 не споўнілася, аднак прызвалі на службу. Пешшу ішоў у Чэрвень, а тады — у Барысаў. Служыў у Казельску, потым — за Вялікімі Лукамі. Доўга, ажно 7 гадоў! Нас увогуле трэніравалі, каб накіраваць у Японію. А тады так атрымалася, што я паехаў у камандзіроўку, а маіх саслужыўцаў павезлі на Далёкі Усход… (Дарэчы, Рыгор Дзмітрыевіч мае пасведчанне ўдзельніка тылу, юбілейныя медалі. — С.А.)

— А я ж бедная была, сірата, — зазначае Надзея Іванаўна. — Без бацькі нарадзілася і маці не ведала. Яна без мужыка была, паехала сеяць штосьці. Там халоднай вады папіла, запаленне яе схапіла — яна і памерла. Яшчэ ў мяне сястра мелася. Але мяне, малую, пакінула ў Волме і паехала ў Мінск, завербавалася. Памерла ўжо, гадоў, мусіць, з дваццаць таму, я яе тут і пахавала. А тады так і жыла, адна хісталася. То адна цётка трохі глядзела, то другая. У прытулак чамусьці не аддалі. Цяжка было. Беднага ж хто любіць?! Толькі я, як аправілася, дык усіх работніц перамагла! Да вайны два гады вучылася ў мясцовай пачатковай школе. А тады, як вайна скончылася, зноў пайшла — з дзецьмі малымі. Дык нам, бальшухам, сорамна было. Трохі пабылі ды пакідалі. І — хто куды… Хто на торф паехаў, а я ўжо, як адна, дык тут была. За ракою ў Волме даўней каксагыз вырошчвалі. Мы гэтыя расліны «адуванамі» называлі, бо падобныя. Сеялі яго, апрацоўвалі, збіралі зерне на насенне… А яшчэ карані церабілі. Іх тады вазілі ў Пухавічы, каб гуму зрабіць. А адтуль нам давалі гумавыя боты. Ой, такія моцныя былі!

Вярнуўшыся з войска, Рыгор Горгун таксама ўладкаваўся на працу, але не ў калгас, а ў леспрамгас. Сучкарубам рабіў, пільшчыкам. Нягледзячы на цяжкую фізічную працу, хапала маладых сіл і задору на вясковыя вечарынкі, што ладзілі па хатах. Там і згледзеў прыгажуню Надзю Корзун. А яна не толькі шчырай працаўніцай была, але і спявачкай адмысловай. У свой час удзельнічала ў знакамітым Валмянскім хоры, беражліва захоўвае сапраўды ўнікальны яго фотаздымак.

— Даўней жа ў нас у Волме свой клуб быў, — тлумачыць Надзея Горгун. — Адам Корзун ім загадваў. Мы добра спявалі, цэлыя канцэрты ставілі. Нават Цітовіч нас слухаў!

Праца, вечарынкі, сустрэчы закаханых… Час ляцеў непрыкметна! Вось ужо і дзень рэгістрацыі шлюбу прызначаны — 14 лютага 1953 года. Зараз бы сказалі — у Дзень святога Валянціна. А тады пра гэтае свята і не чулі… Не мелася і яшчэ аднаго пазней абавязковага атрыбута, пра што зараз муж і жонка кажуць са шкадаваннем. Пярсцёнкаў заручальных не было як набыць. Так без іх і пражылі — шэсць дзесяцігоддзяў у ладзе і згодзе. Сапраўды, пярсцёнкі — не абавязкова паказчык таго, што шлюб будзе моцным. Галоўнае — адносіны ў сям’і, каханне, узаемапавага, а калі трэба, дык і шкадаванне, суперажыванне. Ну і, канешне ж, у горы і ў радасці — разам, адчуваючы падтрымку, плячо адно аднаго…

Распавядаючы пра ўласную беднасць і вяселле, прыгадвае Надзея Іванаўна і яшчэ адзін эпізод. Маўляў, сястра Рыгорава не дужа-то задаволена была братавым выбарам. Пыталася: «Як ты будзеш жыць?!» Але Рыгор Горгун праявіў цвёрдасць характару, сказаўшы: «Не ваша дзела!» І — прыйшоў у прымы да каханай Надзі — у хату, дзе сёлетнія юбіляры жывуць і зараз.

А яна, хата тая, цяпер сапраўды гістарычная каштоўнасць. Бо менавіта яна ў ліку трох ацалела падчас пажару, што адбыўся перад самай вайною.

— Ёй, мо, болей за 100 гадоў! — захоплена кажа гаспадар. — Я перасыпаў яе, як ёй было, падлічылі, 42 гады. А ўжо я жыву тут 60… Веранду прыбудаваў, лазню паставіў, склеп, хлеў…

Адпрацаваўшы пасля вяртання з войска ў леспрамгасе 11 гадоў, Рыгор Горгун перайшоў у Валмянскае лясніцтва — лесарубам. А пасля, каб пайсці на пенсію ў 55, на два гады вярнуўся ў леспрамгас. Атрымліваецца, усё працоўнае жыццё правёў у лесе…

Ну, а Надзея Іванаўна ўсё жыццё рабіла ў калгасе, 42 гады стажу мае. Яшчэ і пасля выхаду на пенсію шэсць гадоў дапамагала гаспадарцы. А дома гадавалі гаспадарку ўласную — дзве каровы, кабылу, свіней… Дарэчы, карову аддалі сыну ў Рудню Астравітую толькі два гады таму.

І зараз яшчэ гаспадыня сама садзіць грады, хаця і мае праблемы з вачыма. Аднак старая вясковая загартоўка не дае ўсядзець на месцы. Толькі вось жаночымі ўмельствамі — ткацтвам, вязаннем, вышываннем і шыццём — Надзея Іванаўна ўжо не займаецца. Хаця даўней не толькі ўсё ўмела, але і ўсё рабіла. Няшмат ужо можа рабіць і Рыгор Дзмітрыевіч. Але касой, зазначае, трохі махае. Сена накасіў сам — і ўнук дапамог бензакасой.

Як і ў большасці вясковых хатаў, у Горгунаў на бачным месцы — фотаздымкі. Праўда, цяпер у рамцы сярод набору даўнейшых трапляюцца і сучасныя. Але самы адметны здымак адразу ж кідаецца ў вочы — вясельны. Яму, як і шлюбу, — 61-ы год! Захоўваюць Рыгор Дзмітрыевіч і Надзея Іванаўна і пасведчанне аб шлюбе.

Выгадавалі гаспадары чацвярых дзяцей. На жаль, адзін з сыноў пайшоў ужо з жыцця. Засталося двое і старэйшая дачка Галіна, якая жыве ў Мінску, часта прыязджае ў бацькоўскую хату. Вось і падчас майго візіту я з ёю сустрэлася і пачула пяшчотныя словы ў адрас бацькоў. А яшчэ маюць сёлетнія юбіляры дзевяць унукаў і шасцёра праўнукаў. Таму і не сумна ў іх хаце, асабліва ўлетку і па выхадных.

Прыгадваючы сумеснае жыццё, ацэньваючы адносіны ў сям’і, Рыгор Дзмітрыевіч зазначае:

— Нармальна мы жывём, не сварымся.

— Так, калі што, пагаворым — і ўсё, — пацвярджае Надзея Іванаўна. — Муж у мяне не б’ецца, гарэлкі не п’е, не курыць… Паспрабуй яшчэ знайдзі такога на сяле!

— Залаты муж! — захапляюся.

— Залаты! — згаджаецца гаспадыня.

І пацвярджэнне сказанаму — шчырасць, дабрыня, замілаванне і каханне, якія свецяцца ў вачах гэтай сямейнай пары.

Дык жывіце, шаноўныя Рыгор Дзмітрыевіч і Надзея Іванаўна, у радасці і шчасці яшчэ доўга-доўга! Здароўя вам моцнага, дабрабыту і пабольш прыемных момантаў у жыцці.

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара і з сямейнага архіву Горгунаў

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *