Акцэнт на інавацыі

Общество

У Смілавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы кожны навучальны год праводзяцца метадычныя тыдні спецыяльных і агульнаадукацыйных дысцыплін. Па сутнасці — гэта справаздача выкладчыка перад калегамі, адміністрацыяй аб укараненні ў навучальна-выхаваўчы працэс новых методык, дасягненняў сельскагаспадарчай навукі, перадавой вытворчасці, творчых пошуках, развіцці ў навучэнцаў інтэлектуальнага патэнцыялу, іх магчымасцей.

Сёлета яны былі скіраваны на агучванне інавацый. Асаблівая ўвага звярталася і на прафесіянальную арыентацыю, распаўсюджванне інфармацыі аб навучальнай установе. Тыдні таксама былі накіраваны на ажыццяўленне адзінай метадычнай мэты, прынятай на жнівеньскім педагагічным савеце. Непасрэдна падрыхтоўкай і правядзеннем  тыдняў займаліся камісіі спецыяльных і агульнаадукацыйных прадметаў пад кіраўніцтвам метадыстаў Ліліі Леанідаўны Нікіцінай і Рэгіны Францаўны Крумкач.

Тыдні прайшлі на высокім узроўні. На першым этапе іх правядзення выкладчыкі  прадставілі метадычныя распрацоўкі па пэўных тэмах.

Створаныя Таццянай Яўгенаўнай Брэчка рабочыя сшыткі для выканання лабараторных і практычных заняткаў па анатоміі і фізіялогіі сельскагаспадарчых жывёл прайшлі рэцэнзіраванне і рэкамендаваны для выдання. Яна ж асвяціла свой вопыт выкарыстання электронных тэстаў па навучальнай практыцы. Свае падыходы ў вывучэнні тэмы “Органы мочааддзялення жывёл” абагульніў Аляксандр Барысавіч Зянько.

Выкладчык Надзея Уладзіміраўна Бяжок падзялілася асабістымі метадычнымі набыткамі ў правядзенні віктарын “Што? Дзе? Калі?” па штучнаму асемяненню жывёл і птушак.

Аб выкарыстанні актыўных формаў і інавацыйных тэхналогій расказалі ў сваіх распрацоўках педагогі Ларыса Канстанцінаўна Варанкова, Наталля Мікалаеўна Аношка, Генадзь Віктаравіч Ісаевіч.

Вялікую цікавасць выклікалі рэкамендацыі па ўкараненню актыўных формаў навучання і выхавання. Галіна Яўгенаўна Ігнаценка, Віталій Аляксандравіч Нікіцін звярнулі ўвагу выкладчыкаў на эфектыўнасць вусных часопісаў. Іх калега Аляксандр Барысавіч Зянько падрабязна асвяціў вопыт правядзення гульняў “Шчаслівы выпадак” па прадмету “Анатомія і фізіялогія сельскагаспадарчых жывёл”.

У час правядзення тыдняў з поля зроку не выпадалі шляхі рашэнняў праблем выхавання, інавацыйных падыходаў у гэтай найважнейшай справе. Выкладчыкі Алена Мікалаеўна Маслак, Святлана Анатольеўна Занько на падставе ўласнага вопыту правядзення куратарскай гадзіны “Інтэрнэт: карысць ці шкода?” стварылі сапраўдны метадычны дапаможнік для ўсіх куратараў каледжа.

Пазакласная дзейнасць па прадмету знайшла сваё ўвасабленне ў метадычцы Алы  Уладзіміраўны Власікавай “Ядавітыя расліны”, якая выклікала ў выкладчыкаў асаблівую цікавасць.

Затым аўтары метадычных распрацовак дэманстравалі свой вопыт у дзеянні: праводзілі адкрытыя заняткі, куратарскія гадзіны, пасяджэнні гурткоў, пазакласныя мерапрыемствы.

Уразіў калег адкрыты ўрок па тэме “ Пухліны ў сельскагаспадарчых жывёл” выкладчыка Раісы Мікалаеўны Леванцэвіч. Падчас яго правядзення яна выкарыстала інфармацыйныя тэхналогіі, інтэрактыўныя метады навучання пры паўторы пройдзенага матэрыялу і замацаванні новых ведаў.

Сваю методыку выкарыстання актыўных формаў навучання, інавацыйных тэхналогій пры вывучэнні анатоміі і фізіялогіі жывёл раскрыла выкладчык Таццяна Яўгенаўна Брэчка.

Шмат карыснага ўзялі для сябе калегі з вопыту правядзення алімпіяд па ветэрынарнай хірургіі выкладчыкам Андрэем Аляксандравічам Лысым, гульняў па анатоміі і фізіялогіі жывёл выкладчыкам Аляксандрам Барысавічам Зянько, вуснага часопісу Галіны Яўгенаўны Ігнаценка, якія шырока выкарыстоўвалі такія метады, як дыспут, мазгавы штурм.

Ірына Уладзіміраўна Іванюціна і Віктар Мікалаевіч Патапенка на прыкладзе правядзення альманаха “Незвычайнае ў свеце сабак” прадэманстравалі калегам сваю арыгінальную методыку ажыццяўлення пазакласнай дзейнасці.

Асабліва чакалі калегі адкрытай куратарскай  гадзіны Алены Мікалаеўны Маслак і Святланы Анатольеўны Занько. Іх надзеі ўбачыць арыгінальныя методыкі спраўдзіліся.

У дыспуце аб інтэрнэце ўдзельнічалі не толькі навучэнцы, але і  прысутныя педагогі, якіх таксама запалілі  дзеянні вядучых. Вельмі ўмела выкарыстоўваліся прэзентацыі, карысныя магчымасці “павуціны”.

Акрамя вышэй апісаных мерапрыемстваў, было прадэманстравана шмат плакатаў, інфармацыйных бюлетэняў, малюнкаў навучэнцаў, красвордаў, насценгазет і іншых інфармацыйна-выхаваўчых выяўленчых матэрыялаў. Навучэнцы наведалі свае вёскі і распаўсюджвалі інфармацыйныя лісткі аб каледжы.

Па выніках правядзення метадычных тыдняў адбыўся педагагічны савет “Вопыт інавацыйнай дзейнасці выкладчыкаў у рамках цыклавых камісій”. Дырэктар Тамара Канстанцінаўна Сень падкрэсліла: “Тыдні маюць вялікую карысць. Яны вучаць. З іх дапамогай адкрываюцца напрацоўкі аднаго педагога для ўсіх.  Але ж яны не павінны ператварацца ў самамэту — тыдзень дзеля тыдня. Без укаранення новага мы не зможам рухацца наперад, павышаць якасць падрыхтоўкі спецыялістаў у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі”.

Іван ЯРАШЭВІЧ,

г.п. Смілавічы

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *