ЗНАЁМІЛІСЯ ШКОЛЬНІКІ З ПРАФЕСІЯМІ…

Общество

З 4-га па 29 сакавіка на Чэрвеньшчыне ладзіўся месячнік прафарыентацыі. У яго рамках 14 сакавіка вучаніц дзявятых і адзінаццатых класаў гімназіі №1, трох гарадскіх школ г.Чэрвеня і дзвюх — г.п.Смілавічы запрасілі на экскурсіі «Знаёмім з прафесіяй» у яслі-сад №1 г.Чэрвеня і №2 г.п.Смілавічы.

Дзяўчат пазнаёмілі з прафесіямі выхавальніка, музычнага кіраўніка, дэфектолага. Школьніцы змаглі знайсці адказы на многія пытанні: «Якая функцыя выхавальніка ў сучасным свеце?», «Ці запатрабаваная гэтая прафесія сёння?», «Якімі якасцямі павінен валодаць выхавальнік?», «Ці гатова я звязаць сваё жыццё з педагогікай?» і г.д.

19 сакавіка на базе СШ №4 г.Чэрвеня ладзіўся раённы семінар «Куды пайсці вучыцца?», у якім узялі ўдзел 111 будучых выпускнікоў з гарадскіх школ і гімназіі, Новазелянкоўскай, Хутарскай, Грабёнскай і Руднянскай устаноў адукацыі.

На сустрэчу з імі прыехалі прадстаўнікі Беларускіх дзяржаўных універсітэтаў — эканамічнага, тэхналагічнага, нацыянальна-тэхнічнага, аграрна-тэхнічнага, педагагічнага, медыцынскага, Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага, Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага, Інстытута кіравання і прадпрымальніцтва, Вышэйшага дзяржаўнага каледжа сувязі. Яны распавялі пра існуючыя спецыяльнасці ў сваіх ВНУ, умовы паступлення, конкурсы сярод абітурыентаў, матэрыяльна-тэхнічную базу, наяўнасць месцаў у інтэрнатах.

Перад прысутнымі выступіў таксама намеснік начальніка Чэрвеньскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Леанід Крук. Ён пазнаёміў школьнікаў з адметнасцямі прафесій пажарнага і выратавальніка, з патрабаваннямі, якія прад’яўляюцца да іх, навучальнымі ўстановамі, дзе можна набыць такія спецыяльнасці.

Напрыканцы сустрэчы вучні атрымалі магчымасць асабіста задаць гасцям усе пытанні, якія іх цікавілі.

 

… І АДПАЧЫВАЛІ Ў ЛАГЕРАХ

З 25-га па 30 сакавіка, падчас веснавых школьных вакацый, на базе СШ №2 і СШ №3 г.Чэрвеня, СШ №1 г.п.Смілавічы, Запольскай і Валевачоўскай СШ, Раваніцкага і Новазелянкоўскага д/с-СШ працавалі дзіцячыя аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем.

Тут адпачывалі і папраўлялі сваё здароўе 220 вучняў. Перавага аддавалася дзецям са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, дзецям-сіротам і тым, хто застаўся без апекі бацькоў, непаўналетнім, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Юлія МУРАШКА, спецыяліст 1-й катэгорыі

аддзела адукацыі райвыканкама

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *