«Правільна пастаўленая мэта — 50 працэнтаў поспеху

Спорт

Трэнерская кар’ера Ірыны Мальчуковай у лёгкай атлетыцы налічвае 24 гады. У яе займалася знакамітая паралімпійская чэмпіёнка Людміла Валчок, якая наведвала Чэрвеньскую спартыўную школу, калі яшчэ не было Смілавіцкага філіяла, трэніравалася на базе сярэдняй школы №2. Зараз былыя выхаванцы Ірыны Мальчуковай прыводзяць у лёгкую атлетыку сваіх дзяцей.

А захапленне спортам у яе пачалося… з гульні ў дваровы футбол разам са старэйшым братам Юрыем. У 4-м класе запісалася  ў спартыўную школу на лёгкую атлетыку і канькабежны спорт — і пачаліся трэніроўкі. Дзякуючы педагогам — Аляксандру Пятровічу Шыдлоўскаму і Таццяне Уладзіміраўне Лічыкавай — дабілася першага дарослага разраду па прыжках у вышыню. Гэты было перад заканчэннем сярэдняй школы.

— У інстытуце фізічнай культуры былі цудоўныя выкладчыкі, — зазначае яна, — трэнер-практык  Анатоль Аляксеевіч Майструк і куратар, які «падкаваў» у тэорыі, Рэм Нікіфаравіч Крашаніннікаў. За 4 гады навучання яны многае дапамаглі засвоіць. Аляксандр Шыдлоўскі, Таццяна Лічыкава, Анатоль Майструк і Рэм Крашаніннікаў — гэта педагогі, якія былі ў маім спартыўным жыцці і каторым я шчыра ўдзячная.

Трэнерская кар’ера Ірыны Мальчуковай пачалася пасля інстытута, размеркавання ў Чэрвеньскую спартыўную школу. Многія яе былыя выхаванцы і сёння ў спорце — Эдуард Нежавец, інструктар-метадыст Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту, Анатоль Бурак, выкладчык Акадэміі фізічнай культуры, Кацярына Шыдлоўская, педагог  фізічнай культуры ў каледжы. Апошняя выканала нарматыў кандыдата ў майстры спорту ў бегу на 100 метраў падчас вучобы ў школе, у 9 класе. Пасля яна перайшла ў вышэйшае звяно. У спартыўнай Акадэміі Кацярына Шыдлоўская выканала нарматыў майстра спорту ў эстафетным бегу.

Сёння Ірына Мальчукова трэніруе дзяцей, для якіх пакуль — па ўзросту — мала спаборніцтваў, на якіх можна паказаць сябе, і няма абласных стартаў. Аднак і сярод маленькіх ёсць чэмпіёны — пераможцы нацыянальнага фестывалю бегу «Языльская дзясятка». Гэта Аліна Салаўчук, неаднаразовая яго пераможца, Максім Шастак, Павел Клімовіч, Саша Валчок, Данііл Леванцэвіч, Матвей Голуб.

12 гадоў назад у Смілавічах зарадзілася спартыўная традыцыя — штогадовы Калядны турнір, на які запрашаюць каманды з вобласці.  Адметнае ў ім тое, что ў праграме значыцца бег для дашкалят. Калі на першы старт выйшлі 3 дзіцяці, то на сёлетні — 9. Бацькі малых аматараў бегу чулі пра спаборніцтва і прыводзяць на яго дзяцей: на будучыню, каб трэнер ацаніў перспектывы ў спорце. Спонсары турніру — былыя выхаванцы спартыўнай школы, у прыватнасці, Святлана і Ілона Усовічы.

— Перад адказнымі стартамі імкнемся настроіць дзяцей на перамогу, — дзеліцца трэнерскім вопытам  Ірына. — Правільна пастаўленая мэта і перакананне спартсмена, што ён мацнейшы за іншых, — гэта 50 працэнтаў поспеху. Словы «ты адзін з лепшых, ты зможаш, мы верам у цябе» моцна стымулююць. Сёння я трэнірую маленькіх дзяцей, бачу іх перспектывы: яны «гараць» спортам. Калі твой выхаванец выязджае ў складзе абласной каманды на рэспубліку — гэта дарагога каштуе. Летась на такі ўзровень выйшаў Марк Міненка. Зараз плануем у пяты раз прайсці эстафету падчас спаборніцтваў на прызы алімпійскіх чэмпіёнаў і «падтрымаць марку» — зноў узяць першае месца. Стартуем 7 чэрвеня.

Сняжана КАЎГАРЭНЯ. Фота аўтара

На здымку:

Максім Андрончык, Яўген Сідак, Ірына Мальчукова, Максім Мацюк, Дзяніс Ісаенка.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *