ТУТ ЦІКАВА ДЗЕЦЯМ…

Общество

У тым, што ў Руднянскім сельскім Доме культуры школьнікаў вучаць бачыць прыгажосць вакол і ствараць яе ўласнымі рукамі, я ўпэўнілася, пабываўшы на занятках двух гурткоў, якія працуюць тут. І найперш кінулася ў вочы відавочная цікавасць дзяўчат да творчасці. Хаця хлопцы сюды прыходзяць таксама…

Акуратнасці, уседлівасці і, канешне ж, жадання вымагае ад юных наведвальнікаў гурток «Чароўнае проса», якім кіруе дырэктар Руднянскага СДК Галіна Зяневіч. Тэхніка, здаецца, зусім немудрагелістая: пасадзіць маленечкія «крупкі» ў контур малюнка на клей. А калі высахне — размаляваць гатовы выраб. Між іншым, нават назіраць за працэсам даволі цікава! Адразу ж хочацца паспрабаваць самой. І гатовыя малюнкі глядзяцца адмыслова. Вось толькі, кажа Галіна Антонаўна, не прыдумалі яшчэ, якімі рамкамі іх аздобіць, каб было і прыгожа, і грунтоўна, і бюджэтна…

Вядомы на Чэрвеньшчыне майстар Фелікс Высоцкі пачынаў прыахвочваць дзяцей да творчасці ў гуртку «Драўляная цацка». Але потым па шэрагу прычын вырашыў змяніць яго на «Чароўныя фарбы».

— Да мяне прыходзяць чалавек 18 ахвочых, — распавядае кіраўнік гуртка. —  І яшчэ ёсць жадаючыя. Дзеці пайшлі пасля таго, як я зрабіў мальберты, набыў фарбы… З гэтым дапамог сельгасфіліял «Агра-Бокс», які ўзяў над намі шэфства. Хлопцаў я планую прыахвоціць да мадэліравання. Але і ў гэтым выпадку раз на тыдзень яны будуць маляваць. Займаемся мы з аўторка па суботу. Прыемна, што ёсць некалькі дзяўчат, якія добра адчуваюць акварэль — досыць складаную тэхніку. Гэта — Ульяна Шумко, Надзя Жыгімонт, Таня Ляпёшка… Думаю, яны будуць маляваць, і добра. А ў прынцыпе, талент ёсць ва ўсіх, толькі яго трэба развіваць. Але нельга ж развіваць аднымі словамі… Трэба, каб была фарба, папера. Каб займаліся, малявалі. Спадзяюся, усё паціху асвоім. А ў планах… Плануем адчыніць гурток «Шашкі, шахматы»… Набыць вялікі экран, каб можна было майстар-клас паказваць. Каб паглядзець, як малюецца прырода, і параўнаць з ёю жывою…

Апрача гурткоў дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, у Руднянскім сельскім Доме культуры, як патлумачыла дырэктар Галіна Зяневіч, ёсць яшчэ вакальна-інструментальны і эстрадны. Над імі апякуюцца акампаніятар Сяргей Копаць і мастацкі кіраўнік Андрэй Хурсевіч. Самадзейныя артысты ўдзельнічаюць у раённых святах, ладзяць мерапрыемствы для мясцовых жыхароў, ездзяць з выступленнямі да калег з суседніх вёсак. А саліст Андрэй Хурсевіч знайшоў ужо траіх дарослых аднадумцаў, з якіх сабраўся… цэлы ансамбль!

Так што ў Руднянскім СДК можна знайсці сабе занятак да душы. Было б жаданне…

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *