«СМЯЯЦЦА НЕ ГРЭХ»

Общество

Пад такой назвай у першую суботу красавіка ў нашым сельскім Доме фальклору адбылося мерапрыемства для дзяцей, іх бацькоў і сталых вяскоўцаў. Яно атрымалася вельмі вясёлым, захапляльным і пазітыўным. За гэта дзякуй удзельнікам, якія ахвотна адгукаліся на любую прапанову!

Бібліятэкар мясцовай сельскай бібліятэкі Святлана Іванаўна Вайцяховіч зладзіла выставу кніг і часопісаў, распавяла, як адлюстроўваецца гумар у літаратуры. Затым да ўвагі прысутных мы прапанавалі музычны конкурс-спаборніцтва, у якім запрасілі паўдзельнічаць дзве каманды — дзяцей і сталых людзей. Школьнікі спявалі вядомыя дзіцячыя песенькі (куплет і прыпеў), а дарослыя павінны былі з дапамогай прапанаваных слоў скласці іншыя песні (па тэме) і праспяваць на той жа матыў.

Для наступнага конкурсу пад назвай «Подыум. Справа ў капелюшы» мы запрасілі «бэк-вакалістак». Імі сталі Паліна Уладзіміраўна Старжынская, Кацярына Іванаўна Касцевіч, Інэса Іосіфаўна Шпілеўская і Галіна Аляксандраўна Ворнік. У якасці хатняга задання да гэтага конкурсу зараней прапаноўвалася прыдумаць вобраз з адмысловым капелюшом і прадэманстраваць яго гледачам.

Пад песні «Лада», «Апошняя электрычка», «Сусед» у выкананні «бэк-вакалістак» выходзілі нашы гераіні. Святлана Іванаўна Вайцяховіч прымерала на сябе вобраз Вясны, Таццяна Георгіеўна Савонава — Атаманкі, Зоя Віктараўна Рунцова — свецкай ільвіцы Элеаноры Язерскай, Ганна Фёдараўна Зазека — Аляксандры з дуэту «Аляксандра і Канстанцін». Атрымалася весела, ярка і запамінальна!

Людзі розных узростаў з задавальненнем пагулялі ў немудрагелістую гульню «Падаруй кошык з кветкамі». Яго перадавалі адзін аднаму пад музыку, якую знянацку выключалі. Хто ў гэты момант трымаў у руках кошык, выходзіў з гульні. Пераможцам стаў Паша Галубец. Дарэчы, ён прыехаў з Чэрвеня да бабулі і завітаў на наша мерапрыемства, дзе яму вельмі спадабалася!

Падчас наступнага музычнага конкурсу, які называўся «Танец на газетах», перамагло сяброўства. Яго ўдзельнікі павесялілі ўсіх, спрабуючы ўтрымацца на маленькім «пятачку» — хаця б на дыбачках. Цэлая імправізаваная дыскатэка атрымалася!

У конкурсе мастакоў удзельнічалі па парах. Адзін заплюшчваў вочы, а другі словамі накіроўваў яго руку. Самыя дакладныя каманды падаваў Васіль Іванавіч Тумус сваёй жонцы Таццяне Сцяпанаўне. Усе перажывалі, «хварэлі» за ўдзельнікаў. І, вядома, шмат смяяліся. Яшчэ болей пасмяшыла прысутных Кацярына Іванаўна Касцевіч, якая стала пераможцай конкурсу анекдотаў. Інсцэніроўку пра дзвюх суседак разыгралі Святлана Іванаўна Вайцяховіч і Таццяна Георгіеўна Савонава. Пасля ўсе танцавалі «Лавату» і развучвалі танец «Раз-два-тры, на дыбачкі».

Напрыканцы мерапрыемства яго ўдзельнікі атрымалі ў падарунак намаляваны смайлік — для настрою.

 

Галіна ВОРНІК,

мастацкі кіраўнік Горкаўскага сельскага Дома фальклору

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *