Гістарычны каляндар Чэрвеньшчыны. Чэрвень

Общество

Чэрвень 1708 года. Паўночная вайна закранае Ігуменшчыну. Праз горад праходзяць шведскія войскі на чале з каралём Карлам ХІІ.

З чэрвеня 1795 года ў Ігуменскім павеце быў адменены мытны збор, які браўся памешчыкамі з купцоў, што праязджалі праз іх уладанні.

16 чэрвеня 1834 года ў в.Дудзічы былога Ігуменскага павета нарадзіўся беларускі этнограф, гісторык, эканаміст і пісьменнік Аляксандр Карлавіч Ельскі.

22 чэрвеня 1863 года, падчас паўстання пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага, было складзена «Прадпісанне Мінскага ваеннага губернатара Забалоцкага аб перадачы прыбыўшых з г.Ігумена ў г.Мінск палоных пастанцаў і ўсіх сведчанняў аб іх  у Мінскую следучую па палітычных справах камісію.»

4 чэрвеня 1872 года ад сардэчнага прыступу ў Варшаве памёр беларускі і польскі кампазітар Станіслаў Манюшка.

8 чэрвеня 1875 года пры Смілавіцкай Свята-Троіцкай царкве свяшчэннікам Сімяонам Нячаевым была адчынена нядзельная школа.

29 чэрвеня 1888 года быў складзены пратакол будаўнічага аддзялення Мінскага губернскага праўлення «Аб зацвярджэнні праекта на будову мылаварнага завода пры мястэчку Смілавічы Ігуменскага павета».

11 чэрвеня 1889 года быў складзены пратакол будаўнічага аддзялення Мінскага губернскага праўлення аб ухваленні праекта на ўстройства крухмальнага завода ў мястэчку Смілавічы Ігуменскага павета.

8 чэрвеня 1920 года партызанскі атрад, які дзейнічаў у Ігуменскім павеце, распачаў бой з атрадам палякаў у колькасці 400 чалавек, абяззброіў і перабіў іх.

15 чэрвеня 1920 года нарадзіўся Леў Мікалаевіч Міхіевіч, адзіны ў нашым раёне поўны кавалер ордэна Славы трох ступеняў, ураджэнец в.Рэчкі Лядзенскага сельсавета.

1 чэрвеня 1928 года пры дзіцячай кансультацыі  арганізавана кансультацыя для цяжарных жанчын.

16 чэрвеня 1941 года Лідзія Сяргееўна Кацько, ураджэнка в.Мяжніца Дамавіцкага сельсавета, якая знаходзілася на агентурнай рабоце ў Польшчы, перадала данясенне ў Цэнтр, у якім паведамляла аб пачатку Вялікай Айчыннай вайны, нават указала мяркуемую дату пачатку ваенных дзеянняў.

22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчыная вайна.

26 чэрвеня 1941 года паблізу г.Чэрвеня ва ўрочышчы Цягельня была расстраляна калона палітычных вязняў (больш 4 000 чалавек). У ей былі людзі розных нацыянальнасцяў: беларусы, літоўцы, палякі, рускія.

14 чэрвеня 1942 года ў Аляксандраўскім лесе на працягу 8 часоў 45 хвілін боя партызаны адбілі 21 атаку карнікаў. Атрадам камандаваў ураджэнец в.Нежаўка камісар атрада Знак Пётр Іванавіч.

Чэрвень 1942 года арганізаваны партызанскі атрад імя К.Я.Варашылава.

Чэрвень 1943 года — арганізаваны партызанскія атрады імя Суворава, імя Калініна, імя Чапаева.

У чэрвені 1944 года былі знішчаны разам з часткай жыхароў вёскі Ваўкавыск, Гарадзішча, Кутузаўка, Луніца нашага раёна. Вёскі адноўлены пасля вайны.

28 чэрвеня 1944 года выйшаў апошні нумар падпольнай газеты «Чэрвеньскі партызан».

15 чэрвеня 1954 года ў в.Згурск Чэрвеньскага раёна нарадзіўся беларускі фалькларыст, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Іван Іванавіч Крук.

 

(Па матэрыялах

Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея)



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *