Знарок не прыдумаеш

Общество

Марыя БЯЖАН, г.Чэрвень

СВЕЖАНІНА

Гэта здарылася ў вёсцы Пальчык. Майму брату спатрэбілася закалоць свінню — якраз пачаліся замаразкі. Жывёліна ўкормленая, пудоў на 12, ды надта наравістая, куслівая. Яе і карміць даводзіцца  з перасцярогай.

Сядзяць брат з суседам Віктарам, кураць. Лявон нагадвае, каго б паклікаць на дапамогу, удваіх са швагрусём ім не справіцца, а ён, Віктар, памочнік нікудышні — вядома, калека. Трэба сказаць, што гэтага чалавека жорстка пакалечыла вайна.  Ногі кепска служаць, ён неяк дзыгаецца на іх, нібы на рэсорах, абапіраючыся на тростку. Дык які ж гэта памочнік, калі нават не хадок. Адзінае вока і тое скасавуранае, другое — шкляное. Аднавяскоўцы ўзнагародзілі яго мянушкай “Маджэга”. Думаецца, не ад жорсткасці. Дужа дасціпны ён быў, у дадатак хвалько і несусветны манцель. Не цураўся і добра выпіць, асабліва на дурніцу. Цяпер, слухаючы Лявона, падбадзёрыўся,  не ў яго звычцы ўпусціць гэткую спакусу — напіцца да дурману ды пад свежанінку. Ён і кажа:

— А стрэльба ў мяне дзеля чаго? Я ж у былым снайпер, умомант зраблю свінні капут. Прыйдзе твой швагрусь, а красуня ўжо адпачывае. Усё астатняе — гэта ўжо ваш клопат.

Ранкам наступнага дня Лявон з Віктарам ужо ў хляве. Для натхнення распілі бутэльку самагону. Снайпер, скасавурыўшыся на свінню, жартуе:

— Мы не гэткіх паненак адольвалі, вось зараз пацалунак і дашлю.

Над агароджай насціл з жэрдак, на іх крыху саломы. Ён і кажа:

— Я зараз залезу на насціл, адтуль і распраўлюся. Дзеля чаго рызыкаваць?

— І то праўда, — згаджаецца Лявон.

Прыставілі лесвіцу, і наш снайпер паціху ўскарэлезаўся на насціл і ўлёгся. Свіння, мабыць, адчула пагрозу, а мо не падабаліся нязваныя госці. Яна нервова тапталася, насцярожана прыслухоўваючыся да шоргату саломы. А Віктар рассунуў жэрдкі, зручна ўладкаваў стрэльбу і заціх. Цяпер напружана чакаў, калі свіння супакоіцца ды прыпыніцца. У патрэбную хвіліну націснуў на курок — свіння ж вось, не прамажаш!  А тая бедалага з віскатам узнялася ўверх, зачапіла жэрдкі, і наш снайпер зваліўся на яе.  Перапалоханая жывёла ірванула на агароджу, паваліла яе і, нападдаўшы лычом Лявона, панеслася з хлява. Лявон адляцеў і гэбнуўся долу, нібы той куль саломы. Свіння імчала па двары, а на ёй, ушчаперыўшыся ў шчацінне, гарцаваў Маджэга. Змяніў, так сказаць, кваліфікацыю. Свіння тарпедай наляцела на плот і заваліла яго. Даёнка, якая вісела, узмыла ўверх і патрапіла на галаву “кавалерыста”, прадзеўшыся дужкай праз яе. Ашалеўшая ад жудасці свіння галопам імчала па вясковай вуліцы. Даёнка,  лязгаючы наезніка па спіне, дадавала жаху. І не дзіўна — гром стрэлу, пякучы боль у вуху (пацалунак снайпера). Далей нешта цяжкае і нязграбнае завалілася на спіну, ды сіпла і натужна сапучы заціскае бакі, ірве шчацінне (гэта я к таму, калі ўявіць сябе на месцы бедалагі свінні).

Невядома, колькі б гарцаваў “джыгіт”, калі б свіння не сустрэла перашкоду. Быў ранак выхадного дня, сяляне няспешна займаліся гаспадарчымі справамі. Пачуўшы адчайны віскат, які даносіўся з вуліцы, павыходзілі з падвор’яў.  Збіўшыся ў гурт, назіралі за незвычайнай з’явай. Свіння кідалася то ў адзін, то ў другі бок вуліцы, а на ёй нехта вассядаў. Ранак быў сонечным, таму ўзлятаючая даёнка з нержавейкі высвечвала блікамі. Калі “кавалерыя” наблізілася, жартаўлівая жанчына здзіўлена запыталася:

— І што гэта за лыцар высвечвае даспехамі ды брацае зброяй?

Выбух рогату, нібы той стрэл, вымусіў свінню зрабіць круты віраж. Наезнік не ўтрымаўся і зваліўся. Свіння, адчуўшы палёгку, імчала з падвоенай сілай, мінула сваё падвр’е і знікла ў лесе. Хата Лявона — крайняя, адразу ад яго агарода пачынаецца “Галае” балота, парослае нізкімі радкавымі хвоямі. выманіць адтуль свінню было нялёгкай справай — дапамагалі суседзі.

Паколькі гаспадар атрымаў вывіх пляча, свінні пашчасціла пажыць яшчэ нейкі тэрмін. Адзінае яе гора на той час — прастрэленае вуха, ды ўрок джыгітоўкі.

А вось снайперу зусім не пашчасціла. Да сваіх былых бед цяпер дадаў палом рэбраў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *