Завітаў у каледж тэатр «“Зніч”

Общество

У Смілавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы не толькі вучаць моладзь спецыяльнасці, але і выхоўваюць у яе духоўнасць, гонар за родную гісторыю, культуру.

Менавіта з гэтай мэтай па даручэнню дырэктара Тамары Канстанцінаўны Сень выкладчыца мовы і літаратуры Наталля Аляксандраўна Мойса запрасіла ў навучальную ўстанову Беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра “Зніч”. Артысты Вячаслаў Статкевіч і Аляксандр Шундрык выканалі музычна-паэтычны спектакль на вершы Максіма Багдановіча “У краіне светлай, дзе я ўміраю…”

У самым пачатку інсцэніроўкі выканаўцы падкрэслілі сувязь М.Багдановіча з Ігуменшчынай, тым самым засяродзілі асаблівую ўвагу слухачоў. На музыку І.Лучанка, Ул.Мулявіна, С.Рак-Міхайлоўскага, Р.Самохіна, І.Паліводы, М.Шаглова-Куліковіча, І.Раманьчука, А.Шундрыка яны праспявалі самыя вядомыя творы паэта. Напружанне драматургіі стварала хуткая змена настрояў, рытмаў, песняў. Яны здолелі раскрыць у творчасці паэта каханне да Радзімы, жанчыны, паэзіі, прагу жыцця. Акцёры прачыталі слухачам своеасаблівае паэтычнае Евангеліе М.Багдановіча. Неаднаразова ў зале гучалі апладысменты.

Прыгожа, сардэчна, шчыра, з адценнямі гучала родная мова — артысты здолелі зачараваць ёю навучэнцаў, далучыць да вытокаў нашага мастацтва.

Варта адзначыць і такую вельмі добрую асаблівасць прадстаўлення. Выкананне ішло без мікрафонаў, узмацняльнай апаратуры і іншай тэхнікі, якая нярэдка глушыць слухачоў. Гучаў жывы, чысты голас выканаўцаў. І гэта цешыла, натхняла публіку — вельмі рэдка зараз можна пачуць такія спевы. Слухачы былі ўзяты ў палон майстэрствам акцёраў.

Пасля заканчэння спектакля Вячаслаў Статкевіч і Аляксандр Шундрык пад гармонік праспявалі народныя прыпеўкі.

Майстроў сцэны праводзілі гарачымі апладысментамі.

 

Іван ЯРАШЭВІЧ,

г.п. Смілавічы

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *