Тут выхоўваюць пераможцаў

Спорт

У мінулым годзе, 25 снежня, Смілавіцкі філіял Чэрвеньскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы Алімпійскага рэзерву адзначыў сваё пяцігоддзе. На ўсіх адззяленнях — на лёгкай атлетыцы, футболе, самба і дзюдо — займаюцца 112 хлопчыкаў і дзяўчынак. Сярод іх ёсць пераможцы і прызёры еўрапейскіх, рэспубліканскіх і абласных спаборніцтваў, міжнародных сустрэч — Дзяніс Чэрнік, Алег Сахончык, Сяргей Гарашын, Аляксей Семіжон, Дзяніс Бачыла, Максім Аўдзічук, Ілья Сянкевіч, Вячаслаў Лемяшэвіч, Дзмітрый Ільюшонак, Іван Андрончык, Павел Помас,  Аляксей Нупрэйчык, Аляксандр Валчок, Уладзіслаў Пінькевіч, Павел Лепеш, Яўген Сідак, Дзяніс Ісаенка, Нікіта Лазоўскі, Ілья Курлянчык, Ягор Трыпуз і многія іншыя. Наведваюць філіял Чэрвеньскай спартыўнай школы спартсмены і проста прыхільнікі здаровага ладу жыцця як са Смілавічаў і найбліжэйшых вёсак, так і з суседняга, Смалявіцкага, раёна: трэнер Ігар Лісоўскі, лепшы ў раёне работнік фізічнай культуры і спорту ў 2011 годзе)  набраў групу па дзюдо, у склад якой уваходзяць смалявіцкія дзеці.

Пра тое, як вырасціць пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў, распавядае загадчыца філіяла

Марына САЛАЎЧУК:

Аднымі з асноўных задач дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы з’яўляюцца падрыхтоўка спартыўнага рэзерву і перадача спартсменаў у вышэйшае звяно — у вучылішчы алімпійскага рэзерву, цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі і г.д. Такім чынам, мы стаім на пачатковым этапе падрыхтоўкі алімпійскіх чэмпіёнаў.

У школу набіраем дзяцей, якія не маюць медыцынскіх супрацьпаказанняў, каб займацца спортам. Звычайна, на працягу першага месяца заняткаў, дзеці пачынаюць разумець, гэта іх справа ці не. У групу пачатковай падрыхтоўкі набіраем усіх жадаючых. Пакуль яны вучацца ў 1-4 класах сярэдняй школы, спорт іх крыху дысцыплінуе.

Па нарматывах, футболам можна займацца з 6 гадоў, лёгкай атлетыкай — з 9, барацьбой — з 10. Раней пачынаць нельга з-за медыцынскіх паказчыкаў. Калі навучэнец праяўляе сябе ў спорце (выступае на спаборніцтвах, добра сябе там рэкамендуе), то яго перадаюць у вышэйшае звяно.

На аддзяленне футбола ходзяць толькі хлопчыкі. У планах развіваць жаночы футбол. У лёгкай атлетыцы дзяўчынак і хлопчыкаў пароўну. На самба-дзюдо прыйшлі некалькі дзяўчынак.

Акрамя падрыхтоўкі алімпійскага рэзерву, мы аказваем і платныя паслугі ў сферы фізічнай культуры — більярд, настольны тэніс, вучым арабскаму танцу, аэробіцы і інш. Летам карыстаецца попытам пракат турыстычнага інвентара — палатак, спальных мяшкоў, матрацаў і інш., зімой — канькоў, лыж.

Дзяцей і юнакоў зацікавіць спортам не так лёгка. Магчыма, частка адказнасці за тое ляжыць на бацьках. Яны павінны дапамагаць дзецям, якія жадаюць пайсці ў спорт. Таксама важна знайсці свайго трэнера, якому можна даверыцца, расказаць у тым ліку і пра асабістыя праблемы. У нас трэніруюць дзяцей Віктар Кожыч і Ігар Лісоўскі (самба, дзюдо), Ірына Мальчукова і Ірына Паўлюкевіч (лёгкая атлетыка), Аляксандр Янушкевіч (футбол). Ірына Мальчукова і Віктар Кожыч маюць першую катэгорыю, Ігар Лісоўскі і Ірына Паўлюкевіч працуюць па сумяшчальніцтву, яны выкладчыкі фізвыхавання ў ліцэі і школе.

Чатыры гады запар смілавіцкая каманда ўдзельнічае ў рэспубліканскіх спаборніцтвах на прызы алімпійскіх чэмпіёнаў. У яе склад уваходзяць у асноўным дзеці дашкольнага ўзросту. Яны неаднаразова станавіліся пераможцамі. На эстафету іх выводзіў алімпійскі чэмпіён па прыжках у вышыню Генадзь Аўдзеенка.

Многія з тых, хто змагаўся за прызы алімпійскіх чэмпіёнаў, зараз займаюцца на аддзяленні лёгкай атлетыкі. Прыкладам таму — мая васьмігадовая дачка Аліна. Яна тройчы ўдзельнічала ў спаборніцтвах на прызы алімпійскіх чэмпіёнаў, першы раз — у 3,5 гады, пасля пачала займацца лёгкай атлетыкай.

18 мая работнікі фізічнай культуры і спорту адзначаюць прафесійнае свята. Віншую іх з гэтай нагоды і жадаю ім здароўя, новых дасягненняў, а трэнерам яшчэ і здольных выхаванцаў. Асобныя словы падзякі — начальніку аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Ігару Філічонку за дапамогу ў развіцці спорту ў Смілавічах.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *