СВЯТКУЙМА РАЗАМ З НАМІ, ШАНОЎНЫЯ СЯБРЫ!

Общество

5 мая – Дзень друку.

Так атрымалася, што сёлетняе светлае свята Вялікадня супала з яшчэ адным урачыстым днём, пра які хацелася б распавесці асобна. Гэта прафесійнае свята журналістаў і друкароў Беларусі — Дзень друку. І яно ж — добрая нагода, каб падсумаваць зробленае, падзякаваць усім, хто разам з намі напаўняе «Раённы веснік» інфармацыйнай разнастайнасцю, робіць газету цікавай і змястоўнай, самай папулярнай на Чэрвеньшчыне сярод іншых друкаваных выданняў, у літаральным сэнсе дае ёй жыццё, суправаджае ад друкарскага станка да вашых хатаў і кватэр, шаноўныя чытачы, а таксама да ўстаноў, прадпрыемстваў, арганізацый…

Нам, безумоўна, вельмі прыемна, што чэрвеньскую «раёнку» ведаюць ужо далёка за межамі раёна. А дзякуючы сайту газеты cherven.by, з публікацыямі знаёмяцца, без перабольшання, у многіх краінах свету. І — дасылаюць водгукі. З дапамогай інтэрнэту, электроннай пошты некаторыя з іх чытаў нават у космасе (!) наш зямляк, трэці беларускі касманаўт, ураджэнец Чэрвеня Алег НАВІЦКІ. І ён жа дасылаў з Міжнароднай касмічнай станцыі прывітанне і віншаванні землякам, уласныя фотаздымкі. Так што, можна сказаць, «Раённы веснік» выйшаў на касмічны ўзровень! Дзякуем шаноўнаму Алегу Віктаравічу за супрацоўніцтва і з нецярплівасцю чакаем у Чэрвені!

Вельмі прыемна, што касмічная тэма дала штуршок да творчага супрацоўніцтва Чэрвеньшчыны з Берасцейшчынай — радзімай першага беларускага касманаўта Пятра Клімука. І сёння мы з прыемнасцю ўзгадваем шчырую зацікаўленасць асобай Алега Навіцкага, а таксама нашай газетай, яе публікацыямі, аўтарамі журналіста, аўтара творчага праекта «Мы і 21 век», сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі шаноўнага Мікалая Васільевіча ПАНАСЮКА з Брэста. Дзякуючы яму «Раённы веснік» зараз выпісваюць, чытаюць і жыва абмяркоўваюць у гэтым абласным горадзе. А тамтэйшыя паэты прысвячаюць Алегу Навіцкаму свае вершы, дасылаюць іх у «раёнку». Дарэчы, няўрымслівы Мікалай Панасюк выдаў ужо і другі буклет пра нашага касманаўта — пад назвай «Чакай нас, любая Зямля!» З надыходзячым святам Вас, шаноўны Мікалай Васільевіч! Шчыра зычым Вам моцнага здароўя, аптымізму, новых творчых знаходак, паспяховай рэалізацыі цікавых праектаў, задавальнення ад зробленага!

Мы ўдзячны ўсім сваім неабыякавым чытачам, якія дасылаюць у рэдакцыю лісты — папяровыя альбо электронныя. Яны розныя — вясёлыя і сумныя, інфармацыйныя, праблемныя, удзячныя, жартоўныя…Большасць іх цалкам альбо ў скароце з’яўляецца на старонках «раёнкі». Ну, а з праблемамі стараемся дапамагчы, накіроўваем такія лісты на рэагаванне адказным асобам.

Напярэдадні прафесійнага свята нам прыемна назваць прозвішчы найбольш актыўных няштатных аўтараў «Раённага весніка» — даўніх і новых, чые творчасць, роздум, назіральнасць, актыўная жыццёвая пазіцыя, занатаваная ў адметных матэрыялах, вершах і прозе, робяць газету цікавай, насычанай і разнастайнай.

Сёння мы сардэчна дзякуем за супрацоўніцтва Івану ЯРАШЭВІЧУ з г.п.Смілавічы, Пятру САКАВУ з в.Ведрыца, Наталлі СІВАК з в.Заполле, Уладзіміру ШУЛЯКОЎСКАМУ і Ганне ДУЛЕБА з Мінска, складальніку красвордаў Уладзіміру ІВАШКЕВІЧУ з Віцебска, Раісе ВЕРАЦІЛА з в.Жураўкавічы, Таццяне ЖДАНОВІЧ і Рэгіне ШАЛУПЕНКА з в.Рэчкі, Уладзіміру ДАРАГУЖУ, Марыі БЯЖАН, Раісе ЦЕРАШОНАК, Валерыю ЗАХАРАВУ, Зінаідзе КАЛТОВІЧ, Тамары ЗАБАЎСКАЙ з Чэрвеня, ураджэнцы в.Мяжніца Паліне ІЎЧЫК, мастацкаму кіраўніку Горкаўскага сельскага Дома фальклору Галіне ВОРНІК ды іншым.

Асобная падзяка — усім удзельнікам адноўленага жартоўнага конкурсу чытачоў «Што б гэта значыла?», чые дасціпныя гумарыстычныя вершаваныя радкі выклікаюць шчыры бесклапотны смех. А гэта, як вядома, падаўжае жыццё…

Даволі часта чытачы «раёнкі» дзякуюць за афіцыйна-інфармацыйныя матэрыялы з розных устаноў, арганізацый, ведамстваў, у якіх шмат што тлумачыцца, паведамляецца. І тут таксама ў нас ёсць актыўныя аўтары, якім мы ўдзячны. Гэта супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Міхаіл УТКІН, Дзмітрый ПАЛІЎКА, Дзмітрый ТУР, Сяргей БУГЛАК, Чэрвеньскага РАУС — Аляксей ПРАТАПОВІЧ, Аляксандр СЕМЧАНКА, Ігар ШЫМАНСКІ, Руслан ПРАКАПОВІЧ, Сяргей КАЧАНОВІЧ, Андрэй МІРАНОВІЧ, Аляксандр ІВАШКЕВІЧ, Сяргей ШАЛЯПІН, суда Чэрвеньскага раёна — Алена ЛЫЧКОЎСКАЯ, пракуратуры — Аляксандр ШАБАЛІНСКІ, раённага Савета ветэранаў — Іван ЛАДУЦЬКА, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва — Людміла ШАРКОВА, Святлана АНОШКА, аддзела адукацыі райвыканкама — Ларыса АСАНОВІЧ, Анжэла РЫМАШЭЎСКАЯ, Вольга ЛОСІК, Юлія МУРАШКА, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі — Мікалай ЛОЙКА, Наталля СЕВЯРЫН, Вольга АЛЯХНО, Наталля ТАРНАПОЛЬСКАЯ, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама — Людміла АРМАНУ, Інэса СЕМЧАНКА, аддзела ідэалагічнай работы — Ларыса ЕФІМЕНКА, Марына ПАТАПЕНКА, лясгаса — Жанна ЧАРНАВЕЦ, раённага краязнаўчага музея — Алена ЗАБАРОНАК, Ірына ВАБІШЧЭВІЧ, Станіслава БАРКОЎСКАЯ, цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы — Людміла ВОЙЦІК, Алена МАТВЕЕВА, Святлана ЖДАНОВІЧ, Наталля МАЛАНКА, РК прафсаюза работнікаў АПК — Тамара САКАЛОЎСКАЯ, аддзела па справах моладзі — Таццяна НАГОРНАЯ, школы мастацтваў — Васіль КАПЦЕЛАЎ, ДТСААФ — Дзмітрый БАЙКО, Іван ШТАХУРА, Асводу — Васіль ЛАДУЦЬКА, Энерганагляду — Дзмітрый КАМІНСКІ ды іншыя. На жаль, не маем магчымасці пералічыць усіх-усіх… Але ўсім вам, шаноўныя, — шчырая ўдзячнасць ад супрацоўнікаў рэдакцыі!

І, канешне ж, самыя сардэчныя віншаванні і ўдзячныя словы — супрацоўнікам Чэрвеньскай друкарні, дзякуючы якім «Раённы веснік» два разы на тыдзень «з’яўляецца на свет» у папяровым варыянце. Зычым сваім калегам і «суседзям» творчых поспехаў і бясхмарных, беспраблемных працоўных дзён!

Шчырая падзяка чэрвеньскім паштавікам — супрацоўнікам раённага вузла паштовай сувязі, усім паштальёнам, аператарам, начальнікам аддзяленняў сувязі, якія рэкламуюць і распаўсюджваюць «раёнку», нясуць і вязуць яе вам, нашы шаноўныя падпісчыкі. У любое надвор’е, на любую адлегласць, у самыя аддаленыя куточкі Чэрвеньшчыны. Іх нястомная праца прыносіць свае прыемныя вынікі — павелічэнне тыражу «Раённага весніка». Так, на май гэтая прыбаўка склала 75 асобнікаў. І зараз наклад «раёнкі» ў сераду — 4.829, у суботу — 5.029 экземпляраў. Пабольш вам сонечных дзён у жыцці, паважаныя, лёгкіх дарог, цікавых сустрэч, годнага заробку і ўсіх даброт!

Падсумоўваючы зробленае, мы заўсёды шчыра радуемся, што «раёнка» стала для многіх нашых актыўных няштатных аўтараў, колішніх школьнікаў, першай прыступкай, з якой пачаўся шлях у журналісцкую прафесію. Сёння яны — нашы калегі, якія працуюць у друкаваных выданнях рэспублікі, на радыё і тэлебачанні… А на змену ім прыходзяць новыя юныя аўтары, і працэс творчай падрыхтоўкі кадраў на базе нашай рэдакцыі — не спыняецца…

Дарэчы, неўзабаве, 7 мая, будзе адзначацца яшчэ адно прафесійнае свята — Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі. Шчыра віншуем усіх, хто яго святкуе!

Ну, а заўтра мы, супрацоўнікі рэдакцыі, будзем прымаць віншаванні з прафесійным святам і — віншаваць з ім самі, асабіста. Сёння ж, падсумоўваючы ўсё сказанае, робім гэта са старонак «раёнкі». Усіх-усіх нашых няштатных аўтараў, калег, друкароў, паштавікоў і вас, шаноўныя чытачы, — з надыходзячым Днём друку! Здароўя моцнага, шчасця найвялікшага, радасці штодзённай, дабрабыту трывалага, творчасці, новых адметных публікацый, удачы і шанцавання! Святкуйма разам з намі, шаноўныя сябры!

 

Са шчырасцю —

калектыў рэдакцыі газеты «Раённы веснік»

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *