Зборнік казак “Залаты талер»

Общество

Сучасную беларускую дзіцячую літаратуру нельга ўявіць без Генадзя Аўласенкі, які жыве і працуе на Чэрвеньшчыне. Цыкл яго кніг пра неўтаймаванага Ветрыка з Вентылятара добра знаёмы чытачу ўсёй нашай краіны.

А напрыканцы мінулага 2012 года ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” пабачыў свет калектыўны зборнік казак “Залаты талер” (у серыі “Беларуская аўтарская казка”). Сярод аўтараў кнігі — Алег Аблажэй, Алена Бабурэвіч, Анатоль Бутэвіч, Наталля Бучынская, Станіслаў Валодзька, Пятро Васючэнка, Янка Галубовіч, Анатоль Зэкаў, Мікола Кандратаў, Уладзімір Мазго, Мікола Маляўка і іншыя паэты і празаікі.

З сваімі мастацкімі фантазіямі ў калектыўным зборніку выступае і Генадзь Аўласенка. Адна казка носіць назву “Тры раўчукі” — “Мінула зіма, лютая, халодная, і прыйшла ў лесе, нарэшце, вясна-прыгажуня. Прыгрэла згары цёплае веснавое сонейка, растапіла-разварушыла гурбы ды сумёты снегавыя. Прачнуліся пад снегам і жэўжыкі-раўчукі.

— Айда да рэчкі! — крыкнуў першы раўчук і пабег-пацёк хуценька ўбок рэчкі-невялічкі лясной. Бяжыць, спяшаецца… Глядзіць, а побач з ім ужо і другі раўчук імчыць.

— Ты куды, дружа, бяжыш-спяшаешся? — пытаецца ён у першага раўчука.

— Да рэчкі-невялічкі, што на ўскрайку лесу працякае, — адказвае першы раўчук. — А ты куды?

— І я да гэтай самай рэчкі! — кажа другі раўчук.— Пабеглі разам!

Бягуць раўчукі разам, сонейку веснавому радуюцца. Глядзяць, непадалёку ад іх трэці раўчук з-пад снегу выбіраецца.

— Айда з намі! — крычаць яму раўчукі. — Утрох нам куды лягчэй будзе да рэчкі-невялічкі дабрацца.

А вось ці паслухаўся іх трэці раўчук — пра гэта вы ўжо даведаецеся, прачытаўшы ўсю казку. І ў творы “Тры раўчукі”, і ў “Ганарлівай кветцы” пісьменнік выяўляе сябе назіральным мастаком слова, чуйным педагогам, тонкім псіхолагам у арганізацыі стасункаў юнага чытача з мастацкім творам.

Дарэчы, кнігу “Залаты талер” праілюстравалі юныя мастакі. А менавіта казку Генадзя Аўласенкі “Тры раўчукі” — Максім Шніп. Уражлівы тыраж у чарговага зборніка з серыі “Беларуская аўтарская казка” — 4 тысячы экзэмпляраў. Па сённяшнім часе, трэба заўважыць, сапраўды дастаткова ўражлівы тыраж.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *