ЗА СУСТРЭЧУ, ЗА КНІГУ БЫЛА Б ЗОСЬКА ВЕРАС УДЗЯЧНАЯ…

Общество

Найцікавейшая сустрэча адбылася ў чытальнай зале Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Сюды завіталі сябры аматарскіх аб’яднанняў «Ветразь», «Журавінка», «Бонда», якія працуюць пры бібліятэцы і краязнаўчым музеі, каб паслухаць беларускае слова і беларускую песню. А гучалі яны з вуснаў гасцей з Мінска — паэта, перакладчыка, парадыста Міхася Скоблы, артысткі Беларускай дзяржаўнай філармоніі Таццяны Грыневіч-Матафонавай, пісьменніка, публіцыста, крытыка, беларускага дзяржаўнага дзеяча Анатоля Бутэвіча і журналіста, колішняга рэдактара часопіса «Роднае слова» Міхася Шавыркіна.

Увогуле, асноўнай тэмай была прэзентацыя кнігі Зоські Верас «Я помню ўсё». Але яна настолькі паяднана з іншымі, што ахапіла многія і многія ўзгадкі пра гістарычныя падзеі, асобы Беларусі, у тым ліку звязаныя і са старажытнай Ігуменшчынай-сучаснай Чэрвеньшчынай. І распавядался-слухалася ўсё на адным дыханні…

Пазнаёміла прысутных з гасцямі дырэктар Чэрвеньскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Людміла Войцік. А распачаў сустрэчу Міхась Шавыркін, які ўзгадаў пра мерапрыемства ў Грабёнскай школе, дзе яны выступалі ў гэты ж дзень, і перадаў слова Таццяне Грыневіч-Матафонавай. Яна прыгадала, што добрым і блізкім сябрам Зоські Верас быў Максім Багдановіч. І, магчыма, сваю знакамітую «Зорку Венеру» ён прысвяціў менавіта ёй. З гэтай песні Таццяна і пачала выступленне. Затым у яе выкананні прагучала «Пагоня» Багдановіча і вельмі кранальныя песні: пра «чароўную Ганну» (віленскі касцёл) і «Авэ Марыя».

Таццяна Матафонава і Міхась Шавыркін

Доўга, добра і грунтоўна распавядаў пра падзвіжніцкае, амаль стогадовае (!) жыццё Зоські Верас, пра асабістыя сустрэчы з ёю, ідэю ўзнікнення кнігі «Я помню ўсё» яе ўкладальнік Міхась Скобла. Сваё захапленне гэтай сапраўды легендарнай асобай ён здолеў перадаць і нам, удзячным слухачам. Мы былі літаральна заварожаны яго ўзгадкамі пра сяброўства Зоські Верас з Максімам Багдановічам, чые карані па маці (ці, як даўней казалі, — «па кудзелі», гэта значыць, па жаночай лініі) — адсюль, з нашага старажытнага Ігумена. І хто ведае, магчыма, калі б Марыля Мякота не памерла ў маладым узросце, Максім у свой час завітаў бы сюды, на зямлю продкаў… Увогуле ж, як зазначыў Міхась Скобла, Зоська Верас лічыцца адной з аўтарытэтных мемуарыстак у справе багдановічазнаўства. І калі ствараліся музеі Багдановіча ў Мінску і Гародні, яна была найпершым дарадчыкам і кансультантам.

Памятаю, як падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М.Танка ў 90-х гадах мінулага стагоддзя мы вывучалі біяграфію Зоські Верас. Але зараз разумею, што не ведаю і сотай долі таго, пра што распавёў Міхась Скобла. Ён, дарэчы, зазначыў, што пра гэтую найцікавейшую постаць беларускай гісторыі 20 стагоддзя можа гаварыць тры дні запар — і ўсё будзе мала. Шкада, што ў межах аднаго газетнага артыкула нельга прыгадаць усё-ўсё, пачутае падчас бібліятэчнай сустрэчы. Таму паспрабую ўзгадаць толькі самае асноўнае з найцікавейшага жыцця Зоські Верас.

Анатоль Бутэвіч

У свой час яна выдавала тры часопісы — «Заранка», «Пралескі» (дзіцячыя) і «Беларуская борць» (пчалярскі). Гэтая жанчына на працягу жыцця займалася складаннем слоўнікаў. Адным з іх, выдадзеным у 1924 годзе, і зараз карыстаюцца мовазнаўцы-лексікографы, бо лепшага няма. Гэта — «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік».

Цікава было пачуць і пра яе незвычайны лад жыцця, што яшчэ больш падкрэслівае неардынарнасць асобы. Зоська Верас жыла на этнічнай беларускай тэрыторыі пад Вільняй (сучасны Вільнюс, Літва) — у Панарскім лесе, у глінабітнай хатцы (мазанцы). І хаця хатка тая была нават «прапісана» ў горадзе, ні на якой вуліцы насамрэч не стаяла. Там яна і жыла, паводле слоў Міхася Скоблы, з маці, дачкой, зяцем і сынам. І дзесьці з 70-80-х гадоў мінулага стагоддзя туды ехалі энцыклапедысты, гісторыкі, пісьменнікі, мастакі, каб з першых вуснаў пачуць найперш, што ж адбывалася насамрэч у 1917-20-х гадах. Дарэчы, Зоська Верас брала ўдзел у першым Усебеларускім кангрэсе, які адбыўся ў снежні 1917 года ў Мінску. І была не проста ўдзельніцай-дэлегаткай, а яго сакратаркай, пакінула вельмі падрабязныя пратаколы. Гэты сход сабраў больш за 2 тысячы дэлегатаў…

Пашчасціла пабываць у «лясной хатцы» і самому Міхасю Скоблу, калі ён у 1987 годзе вярнуўся з войска. З таго часу, зазначыў, і памятаецца яе гаспадыня.

Міхась Скобла

— Тады Зоська Верас падаравала нам па тоненькай кніжачцы, — прыгадвае Міхась Скобла. — Яна называлася «Каласкі», 46 старонак усяго. Памятаю, мне і тады ўжо было як бы няёмка перад жанчынай, якая знаходзілася… на дзясятым дзясятку! З тае пары я жыў з якімсьці адчуваннем віны ці што… Чалавек пражыў амаль сто гадоў прыкметнага жыцця для нашай краіны. І гэтая кніжачка ніяк не адпавядала таму, што ёю было зроблена.

Калі летась святкавалася 120-годдзе з дня нараджэння Зоські Верас, мне падумалася, што я вазьму і складу яе кніжку. Такую, каб больш-менш годна выглядала. Каб аддзячыць ёй за такое жыццё, сапраўды падзвіжніцкае. Жыццё чалавека, які працаваў самаахвярна.

І калі я пачаў збіраць для кніжкі матэрыялы, чытаць у Нацыянальнай бібліятэцы заходнебеларускую перыёдыку, дык у мяне назбіраўся такі том — і яшчэ такі. Першы надрукаваны ў серыі «Гарадзенская бібліятэка». Спадзяюся, што і другі пабачыць свет сёлета. Але нават гэтая кніга, якая выйшла, мне здаецца, зменіць наша ўяўленне пра Зоську Верас. Яе лісты можна чытаць, як апавяданні, эсэ. А ўспаміны, якія займаюць прыкладна трэцюю частку кнігі, ахопліваюць падзеі ад Першай сусветнай да Другой сусветнай вайны.

Яна помніла ўсё. Дарэчы, кніга так і называецца — «Зоська Верас. Я помню ўсё». І гэта ніякае не перабольшанне. Калі я рыхтаваў кнігу, дзе ўспамінаецца безліч імёнаў, датаў, прозвішчаў і падзей, думаў: «Ну не можа чалавек ні разу не памыліцца і так дакладна, падрабязна памятаць, што было 70 ці 80 гадоў таму…» Але калі пачаў усё звяраць, памылак не знайшоў. У Зоські Верас была фенаменальная памяць, якую можна параўнаць, відаць, з сучасным камп’ютарам. Не ведаю, у колькі Мб яе можна ацаніць…

Далей Міхась Скобла распавёў, што ў 1990 годзе, калі Зоська Верас была ўжо зусім нямоглай, яе забрала да сябе дачка. У звычайным блочным гарадскім доме яна дажывала свой век. А сапраўдную гістарычна-мемарыяльную каштоўнасць — хатку ў Панарскім лесе — нейкія зламыснікі ў тым жа годзе падпалілі. І з ёю згарэла шмат чаго каштоўнага…

Як зазначыў Міхась Скобла, гэтая жанчына была пісьменнікам, лексікографам, грамадскім дзеячам… Назбірала цэлую кнігу фальклорных песняў Беласточчыны. Пакінула пасля сябе вельмі цікавыя ўспаміны. Стварыла рукапісную энцыклапедыю адметных людзей Беларусі з іх уклеенымі фотаздымкамі — тых, якія з-за цэнзуры ў савецкі час не ўвайшлі ў афіцыйныя энцыклапедыі… Ну, а ў самой кнізе Зоські Верас «Я помню ўсё», апрача іншага, змешчаны два фотаблокі ілюстрацый — каля ста фотаздымкаў, большасць з якіх друкуецца ўпершыню. Дарэчы, гэтым псеўданімам — Зоська Верас — Людвіка Антонаўна Сівіцкая (сапраўднае імя і прозвішча) пачала падпісвацца з 1918 года.

Кіраўнік аматарскага аб’яднання «Бонда» Станіслава Баркоўская запыталася ў Міхася Скоблы, ці адлюстравана ў кнізе, што Зоська Верас збірала і апісвала зёлкі. І той распавёў, што ў вёсцы Гудзевічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці ёсць унікальны музей. Яго стварыў Алесь Белакоз. Там фактычна некалькі музеяў, і адзін з іх — лекавых зёлак. І менавіта ў ім ёсць іх энцыклапедыя — фаліянт, надрукаваны на машынцы. Яе аўтар — Зоська Верас…

Таццяна Грыневіч-Матафонава праспявала цудоўныя рамансы — з фільма «Гадзіннік спыніўся апоўначы», на словы Сяргея Новіка-Пяюна «Белы снег» і Уладзіміра Дубоўкі — «О Беларусь, мая шыпшына».

З цікавасцю слухалася выступленне Анатоля Бутэвіча. Ён зазначыў, што больш па гэтай тэме, здаецца, няма чаго казаць, і распавёў крыху пра іншае. Як, нарадзіўшыся на хутары Язавец Нясвіжскага раёна, напачатку нічога не ведаў пра князёў Радзівілаў. У савецкі час гэта не віталася і нават лічылася шкодным. Ужо значна пазней ён захапіўся гісторыяй гэтага роду і яго асобнымі прадстаўнікамі, пачаў вывучаць і даследаваць.

Анатоль Бутэвіч з замілаваннем прыгадаў дзіцячыя гады, якія прайшлі на хутары з такой адмысловай прыродай, што многія назіранні за ёй адпавядалі апісаным у вершах Максімам Багдановічам. І праз усё жыццё Анатоль Бутэвіч разгадвае яго загадку…Як можна, не жывучы ў Беларусі, не наведваючы беларускую школу, не маючы беларускіх падручнікаў, так вывучыць мову, каб складаць на ёй геніяльныя вершы?! Менавіта захапленне гэтым паэтам і падказала ў свой час Анатолю Бутэвічу псеўданім — Максім Валошка. І яшчэ шмат усяго цікавага з гісторыі — пра Кастуся Каліноўскага, Ягайлу і Софію Гальшанскую, Мір і Мірскі замак ды іншае — распавёў Анатоль Бутэвіч.

Дырэктар Чэрвеньскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Людміла Войцік запыталася ў госця, як яму працавалася на пасадзе Міністра культуры ў 90-х гадах. І Анатоль Бутэвіч распавёў крыху аб працы Міністрам інфармацыі, Міністрам культуры і друку. Сярод значнага, прапанаванага і ўвасобленага ў жыццё ім і яго паплечнікамі, — экспедыцыя «Дарога да святыняў» і Дзень беларускай пісьменнасці, якія ладзяцца штогод і дагэтуль. Затым была яшчэ дыпламатычная праца. І зараз Анатоль Бутэвіч па праву ганарыцца тым, што зроблена, а таксама сваёй пісьменніцкай, даследчай і перакладчыцкай дзейнасцю.

 

На развітанне шаноўныя госці шчыра падзякавалі ўсім, хто прыйшоў на сустрэчу з Зоськай Верас. І зазначылі, што яна была б удзячна і вельмі ўсцешана гэтым…

І — выдадзенай кнігай…

 

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 



1 комментарий по теме “ЗА СУСТРЭЧУ, ЗА КНІГУ БЫЛА Б ЗОСЬКА ВЕРАС УДЗЯЧНАЯ…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *