ШТО Б ГЭТА ЗНАЧЫЛА?

Общество

Вось і зноў прыемна зазначыць: сабраўся стос пісьмаў з подпісамі пад чарговы фотаздымак. “Хочацца прадоўжыць удзел у жартоўнай рубрыцы, — піша Марыя Уладзіміраўна Канапацкая са Смілавіч. — Бо толькі зірнула на здымак, як з’явіліся радкі:

Гэта ж трэба пастарацца,

Каб на скрынкі так забрацца!

Трошкі ўлева,

трошкі ўправа —

І “накрыецца” забава!

***

Як звычайна, кожны год

Летам у турыстаў злёт.

А адзін якісь турыст,

Як цыркач-эквілібрыст.

Балансуе спрытна, жвава

Вось яна — мінута славы!

На гэтым думала закончыць, — зазначае Марыя Уладзіміраўна. — Але ўмяшаўся ўнук Ваня. І вось што атрымалася:

Унук мой “вершы”

прачытаў,

Зірнуў на здымак і сказаў:

“І ніякі тут не злёт,

Перастань дурыць народ,

Бо ўсё гэта — падман.

На здымку Міша Галусцян!

Але чаго ён тут з’явіўся?

Чаго на тару ён узбіўся?!

А мо кампанія якая

“Комеди Клаб” у нас здымае?”

 

Адной з першых адгукнулася вершаваным подпісам Рэгіна Васільеўна Шалупенка з Рэчак:

Вось які я зухаваты,

Лезу ўверх на выраст хаты.

Лезу увысь я без страхоўкі,

Пакажу які я лоўкі!

Сваёй любай дакажу,

Што я ёю даражу.

Але як тут устаяць,

Каб першынство заваяваць?

***

Відаць хлопец верхалаз —

З яшчыкаў зрабіў ён лаз.

Палажыў ужо дзевяты,

А затым будзе і дзесяты?

Вельмі прагне да нябёс,

Як прымушае яго хтось.

А як грымнецца на дол,

То не збяруць і касцей у падол.

 

Ірыне Анатольеўне

Калтовіч з Чэрвеня сюжэт фотаздымка бачыцца такім:

Мужык у запоі… І зрання,

ён “сеў на белага каня”.

Ды ніяк злезці не можа,

Мо нарколаг дапаможа?

Ці ў яго ўсяліўся бес,

Выклікаем МЧС.

“Усе мяне пабачылі —

Вось “ што б гэта значыла”.

***

Я знайшоў сваю Феміду

І ўзлез на піраміду.

Вось стаю, хістаюся,

Потам пакрываюся.

Папярэджваў мяне ротны:

— Застанешся безработным.

На сябе ўзяў я грэх —

Гэты цяжкі шлях наверх.

 

А вось гэтыя радкі прысніліся Таццяне Сівак з Заполля, якая ніколі вершаў не складала і не вельмі імі захаплялася:

Во і ўспоўніў той узрост,

Калі хлопчыкам ён рос.

Пірамідкі сабіраў

І разумна разважаў.

 

Зінаіда Іванаўна Калтовіч з Чэрвеня паведамляе:

“Працягваю прымаць удзел у конкурсе “Што б гэта значыла?”, бо ў вольны час вельмі падабаецца складаць караценькія вершыкі-гумарэскі”. Шчодрая аўтарка на іх і гэтым разам. Некалькі друкуем сёння, астатнія — пазней.

Скрынка на скрынку —

і вежа гатова.

На першы наш погляд — простая збудова.

Але ж чэмпіёнам

Сцяпан хоча стаць,

Ад любай прызнанне

ўраз атрымаць.

Хвалюецца Ганна і просіць, каб злез,

З мольбамі ўголас крычыць на ўвесь лес:

— Трымайся, каханы,

і злазь асцярожна.

Наогул, зваліцца з тых

скрыначак можна.

Юнак гардзяліва

тут гальштук паправіў

І свой пацалунак

каханай адправіў.

Такога прызнання

ён доўга чакаў

Да сэрцайка Ганны

ўсё ж шлях свой праклаў.

***

Мікіту ўмомант жах праняў,

Як скрынка пахіснулася.

— Няўжо ўсё ж я ўстаяў?!

Ад шчасця й Ганна

ўсміхнулася.

***

Хвілінку славы атрымаць жадае.

Для гэтага і спрыт,

і сілу мае.

Магчыма, хтосьці скажа:

“Нескладана!”

Але ж смяяцца з боку пэўна ж рана.

***

Неяк абяцаў сяброўцы,

Што дастану зорку з неба.

Ды не хапіла крыху моцы,

А ці была ў тым патрэба?

***

Падлічыць спрабуе Віктар

Гарэлкі колькі перапіта!

— Ну, што ж, гульнулі тут

з размахам,

Але хаця б

не ўзвіцца птахам

 

“Шчыра дзякую за вашу ўвагу да мяне!” — Піша ў сваім лісце Галіна Іванаўна Немагаева з Чэрвеня і дасылае наступныя радкі:

Захацеў хлапец забавы,

Каб трапіць

на “Мінуту славы”.

Сабраў скрынкі

ўсе ён з крамы

Ўміг іх склаў і азірнуўся,

Калі ўверсе апынуўся.

Для “Мінуты славы” —

малавата

І ўніз спускацца —

страшнавата.

Бо як рынуся й прыб’юся,

Дык адвернецца й Маруся.

Дрэнны будуць

мае справы.

Не хачу такой я славы.

Вось я дурань, вось балбес

І чаго сюды палез?!

Чаго, людцы, там стаіце?

На хвілінку падыйдзіце!

Ды па скрыначцы вазьміце.

Падыдзіце ягамосці,

пашкадуйце мае косці!

 

У Юрыя Георгіевіча Бабіча з Лядоў чытаем наступнае:

— Ты куды? Як падзьме вецер

Пераломіш косці!

-Да Навіцкага Алега

Хачу злазіць ў госці!

***

Гальштук, скрыні, ноч,

рубашка,

Звон гітары на сасне…

Няўжо праўда? А я думаў,

Што прыбачылася ў сне.

Усё не так…

Мужык — рамантык,

З неба зорачку дастаў.

Цяпер шукае, у якой скрыні Ён ноччу зорачку схаваў.

***

Сем цудаў свету —

першыя сем скрынь,

А восьмы —

хлопец зараз пабудуе.

Каб стаў славутым

Чэрвеньскі наш край,

Ні днём ні ноччу ён

здароўя не шкадуе.

***

Ночку ўсю

з Зялёным Змеем

Праспяваў калінку…

Раней сказалі б:

“Сеў ён на каня!”

А зараз:

“Хлопец сеў на скрынку!”

***

План даведзены райзагу

Штосьці там нарыхтаваць.

Ці то шышкі, Ці то хвою —

Мужык лезе даставаць.

***

Ззаду бачны

дзве дзяўчыны,

За плячамі рукзакі.

Уцякаюць дзеўкі з лесу —

3 глузду едуць мужыкі.

***

Ён лез наверх

не дзеля славы,

Не дзеля ганарлівых слоў.

Жывуць, жывуць

яшчэ забавы

У беларускіх мужыкоў!

 

Да наступнай сустрэчы з працягам дасланых жартоўных подпісаў.

 

Эма МІКУЛЬСКАЯ

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *