ПАКАЗЧЫКІ ГАЗАВЫХ ЛІЧЫЛЬНІКАЎ ПРЫМАЮЦЦА ПА ТРОХ НУМАРАХ ТЭЛЕФОНАЎ

Общество

У «Раённым весніку» за 25 мая наш няштатны аўтар са Смілавічаў Іван Ярашэвіч агучыў праблему тамтэйшых жыхароў, а таксама і некаторых жыхароў Чэрвеня, з якой апошнія перыядычна звяртаюцца ў рэдакцыю. Маўляў, зараз, каб заплаціць за выкарыстаны газ па лічыльніку, трэба штомесяц у перыяд з 20-га па 1-е чысло тэлефанаваць у Чэрвеньскі цэх прыроднага і звадкаванага газу. А нумар 2-46-36 ці заняты, ці не адгукаецца. І людзі вымушаны некалькі дзён запар марнаваць свой час, каб дазваніцца. Навошта такія непрадуманыя новаўвядзенні-эксперыменты?

Гэты ліст мы накіравалі на рэагаванне начальніку Чэрвеньскага цэха прыроднага і звадкаванага газу Рыгору ВАРАНЬКО і атрымалі наступны адказ:

«У заключаным паміж УП «Мінскаблгаз» і юрыдычнай асобай дагаворы на пастаўку прыроднага газу ў пункце 3.3.2 чытаем:

«Пры наяўнасці бытавога газавага лічыльніка аплата за спажыты прыродны газ робіцца па яго паказчыках у бягучым месяцы за месяц мінулы. Пры гэтым колькасць выкарыстанага газу вызначаецца як розніца паміж паказаннямі бытавога газавага лічыльніка на 1-е чысло бягучага месяца і 1-е чысло папярэдняга месяца (месяца, за які робіцца аплата). Кошт газу вызначаецца памнажэннем колькасці спажытага за месяц газу па паказаннях бытавога газавага лічыльніка на кошт аднаго кубаметра газу па цане, якая дзейнічае на гэты час. Штомесяц, пачынаючы з 20-га чысла, і да заканчэння месяца Спажывец павінен паведаміць паказанні прыбора ўліку газу на заканчэнне месяца».

Кожны абанент перад пускам газу ў дамавы газаправод заключае дагавор, які ўважліва чытае і ставіць свой подпіс.

У Чэрвеньскім цэху прыроднага і звадкаванага газу з укараненнем дыферэнцыраванага тарыфу з 20-га па 1-е чысло кожнага месяца два кантралёры працуюць у дыспетчарскім рэжыме і па тэлефонах 2-46-36 і 5-46-36 з 8.00 да 12.00 і з 13.00 да 17.00 прымаюць званкі ад абанентаў. Дыспетчарская служба, якая працуе кругласутачна, у вышэйназваны перыяд таксама прымае званкі па тэлефоне 2-43-47. Пра гэта мы двойчы паведамлялі ў аб’явах праз газету «Раённы веснік». Таксама кіраўніцтва «Слуцкміжрайгазу» прапрацоўвае пытанне аб адначасовай аплаце за прыродны газ за мінулы месяц і падачы паказанняў на момант аплаты за бягучы месяц з 20-га па 1-е чысло».

 

АД РЭДАКЦЫІ:

Здаецца, усё зразумела. Ёсць пункт дзеючай дамовы і ёсць пэўная колькасць абанентаў, якія павінны за ўказаны перыяд патэлефанаваць на любы з трох нумароў і паведаміць паказчыкі. Іншая справа, як усё атрымліваецца на практыцы. Чым, уласна кажучы, і заклапочаны ўладальнікі бытавых газавых лічыльнікаў. Яны сцвярджаюць, што дазвоньвацца даводзіцца сапраўды доўга. Застаецца спадзявацца, што кіраўніцтва «Слуцкміжрайгазу» знойдзе спосаб зрабіць сістэму аплаты больш зручнай для спажыўцоў. Зрэшты, як вядома, па гэтым жа прынцыпе працуе і Чэрвеньскі камунгас, куды па тэлефоне штомесяц у вызначаны перыяд трэба паведамляць паказчыкі лічыльнікаў на ваду, якія змесцяць затым за справаздачны месяц у «жыроўцы» разам з коштам.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *