РОДНАЯ ЧЭРВЕНЬШЧЫНА — ЖЫЦЦЯ ПАЧАТАК І ПРАЦЯГ

Общество

Лілія Іванаўна ВАЛАДЗЬКО: «ПАЦЯРПЕЛА СЯМ’Я АД РЭПРЭСІЙ І ВАЙНЫ…»

Якім было жыццё ў Карабетаўцы вайною? Днём з Чэрвеня — немцы з паліцаямі, ноччу — партызаны. Памятаю, якісьці мужчына ў нас прыпыняўся, паранены ў нагу, ісці не мог. Панфілаў прозвішча. Ён дапамог выкапаць пад хлявом яміну, туды апусцілі карову, і гады два яна ў нас, мабыць, жыла. Дзяліліся малаком і з суседзямі, у якіх гадавалася шмат дзяцей.

Сярод паліцаяў, якія прыязджалі з немцамі, былі і далёкія знаёмыя старэйшых. Бывала, цэлымі днямі сядзелі ў нашай хаце. Але не так страшна, бо — знаёмыя. Бульбу ў людзей выцягвалі з падмосця, сталаваліся тут жа… Зразумела, якое было жыццё… Але ж ацалелі. Вось толькі тату не дачакаліся. І пазней ужо ўведалі пра яго жахлівы лёс…

Мой татачка, Іван Васільевіч Халстовіч (па іншых звестках — Халустовіч), быў такі актыўны, жыццярадасны, жыццелюбівы, здаровы фізічна… Арол! Калі вечарынка была ў Карабетаўцы, дык бабуня казала: усе толькі на яго і глядзелі. А яшчэ расказвала, як ён мяне любіў. А яшчэ марыў: «Калі ў мяне будзе сын, абавязкова навучу яго замежным мовам…» Такія планы ў яго былі… Усе паведамленні, якія мы атрымлівалі, сведчылі толькі «Знік без вестак». А праўда адкрылася значна пазней. Дарэчы, яшчэ перад вайною з’явілася ў дакументах блытаніна ў прозвішчы. Замест «Х» чамусьці напісалі «Ф». І з’явіліся варыянты прозвішча: «Фавстовіч», «Фалустовіч»… Штосьці незразумелае. А ў 1954-ым годзе на Карабетаўку прыйшла папера (я яе і зараз захоўваю) — з сектара перакладчыцкага бюро Саюза таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, з Масквы: «Жыхарам вёскі Карабетаўка Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. Па звестках, якія маюцца ў нас, Фалустовіч Іван Васільевіч памёр 30.05.1942 года ў Германіі. Просім паведаміць пра гэта жонцы Софіі Халустовіч, якая жыла ў вашай вёсцы ў 1941-ым годзе. Калі каму-небудзь вядомы яе адрас зараз, просім паведаміць яго нам. Па запатрабаванні можам выслаць дакумент, які пацвярджае смерць». А мама ўсё спадзявалася, усё чакала, што ён вернецца сам, жывы…

Праз некалькі месяцаў мама атрымала другую паперу: «Гр. Фавстовіч С.І., в. Карабетаўка Дамавіцкага с/с Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці.

Паважаная гр.Фавстовіч.

Паведамленне пра смерць у нямецкім палоне Вашага мужа, І.В.Фавстовіча (па нашых дадзеных — Халустовіч), было намі адпраўлена на падставе трафейнага дакумента, які атрыманы ад Савецкай Ваеннай Адміністрацыі ў Германіі: яго асабовай карткі, запоўненай у лагеры 308 (Нейхамер), дзе ён знаходзіўся. Дасылаем Вам пераклад з нямецкай мовы гэтай карткі».

З перакладу мы даведаліся, што тата напісаў: ён — грамадзянскі, а прафесія — пекар. У палон узяты ў Бабруйску 12 ліпеня 1941 года, здаровы.

Памёр 30 мая 1942 года. Прычына смерці: знясіленне».

Вось такі жахлівы лёс. Не так даўно адзін з маіх сыноў пабываў на тым месцы, дзе быў канцлагер «Нейхамер». Дык па ўспамінах сведкаў, там не было нават даху! Палонныя рылі норы, у якіх спрабавалі схавацца ад холаду. Для многіх яны станавіліся магіламі…

Так і засталіся мы з братам без таты. А мама ўсё сваё жыццё правяла ў Карабетаўцы. Разумная была, хаця і ўсяго тры класы скончыла. Рабіла брыгадзірам у калгасе — за тыя няшчасныя працадні. Цэнтр яго быў у Асінаўцы. Нават захаваўся такі журнальчык, дзе мама запісвала, хто на работу выходзіў.

Ну, а я ў 1953 годзе паехала ў Мінск. Мае сяброўкі ехалі — і я з імі. Два гады павучылася ў рамесным вучылішчы — і ўладкавалася на працу на абутковую фабрыку імя Кагановіча. Зараз гэта — «Луч». Раніцай прыходзіш — і пачынаеш рабіць поўную нарыхтоўку абутку. Прычым задзейнічаны былі на зборцы-пашыве жаночага, самага моднага! Але самі яго асабліва не куплялі, бо раскошы не было. Але ў юнацтве я добра выглядала, усё пасавала. На танцы хадзілі ў паркі… Ажно пакуль замуж ні выйшла…

(Працяг будзе)

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *