«Школа, бывай!»

Общество

Гэта яшчэ не канчатковае развітанне са школай — свята апошняга званка. Наперадзе — хвалюючыя выпускныя іспыты і адна з галоўных падзей у жыцці адзінаццацікласнікаў — выпускны баль. Але час паміж гэтымі дзвюма ўрачыстасцямі звычайна пралятае незаўважна. І чамусьці менавіта ў гэтыя дні выпускнікам так хочацца як мага даўжэй не развітвацца з роднай школай, дзе столькі ўсяго адбылося за гады вучобы, і са сваімі настаўнікамі. Таму не будзем прыспешваць час і мы, а затрымаемся на падзеях гэтага чацвярга, калі ва ўсіх навучальных установах Чэрвеньшчыны для дзевяцікласнікаў і адзінаццацікласнікаў празвінеў традыцыйны апошні званок.

Як заўсёды, цёплым і кранальным, усмешлівым і перажывальным, сумным і радасным адначасова выдалася свята ў Руднянскай сярэдняй школе. На яго завіталі госці, бацькі, родныя выпускнікоў, каб палюбавацца на іх — такіх дарослых, святочна апранутых, урачыста-ўзнёслых. І традыцыйна ўвага была скіравана найперш на адзінаццацікласнікаў, якіх сёлета тут — 12, і іх класнага кіраўніка, педагога з вялікім стажам Раісу Аляксандраўну Шамрыла. Кранальныя ўступныя словы вядучых Хрысціны Кайрыс і Аляксандра Лугоўскага — і вось ужо ўдзельнікі свята вітаюць іх, галоўных герояў, якія з’яўляюцца на ганку школы, а затым робяць круг гонару.

Тут, ля будынка навучальнай установы, і ў той жа час — на ўлонні прыроды, шмат гучала прыемных слоў і пажаданняў выпускнікам, іх бацькам, педагогам — з вуснаў дырэктара школы Алы Уладзіміраўны Міралевіч, начальніка фінансавага аддзела райвыканкама, колішняй выпускніцы гэтай навучальнай установы Таццяны Міхайлаўны Бушкевіч, старшыні Руднянскага сельвыканкама Мікалая Канстанцінавіча Нахамчыка, мамы адзінаццацікласніцы Паліны Людмілы Паўлаўны Запрудскай… Усе яны, апрача здароўя, шчасця, радасці, удачы, зычылі выпускнікам знайсці сваю сцяжынку ў жыцці і выбраць такую прафесію, якая б прыносіла задавальненне.

Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ірына Казіміраўна Самбук зачытала загады аб пераводзе вучняў школы ў наступны клас, допуску да іспытаў. Разам з дырэктарам школы Алай Уладзіміраўнай Міралевіч яна ўручыла ўдзячныя лісты добрым вучням і актывістам, падзякі іх бацькам.

Першакласнікі прывіталі выпускнікоў вершамі, уручылі ім падарункі. І… нечакана атрымалі падарункі таксама — футбольныя мячы ад Белаграпрамбанка, у рамках акцыі «Падары дзіцяці футбольны мяч!». Вершаванымі радкамі падзякавалі педагогам адзінаццацікласнікі. Яны таксама падрыхтавалі падарункі. Роднай школе — насценны гадзіннік, сваім настаўнікам — жартоўныя «атэстаты аб паспяховым заканчэнні дзейнасці ў асабліва небяспечных умовах — за мужнасць, доблесць, гераізм, настойлівасць і ўпартасць у адзінаццацігадовай працы», а ўсім прысутным — песню ў выкананні выпускніцы Надзеі Дзюк.

Відаць, кожны з дарослых, якія прысутнічалі на свяце апошняга званка, у гэтыя моманты прыгадваў свае школьныя гады. І спрыяла гэтаму, апрача ўсяго іншага, колішняя парадная школьная форма дзяўчат-выпускніц — добра прызабытыя, але такія родныя карычневыя сукенкі і белыя фартушкі.

Жартоўнымі наказамі абмяняліся выпускнікі сённяшнія і будучыя — дзесяцікласнікі. З вуснаў адзінаццацікласнікаў прагучала нават клятва школе! А вось і доўгачаканае сімвалічнае дзейства — апошні школьны званок 2013 года. Яго дае вучаніца першага класа Сашанька Ерахавец, седзячы на надзейным плячы выпускніка Паўла Ляпёшкі. Высока-высока плыве серабрысты перазвон. А на вачах многіх дзяцей і дарослых — слёзы… І яны набягаюць зноў і зноў — калі адзінаццацікласнікі, загадаўшы жаданні, дружна выпускаюць у чысцютка-ўсмешлівае блакітнае неба рознакаляровыя паветраныя шарыкі, а затым кружацца ў вальсе.

… Урачыстасць заканчваецца, а прыемныя моманты дня — доўжацца. Чаго вартая толькі цэлая фотасесія, зладжаная для выпускнікоў Руднянскай школы іх бацькамі і педагогамі! І якія ж яны ўсмешлівыя і прыгожыя — гэтыя ўчарашнія дзеці, заўтрашнія дарослыя! І якія шчаслівыя…

 

Святлана АДАМОВІЧ. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *