ЗА МАЙСТРЫХАЙ СЛЕДАМ «ПЕРАЕХАЛА» ГАЗЕТА!

Общество

З адмысловай майстрыхай, вышывальшчыцай ды вязальшчыцай Надзеяй Пятроўнай Пячухінай мы колькі гадоў таму пазнаёміліся ў Горках, дзе яна была частай госцяй у мясцовым сельскім Доме фальклору. Тады ж і даведаліся, што жанчына — наша даўняя падпісчыца. А зараз Надзея Пятроўна жыве ў сваёй дачкі Галіны ў Чэрвені — у прыватнай хаце непадалёк ад рэдакцыі. І што цікава — наша газета «пераехала» за ёй следам!

— Я не магу без «раёнкі»! — жвава ўсклікае жанчына. — Вось трэба мне яе чытаць — і ўсё! А колькі гадоў выпісваю, дык, мусіць, і не падлічу… Многа…

Бывае, што побач з ёй у гэтыя хвіліны прыстройваецца і праўнучка Настачка. Але пакуль яшчэ газету, вядома, не чытае, а цікавіцца мяккімі цацкамі…

З задавальненнем бывае ў гэтай хаце паштарка Святлана Бабук — колішняя пераможца раённага працоўнага спаборніцтва «Лепшы па прафесіі» і рэдакцыйнага конкурсу «Раённы веснік» — у кожны дом». За 11 гадоў працы ўжо вывучыла ўсіх сваіх падпісчыкаў. І ведае, што каб сагітаваць новых, трэба людзей зацікавіць, у тым ліку і падчас асабістых стасункаў.

Святлана Іванаўна прыносіць газеты ды паштовыя адпраўленні ў некалькі арганізацый, у тым ліку — у райвыканкам, у хаты на завулку Чапаева, «імянных» вуліцах М.Зяневіча, М.Багдановіча, К.Заслонава, Л.Шамецькі, на Лугавой… Так неўпрыкмет амаль і да Натальеўска даходзіць. 131 «раёнка» ў сераду і суботу, апрача ўсяго іншага, месціцца ў яе паштарскай сумцы.

А прафесія ёй падабаецца таму, што кожны дзень нават на даўно вядомым маршруце можна ўбачыць ці пачуць штосьці новае, адметнае… Колькі цікавых людзей сустракаецца, колькі займальных размоў адбываецца! А яшчэ Святлана Бабук упэўнена, што паштальён павінен быць… рамантыкам. Тады і кіламетры дарог у любое надвор’е пададуцца лягчэйшымі ды карацейшымі…

 

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *