РОДНАЯ ЧЭРВЕНЬШЧЫНА — ЖЫЦЦЯ ПАЧАТАК І ПРАЦЯГ Леанід Паўлавіч ВАЛАДЗЬКО: «ДЗЯЦІНСТВА МАЁ НЕВЯСЁЛАЕ…»

Общество

— Нарадзіўся я ў вёсцы Новыя Зелянькі. Мой тата загінуў на фінскай вайне — Павел Мікітавіч Валадзько (на здымку). Бальшавік быў, актывіст. Ёсць кніга «Невядомая вайна», там і яго прозвішча занатавана. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, мы ў Чэрвені жылі. Мама, каб неяк існаваць, табакай гандлявала. Хадзіла ажно пад Беразіно, там даставала, бо тады ж з куравам было цяжка. Жылі мы каля рынку. А насупраць быў паліцэйскі пост. Адтуль таксама прыходзілі набываць курава. І аднойчы хтосьці параіў маме з’ехаць з Чэрвеня, бо сем’і міліцыянераў, актывістаў, бальшавікоў будуць расстрэльваць. І якраз у гэты час знайшоўся з гэтай Карабетаўкі чалавек, пажылы ўжо. І пасватаўся да маці. Яна выйшла замуж, і мы пераехалі ў Карабетаўку.

Але я падчас вайны, як кажуць, усюды паспяваў. У лесе, дзе партызаны, у Чэрвені, дзе немцы… Бачыў, як тут расстрэльвалі яўрэяў…

Тады ў Чэрвень не так-то проста было трапіць. Партызаны збіралі журавіны, аддавалі мне для продажу і наказвалі: «Ты ж ідзеш у Чэрвень, дык там глядзі, дзе немцаў многа ці што, тады раскажаш». І я з гэтымі журавінамі пехатою ішоў сюды, за дзесяць кіламетраў. Памятаю, як толькі пачыналася сучасная вуліца Зяневіча, дрот быў з двух бакоў, як загон. Туды запускалі і правяралі ўсіх. Аднойчы жанчына, якая была сярод правяраючых, чамусьці доўга абмацвала мой каўнер. А тады я ішоў і садзіўся ля старой аптэкі — прадаваць журавіны ды яшчэ табаку. І — назіраў. А ўвечары вяртаўся назад, у Карабетаўку. Хадзіў днём, а бывала, і ноччу. Памятаю, як у Патаповіча паліцаі прыязджалі і выграбалі ўсю бульбу. Ён прасіў: «Пакіньце хоць крыху…» Ды дзе там… Але ж вайну перажылі.

Памятаю, калі немцаў гналі ў 1944-ым, за Карабетаўкай сеў самалёт. Я яго тады першы раз убачыў. Маёр вылез, агледзеў тое месца, дзе калісьці была пляцоўка. Але там усё зарасло ўжо. Затое непадалёк было поле, тады там сеялі збожжа. І маёр той сказаў усё скасіць. Маўляў, будзем рыхтаваць аэрадром. Але, мабыць, планы змяніліся. Нічога там так і не зрабілі. А людзі, падпарадкоўваючыся загаду, скасілі тое, што вырасла…

А тады… Неяк знайшоў мой сябар аб’яву, і вырашылі мы паступаць у Адэскае мараходнае вучылішча. Праўда, я там павучыўся — і перавёўся ў Кілію. Адвучыўся два гады, набыў спецыяльнасць. А тады яшчэ скончыў курсы судавадзіцеляў. Працаваў штурманам у Дунайскім савецкім параходстве. Жыў у горадзе Ізмаіл. І як у плаванне хадзілі, па 2-3 гады на бераг не вярталіся. Тры гады мне не давалі адпачынак. А тады прыйшла тэлеграма, што з маці дрэнна. Дык ледзьве дабіўся, каб адпусцілі. Прыехаў у Чэрвень. І ў Карабетаўку завітаў.

— А я тады якраз была ў адпачынку, — прыгадвае Лілія Іванаўна. — А тут такі хлопец, у форме… Тады ў Мінск заехаў да мяне. Так з 1955-га пачаліся ўжо адносіны. А ў 1956-ым пажаніліся. Самі ўсё вырашылі. Нашы мамы тады толькі прыехалі ў Мінск: «Дзеці, вы што — жаніцца рашылі?!» Ну, а мы адзначылі з сябрамі ў рэстаране — ды і ўсё…

Лілія Іванаўна, Леанід Паўлавіч ВАЛАДЗЬКО:

«І ПА МОРЫ ХАДЗІЛІ, І ЧЭРВЕНЮ ПАСЛУЖЫЛІ…»

— Звольнілася я з абутковай фабрыкі, — прыгадвае жонка. — І праз два дні мы паехалі ўжо з Беларусі цягніком «Мінск-Адэса»…

— Прыехалі ў Ізмаіл — і я на тры месяцы зноў пайшоў у плаванне, — дадае муж.

— Праз год нарадзіўся наш першы сын — Валерый, — працягвае ўспамінаць Лілія Іванаўна. — А потым мне адкрылі візу. Ну што вы, маладосць! Хацелася хадзіць разам з мужам у плаванне, за мяжу. Адвезла малога да мамы ў Карабетаўку — і ўладкавалася на судна кокам! Я добра гатавала ды яшчэ ў Ізмаіле і курсы повараў закончыла. Бывала, каманда збіралася — 12 чалавек. Шкіпер (муж), самы старшы. Тады — памочнік шкіпера, механік, тры матросы ды практыканты. А я на камбузе — адна. І які ён часам быў гарачы! Затое прадуктаў мелі шмат. І ў кожным порце маглі атрымліваць тое, што я хацела. Хадзілі па Чорнаму мору — у Херсон, Адэсу, Нікалаеў, Ільічоўск. Быў нават выпадак, калі мы зімавалі ў Румыніі! Замёрз Дунай — і ні туды ні сюды. Як зараз памятаю, румынскі порт называўся Джурджу. Праз шэсць гадоў нарадзіўся меншы сын — Леанід. Дык вось калі хадзілі тут, у Саюзе, бывала, калі не да мамы везла дзяцей, дык з суседкамі пакідала ці брала з сабой на судна. Так і выраслі сыны на моры.

Але ведаеце, бывала, і надакучала мне праца дужа. Даходзілі мы да самага выхаду ў Чорнае мора, я забірала свайго Валерачку і на катэры вярталася дадому, у Ізмаіл. Там у нас была добрая кватэра. Толькі пасля даводзілася аддаваць грошы таму, хто гатаваў. А ўвогуле, канешне, цікава было. Самыя лепшыя гады. Пабыла я ў Румыніі, Балгарыі, Югаславіі, Венгрыі…

— А я 18 гадоў адпрацаваў шкіперам! — кажа Леанід Паўлавіч. — Канешне, рознае здаралася. А колькі разоў за ноч даводзілася выбягаць на капітанскі масток! Вецер, а зімой — холад… Калі моцна штарміла Чорнае мора, ніхто больш не мог стаяць на рулі. Усіх ванітавала. Буксір вёў чатыры несамаходныя баржы. І вось калі яны гружаныя, дык так разбоўтвала… Усе ляжалі ў каютах, і толькі я стаяў на рулі… Такая адказнасць… І ўсё ж падабалася мне хадзіць па моры. Відаць, штосьці такое было ў крыві…

— Дзесяць гадоў мы пражылі ў Ізмаіле, — тлумачыць Лілія Іванаўна. — А ў 1968 годзе пераехалі ў Чэрвень. Чаму? Па-першае, свякроў цяжка захварэла. І ўвесь час казала: «Сынок, кідай ты гэтае мора, вяртайся дахаты». Па-другое, сыны падрасталі, трэба было думаць пра іх будучыню. А ў Ізмаіле — толькі педінстытут. Ды ў Кіліі мараходка, якую муж заканчваў. Думалі мы, думалі… Кватэра добрая, непадалёк — школа для старэйшага і садок для малодшага. І ўсё ж пагрузілі рэчы ў кантэйнер і прыехалі ў Чэрвень.

(Працяг будзе)

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *