Вольга Васільеўна ЕФІМЕНКА: «АМАЛЬ ШТОНОЧ ПРА ВУЧНЯЎ БАЧУ СНЫ…»

Общество

Настаўнікі пакідаюць свой след у жыцці кожнага вучня, і гэта бясспрэчная ісціна. Хтосьці памятаецца дабрынёй, хтосьці — вясёлым характарам… Прафесіяналізмам, улюбёнасцю ў прадмет, строгасцю, чуласцю… Да таго ж, настаўнікі сапраўды не бываюць былымі. Такая ўжо гэта прафесія, якая накладае адбітак на жыццё кожнага прадстаўніка.

У поўнай меры ацаніць усё, укладзенае педагогамі, дзіця можа, толькі стаўшы дарослым. Але ў штодзённай мітусні не заўсёды ў колішняга школьніка знойдзецца час, каб падзякаваць за ўсё сваім педагогам. Нават у прафесійнае свята. І ўсё ж мы памятаем вас, дарагія настаўнікі, паважаем, цэнім, любім…

Калі ўжо ў дарослым жыцці даведваешся пра некаторыя асаблівасці біяграфіі сваіх выкладчыкаў, задумваешся: мо, каб ведаў раней, па-іншаму ставіўся б да іх?

Колішнюю настаўніцу матэматыкі Вольгу Васільеўну Ефіменка ведае не адно пакаленне жыхароў Чэрвеньшчыны. Гэта і мая выкладчыца. Строгая, але справядлівая, вельмі моцны прадметнік. І нават зараз, праз столькі гадоў на заслужаным адпачынку, са сваім любімым прадметам яна не развітваецца. У школе мы яе, па шчырасці, пабойваліся. Але — паважалі і прызнавалі меркаванні бясспрэчнымі. І толькі зараз, завітаўшы ў госці і пагутарыўшы, я даведалася, якім нялёгкім і няпростым было яе жыццё… Не назавеш яго лёгкім і зараз: з-за хваробы Вольга Васільеўна ўжо некалькі гадоў практычна не выходзіць з хаты. І ўсё, што застаецца, — гэта ўспаміны, стасункі з роднымі, сваякамі, колішнімі вучнямі — па тэлефоне і асабіста. Ды яшчэ — матэматыка…

— Вольга Васільеўна, у наш час неяк не прынята было цікавіцца асабістым жыццём сваіх настаўнікаў. Таму нават не ведаю, дзе Вы, напрыклад, нарадзіліся…

— На Украіне — у Харкаве.  Мой тата — беларус, ураджэнец Магілёўшчыны. Іх два браты было. Бацька сямейства — селянін, каваль. І вось яго брат жыў у Харкаве. Таму мой тата паехаў туды вучыцца.

Напачатку скончыў чыгуначны інстытут. Пачаў працаваць. Каб пракладаць чыгунку, трэба ведаць грунт. А спецыялістаў, лічы, няма. Вось і вымушаны быў пайсці ў геадэзічны інстытут. Але заканчваў вячэрняе аддзяленне, бо да таго часу ажаніўся, трэба было працаваць, карміць сям’ю.

Ён разумны быў. Яго паставілі галоўным інжынерам, затым — памочнікам дырэктара канструктарскага бюро. Хутка прасоўваўся па службовай лесвіцы. А тут — 37-ы год…

Тата там быў самым маладым, 35 усяго. Яго з-за зайздрасці абгаварылі — і выслалі на Далёкі Усход. Усё іх канструктарскае бюро. Засталася маці адна з дзецьмі — са мной і сястрой. З кватэры адразу ж выгналі — сям’я ворага народа. Мяне забраў татаў брат у Беларусь, а сястру пазней — мамін брат, які жыў таксама ў Харкаве.

Калі я чытаю зараз пра ваенны час і бачу словы «Двойчы прыгавораная», не магу стрымаць слёз. Так балюча, бо гэта і пра маю маму. Яе фашысты расстралялі разам з іншымі за два тыдні да вызвалення. Але — толькі паранілі ў галаву. Яна змагла выпаўзці з ямы і дабрацца да кватэры, дзе жыла з малой, маёй сястрой. А суседка працавала на немцаў і данесла, што мама вярнулася. Мамачку забралі — і павесілі. Так яе не стала ў 29 гадоў…

— А ці вядомы лёс таты?

— Яго выслалі ў Магадан, на залатыя прыіскі. А там таксама трэба было пракладаць чыгунку. І ён яе праектаваў. Расказваў пасля, што выратавалі два дыпломы. А так… Людзей пачкамі расстрэльвалі. Тату пашчасціла ацалець.

У абвінавачванні напісалі, што ён здрадзіў Радзіме. Пазней тата казаў: «Які ж я здраднік?! Начамі вучыўся. Быў у ліку першых інжынераў. А працаваў як! Будавалі Харкаўскі трактарны завод. Трэба было 12 шматпавярховак знесці, каб пракласці дарогу. А я спраектаваў — і знеслі толькі чатыры. Працаваў ад душы, а мяне здраднікам зрабілі. Крыўдна да слёз…»

Дзесяць гадоў адсядзеў мой тата. Скончыўся тэрмін, а замены яму, як спецыялісту, няма… Дык яшчэ два гады там працаваў. Вайна скончылася, а ён не ведаў, што жонкі няма ў жывых, што я гадуюся ў сям’і яго брата ў Беларусі. А брат яго памёр у самым пачатку вайны. Я засталася з яго жонкай, якая мяне ўдачарыла.

Калі тата пасля адбыцця тэрміну вярнуўся на Украіну, яму не дазволілі там жыць, на пяць гадоў яшчэ заставаўся неўязным. Уладкаваўся ў разведвальную партыю ў Іванава. Неяк выклікаюць яго ў ЦК у 50-х гадах і кажуць: «Васіль Якаўлевіч, Вы прабачце, як высветлілася па новых абставінах, Вы не вінаваты…» Тата расказваў: «У мяне так слёзы з вачэй і пасыпаліся…»

Выдалі яму дакументы аб рэабілітацыі. І ён дажыў да дзевяноста на Украіне. Такі лёс…

— Дык а Вас-то ён як знайшоў?!

— Напісаў брату ў Беларусь. І мы яму пачалі пісаць. Што яго брат памёр, я тут жыву… А дзе мая малодшая сястра, мы не ведалі. Аказваецца, яе выратавалі суседзі. Калі нашу маму немцы забіралі, малая гуляла на вуліцы з дзецьмі. Суседзі яе схавалі і перадалі мамінаму брату. У таго было двое дзетак, і яе выхаваў.

А я засталася ў гэтай сям’і — з жонкай татавага брата. Я яе мамай называла. А ў яе сваіх чацвёра дзяцей было, я — пятая. Мама непісьменная, у калгасе працавала. Казала: «Крокамі памераю зробленае… Я сярпом зжала болей, а суседка меней. Толькі ёй больш напісалі, а я ж праверыць не магу…» Крыўдавала. І вырашыла, што ўсіх дзяцей вывучыць, чаго б гэта ні каштавала. Прала, ткала, кароў даіла, свіней карміла… І вывучыла! Дарэчы, мае браты з гэтай сям’і былі на вайне, і сястра-ўрач — таксама.

— І кім жа сталі яе дзеці?!

— Старэйшая дачка — заслужаны ўрач. Адзін з сыноў стаў самым маладым доктарам навук, членам-карэспандэнтам Акадэміі навук.  У свой час падрыхтаваў 19 кандыдатаў і 8 дактароў навук. На вайне быў тройчы паранены. Другая сястра скончыла Нархоз, працавала бухгалтарам. Меншы брат прайшоў усю вайну. А як атрымалася… Скончыў сем класаў — і паехаў у ФЗН у Ленінград. А тут — вайна. Яны з сябрам вырашылі ўцячы на фронт. І вось яны, скажам, сёння збеглі, а назаўтра ўсіх з ФЗН вывозяць у тыл. Пагрузіліся на параход. А тут наляцелі немцы, разбамбілі — і ўсе загінулі. Толькі яны ўдвух ацалелі. Блукалі, галодныя, але дабраліся да фронту. Брат скончыў курсы шафёраў. Усю вайну прайшоў — і ні разу не быў паранены. Таксама лёс… Вось падвозяць праз Ладагу прадукты. Перад ім машына — пад лёд, у яго машыны снарадам кузаў зносіць, а ён — жывы. Вярнуўшыся, працаваў у камсамоле. Там жа сустрэўся з тым сябрам выпадкова, з якім падчас вайны згубіўся…

— Вольга Васільеўна, а чаму Вы абралі настаўніцкую прафесію?

— Увогуле, у мяне была мара — вывучыцца за ўрача. Так хацелася! Але тая сястра, якая — заслужаны ўрач, казала: «Оля! Не ідзі! Ты любіш спаць. А ўрачу трэба, як што, і ноччу ўставаць». А калі я ў дзяцінстве гуляла з дзецьмі, неяк усе мяне слухаліся. Скажу: «У лес» — і ўсе ідуць за мною. Брат раіў: «У цябе ёсць настаўніцкія здольнасці. Ідзі ў педінстытут!»  І я адразу паступіла, хаця конкурс быў вялікі.

— А ў школе матэматыку любілі?

— Ды я яе любіла, здаецца, ад нараджэння! Гэта па жыцці — маё захапленне. Магла рашаць любыя задачы. Дапамагчы ж не было каму, мама замест роспісу крыжык ставіла. Навучылася яна чытаць толькі калі ўнук пайшоў у першы клас. Пражыла да дзевяноста гадоў — і чытала. Гэта пасля зрок аслабеў. Яна ж і дажывала свой век тут, са мной, у Чэрвені. Адзінае, памятаю, магла патлумачыць, што такое дзесяціна, грыўна. Гэта ж зараз — даведнікі, інтэрнэт, а тады асабліва не было дзе шукаць…

— Атрымліваецца, што Вы па тату пайшлі…

— Так, штосьці ёсць. Сыны мае таксама лепш матэматыку ведалі. Аднаго з іх няма ўжо… Гляджу — і ўнуку падабаецца матэматыка.  А інфарматыка — і ўвогуле любімы прадмет.

— А як Вы, Вольга Васільеўна, з мужам пазнаёміліся?

— А мы на Слаўгарадчыне жылі ў суседніх вёсках. Больш за тое! Мы з Лёнем з аднаго роду, і не ведалі. Дзесьці пра-пра-пра…бабулі ў нас аднолькавыя. У іх сярэдняя школа была побач, за кіламетр, а наша сямігодка — за пяць. Мы скончылі яе — і пайшлі туды ў восьмы клас. Лёня вучыўся ў дзявятым. Тады і пасябравалі.

Пасля заканчэння школы ў ВНУ ён вучыўся пяць гадоў, а я — чатыры. Зразумела, што і ў Мінску сустракаліся. У агульнай складанасці — сем гадоў! Распісаліся ж толькі перад заканчэннем вучобы, каб нас разам накіравалі на працу. Мужа — ляснічым, а мяне — настаўніцай у адну і тую ж вёску на Старадарожчыне. Сямнаццаць гадоў мы там адпрацавалі. У мяне першы выпуск быў у 1957 годзе. Атрымліваецца, што першыя выпускнікі — 1940 года нараджэння. Дык ім зараз — па 72-73 гады!

— Што Вам найбольш памятаецца з таго часу?

— Шмат чаго… У першыя гады маёй працы адну палову хаты займалі мы з мужам, а ў другой месцілася лясніцтва. Насупраць жыў ляснік. Жонка ў яго памерла, адзін гадаваў дачку. Яна так дрэнна вучылася, што засталася на другі год.  І — трапіла да мяне ў клас.  Што яна ўбачыла ўва мне, не ведаю. Але так ёй матэматыка пачала падабацца! Аж вочкі гарэлі! Тата яе ўсё дзівіўся: «Сядзіць, задачы рашае, сама…» І гэтая Валя так узялася за вучобу! Скончыла школу на «выдатна» — з медалём. І сказала: «Буду толькі матэматыкам!» І вывучылася.

Калі ж я пасля ўжо ў яе запыталася, што так паўплывала, яна адказала: «Менавіта Ваш прыклад. Мне падабалася, як Вы сябе паводзіце з дзецьмі, размаўляеце, тлумачыце…»

— Вольга Васільеўна, ці можаце прыгадаць выпадак павучальны?

— Памятаю, пры новым дырэктары гэта было. Прыходжу я ў дзясяты клас. А вучні не ведаюць, што такое класная гадзіна, палітінфармацыя. Сабраліся — і дахаты. З урокаў уцякалі. Ці на ўроках на апошніх партах у «марскі бой» гулялі, у карты. Чую толькі: «Туз!», «Дама!». Падыду — цішыня. Толькі адыдуся — тое ж самае. Я ўзяла і выгнала траіх з класа! А гэта заўважыў дырэктар. Закончыўся ўрок, ён мяне выклікае і пытаецца:

— Вольга Васільеўна, чаму падчас урока вучні хадзілі па школе і перашкаджалі іншым?

Кажу:

— Ну не магу нічога з імі зрабіць! Такія хуліганістыя…

— Я з імі пагутару. Але калі яшчэ раз убачу выгнанага вучня, выганю Вас…

Гэта быў для мяне ўрок на ўсё жыццё. Больш ніколі не выганяла. А размовы тады дырэктару не дапамаглі. І ён разабраўся з імі па-мужчынску. Хаця сам паступіў непедагагічна, затое хуліганы папрасілі ў мяне прабачэння. Больш гульняў і ўцёкаў з урокаў не было.

— А як Вы трапілі на Чэрвеньшчыну?

— Мужа сюды перавялі — дырэктарам лясгаса. Напачатку накіроўвалі ў Слуцк, але там не было жылля. А ў нас двое дзяцей, мама, нас двое… Плюс карова, плюс машына. Паспрабуй знайдзі хату з гаражом і хлявом. А на гэтую, у Чэрвені, мы памяняліся. Так і апынуліся тут. Сорак гадоў ужо ў Чэрвені.

— І Вы адразу ў СШ №2 прыйшлі?

— Не. Напачатку і тут месца было. Суседка-гісторык прапанавала пайсці ў першую школу. А затым ужо, праз некалькі гадоў, перайшла ў другую. Адтуль і на пенсію пайшла.

— І Ваш агульны стаж?

— 40 гадоў 1 месяц і 3 дні.

Дакладна падлічыла. Увогуле, лічыць люблю. Вось неяк прыгадвала, колькі вучняў прайшло праз мае рукі. Атрымалася — больш за 2 тысячы.

У Залужжы, дзе я спачатку працавала, былі дзве выкладчыцы з настаўніцкай адукацыяй, а я — з вышэйшай. Яны давядуць да сёмага класа, а мне 8-10 аддаюць. Кожны год — выпуск. Гэта цяжка было. А тут, у Чэрвені, узяла з чацвёртага класа — і да дзясятага давяла. Выпускаў шмат было. Цяпер шкадую, што не вяла запісаў. Цікава было б даведацца пра лёс кожнага. Хаця некаторыя воляй-няволяй «усплываюць».

Вельмі многія сталі настаўнікамі, звязалі свой лёс з матэматыкай, працавалі ў ССНУ і ВНУ, займалі высокія пасады. Калі б пра кожнага распавесці… Мне толькі рэдкую ноч мае вучні не сняцца…

— Не шкадуеце, што абралі справай жыцця матэматыку?

— Не, ніколькі! Яна мне і зараз падабаецца. Люблю разгадваць судоку. Дзеці мне купляюць кніжачкі з імі. Дык я некаторыя па пяць разоў разгадваю…

— Вольга Васільеўна, я ніколі не забываюся, што пачаткам сваіх публікацый пра нашага касманаўта, майго аднакласніка Алега Навіцкага я абавязана Вашаму тэлефанаванню. А раскажыце, калі ласка, як ён прыходзіў да Вас тады, у 2008-ым…

— Алега я вучыла з чацвёртага па дзясяты клас. І вось на дваццацігоддзе выпуску ён прыйшоў да мяне разам з Аняй Камінскай, Усавым, Харытонавым… Сядзім, размаўляем. Аня і кажа:

— Вольга Васільеўна, вось Вы спытайцеся, дзе наш Алег!

Кажу:

— Ну, дзесьці ж ён працуе…

— Ён жыве ў Зорным гарадку, рыхтуецца стаць касманаўтам!

Ну, я і пачала распытваць. Асабліва дзівілася з таго, што ў старэйшых класах ён, аказваецца, штораніцы бегаў за гармату. І ні разу не спазніўся на ўрокі, а матэматыка ж часта першай была. Сем гадоў я вучыла Навіцкага — і ні разу не чула ад яго дрэннага слова, зневажання кагосьці. Выхаваны, стрыманы, мэтанакіраваны. Матэматыку ніколі не спісваў, усё сам. Іншы раз падыдзе ціхенька, спытаецца. Ніколі не падманваў.

Мяне ўражвае яго настойлівасць. Вось паставіў мэту — і дасягнуў! Вельмі імпануе яго выхаванасць. І ў гэтым заслуга бацькоў. Па-добраму зайздрошчу яго маці…

Размаўлялі мы тады з вучнямі доўга. А калі яны сабраліся адыходзіць, я пажадала ім усяго добрага — на працы, у сем’ях. А Алегу Навіцкаму асобна — даслужыцца да генерала. Сказала:

— Я ўжо, можа, гэтага не застану, але спадзяюся, што твае аднакласнікі цябе павіншуюць.

А ён так засаромеўся:

— Ой, што Вы, Вольга Васільеўна…

Ну вось, гляджу — палкоўнік ужо…

… Мы яшчэ шмат пра што размаўлялі з Вольгай Васільеўнай Ефіменка. І яе аповед пра жыццё склаў бы не адзін таўшчэзны том. Абагульняючы сказанае, яна зазначыла, што ў ёй цячэ кроў трох братніх народаў — беларусаў, рускіх і ўкраінцаў. Вось такое братэрскае яднанне ў межах адной сям’і. І ўсе вехі гісторыі прайшліся па яе лёсу…

Моцнага Вам здароўя, шаноўная Вольга Васільеўна! І дзякуй за навуку — ад імя ўсіх Вашых вучняў!

Святлана АДАМОВІЧ

Фота з архіву Вольгі Васільеўны ЕФІМЕНКА

На здымках:

— у СШ №2 г.Чэрвеня;

— з мужам і унукам.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *