І ЗНОЎКУ «МАЙСКІ ВАЛЬС» АДЗНАЧЫЎ ТВОРЧЫХ ЧЭРВЕНЬЦАЎ…

Общество

10-11 мая ў Мар’інай Горцы адбыўся традыцыйны рэгіянальны фестываль песні і музыкі «Майскі вальс» на прыз кампазітара Ігара Лучанка. Яго заснавальнікамі з’яўляюцца Пухавіцкі райвыканкам і Саюз кампазітараў Рэспублікі Беларусь. Кожны з заяўленых удзельнікаў — творчы калектыў альбо асобны выканаўца — павінен быў прадставіць на суд журы два творы, адзін з якіх — Ігара Лучанка.

У свой час «Раённы веснік» распавядаў, што летась на гэтым конкурсе ў адной з намінацый трэцяе месца заняў вядомы ў нашым раёне і далёка за яго межамі гурт «Чэрвеньскія балагуры» пад кіраўніцтвам выкладчыка школы мастацтваў Андрэя Каленіка. І вось — новыя поспехі творчых людзей Чэрвеньшчыны.

Як паведаміла нашаму карэспандэнту мастацкі кіраўнік народнага ансамбля народнай песні «Вербніца» Таццяна Правасуд, яе калектыў у сваёй намінацыі заняў другое месца, а саліст Андрэй Каленік у сваёй — першае!

— З усіх песень Ігара Лучанка мы выбралі задорную, імклівую «Польку беларускую», — зазначыла Таццяна Правасуд. — А харэограф Наталля Бялевіч, якую мы папрасілі нам дапамагчы, зрабіла яе пастаноўку. Наколькі можна меркаваць па рэакцыі добразычлівай залы, усім выступленне спадабалася. Нас так падтрымлівалі, такія авацыі былі! І гэта пры тым, што мы не ўласна польку танцавалі, а рабілі пастаноўку на аснове хуткай хады. Дзякуючы Наталлі Бялевіч усё разам глядзелася цікава. Яна так прыдумала, што мы не стаялі паўкругам, як звычайна, а занялі ўсю сцэну.

«Вербніца» выступала ў складзе дзесяці жанчын і шасці мужчын. Адразу ж у самым пачатку мелодыі на сцэну літаральна выляталі шэсць пар. Ды і чатыры жанчыны без пары таксама гарманічна ўвайшлі ў задумку харэографа.

Ну, а другую песню ўзялі, так бы мовіць, абкатаную, з якой і на тэлебачанні выступалі, — «Грачанікі». Праўда, саліст Павел Давідоўскі на той час меў праблемы са здароўем, але Андрэй Каленік усё ж прывёз яго ў Мар’іну Горку, і наша шоу, як ацанілі тады на тэлебачанні выступленне, адбылося. Бо ніхто б так не сыграў і не спеў, як Паша…

Дык вось, думаю, мы і выдзеліліся, магчыма, не вакалам, бо ў гэтым плане ўсе народныя ансамблі — удзельнікі конкурсу — былі прыкладна роўнымі, а менавіта тэатралізацыяй. Прыемна. Нас узнагародзілі Дыпломам другой ступні і грашовай прэміяй у памеры 2 мільёнаў рублёў…

Андрэй Каленік -- уладальнік Дыплома першай ступені рэгіянальнага фестывалю песні і музыкі "Майскі вальс" на прыз кампазітара-земляка Ігара Лучанка

Калі летась «раёнка» распавядала пра поспех «Чэрвеньскіх балагураў», Андрэй Каленік, ацэньваючы выступленне гурту, сказаў літаральна наступнае: «Месца добрае, але лепшага хочацца заўсёды». І тое лепшае прыйшло да яго сёлета — у выглядзе персанальнага Дыплома першай ступені — «за высокі ўзровень выканаўчага майстэрства і творчы ўклад у развіццё песеннай і музычнай культуры» — і прэміі ў памеры 3 мільёнаў рублёў.

— Гэтым разам я спяваў песню Ігара Лучанка «Памяць сэрца», — патлумачыў Андрэй Каленік, — і «Балеро». Акампанавала мне калега, выкладчыца школы мастацтваў Любоў Доліч. Так атрымалася, што я яе прывёз на конкурс літаральна з бальніцы. Але ўсё для нас склалася спрыяльна. Як саліст у конкурсе такога кшталту я ўдзельнічаў упершыню. Канешне, вельмі радасна, што заняў першае месца…

Шчыра віншуем Андрэя Каленіка, народны ансамбль народнай песні «Вербніца» і яго мастацкага кіраўніка Таццяну Правасуд з поспехам і зычым новых перамог і новых творчых вышынь!

Святлана АДАМОВІЧ

Фота Таццяны ПРАВАСУД, Святланы АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *