ЯНА І СЁННЯ Ў ДУМКАХ З ВУЧНЯМІ

Люди и судьбы

“Мая першая настаўніца…” Так з цеплынёй і любоўю гавораць пра Браніславу Францаўну многія цяперашнія і былыя жыхары Грабянца, Ачыжы, Чорнага Броду, Скрабінак, Усохаў. Некаторыя не толькі самі вучыліся ў творчай, адказнай, з высокімі жыццёвымі ідэаламі настаўніцы, але і прыводзілі да яе ў першы клас сваіх сыноў і дочак.  Зараз нават цяжка падлічыць, колькі адбылося тых выпускаў пачаткоўцаў за 56 гадоў педагагічнай працы, колькі хлопчыкаў і дзяўчынак навучыла Мацеша пісаць, чытаць, лічыць, любіць  Айчыну, пазнаваць навакольны свет… Для кожнага з іх яна была не проста любімай настаўніцай — справядлівай, патрабавальнай, але і дарадчыцай —  спагадлівай, мудрай, дасведчанай. Быццам родная матуля, лёгка знаходзіла падыход да кожнага дзіцяці, дапамагала раскрыцца здольнасцям.  І сама пашырала ўласныя веды, пастаянна знаходзіла найбольш рацыянальныя формы, сродкі і метады навучання. Калі школа ўпершыню перайшла на  кабінетную сістэму, яе кабінет пачатковых класаў прызналі адным з лепшых не толькі ў раёне, але і ў Мінскай вобласці.

Першакласнікі разам з Браніславай Францаўнай, 1984 год

Па словах педагогаў, якія працавалі разам з Мацешай,  Браніслава Францаўна вяла вялікую грамадскую работу: распаўсюджвала сярод бацькоў педагагічныя веды, праводзіла гутаркі і кансультацыі па пытаннях арганізацыі рэжыму дня вучняў, умацавання памяці, развіццю мыслення. Яна аб’ядноўвала бацькоў і дзяцей шматлікімі цікавымі школьнымі мерапрыемствамі.  І гэта давала плён. Дзеці цягнуліся да ведаў, выхоўваліся ў дысцыпліне, гартаваліся нацыянальна і патрыятычна.

Праца настаўніцы была дастойна ацэнена. Браніславу Францаўну ўзнагароджвалі Ганаровымі граматамі раённы аддзел адукацыі, абкам прафсаюза работнікаў асветы, Міністэрства асветы. Адзначылі і знакам “Выдатнік народнай асветы БССР”. А прозвішча Мацеша было занесена ў “Кнігу пашаны”  колішняга Грабянецкага сельсавета.

Калі надышоў час пайсці на заслужаны адпачынак, ураз развітацца са школай і дзецьмі Браніславе Францаўне  было не пад сілу. Таму яшчэ многія гады яна  працавала кіраўніком розных гурткоў — юнага натураліста, інкрустацыі саломкай, фларыстыкі… Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем удзельнічалі ў іх, спасцігаючы дзівосны свет дэкаратыўна-прыкладной творчасці, майстэрства. У гэты час Грабянецкая школа “патанала” ў харастве пакаёвых кветак, якія месціліся ў вялікай колькасці на падаконніках у калідорах і класах.

Бацькі Браніславы Францаўны

У лёсе Браніславы Францаўны шмат было цяжкасцей і страт, але яна захавала здзіўляючай сілы аптымізм, які прыцягвае аднавяскоўцаў, дапамагае жыць з надзеяй і верыць ў лепшае.   З жартам гаворыць: “Прызвычаілася, што настаўніцы заўсёды трэба пісаць планы, дык і цяпер стаўлю пасільныя задачы ў думках і стараюся іх выконваць… Вось намерылася “падхарашыцца” ў хаце —шпалеры паклеіць, бо, канешне ж, хтокольвечы з маіх вучняў наведаецца павітацца, павіншаваць — дык трэба абнавіць.  Сама не спраўлюся, але дапамогуць… Ці суседзі, ці сацыяльны работнік… Знойдзецца добры чалавек, я не бядую”.

Браніслава Францаўна ахвотна распавядае пра тых, хто падтрымлівае яе, не дазваляе сумаваць у адзіноце. Пра кожнага вяскоўца ці былога вучня ў яе толькі добрыя, удзячныя словы. Вось і  сацыяльны работнік Святлана Пятроўна Матусевіч — спрытная, працавітая, безадказная, сардэчная. Папросіш, дык і ў агародзе работу зробіць, і ў хаце. Ну як такой ні падзякаваць!

А ўзгадваючы нядаўнія снежныя заносы, Браніслава Францаўна расказвае:

— Раніцай, яшчэ не было і васьмі гадзін, нехта матнуўся перад акном. Я падышла бліжэй да шыбы і ўбачыла, як праз дарогу падскокваючы з лапатамі на плячах пабеглі два хлапчукі. Яны хутка расчысцілі снег ад вуліцы ажно да ганку, я і дзякуй не паспела сказаць. А снегу ўначы выпала ажно па калена, так што хлапчукі добра папрацавалі. Пазней  даведалася, што гэта былі браты Валянцін і Віталій Грыгарэнкі — дзевяцікласнікі Грабянецкай школы.

А было і такое: аднойчы пад вечар паваліў густы снег, падняўся вецер, пачалася завіруха. Я крышачку занепакоілася, бо самой разграбаць нанесенае не маю сіл.  Але вечарам завітаў у хату сусед Мікалай Апімашка і сказаў: “Не турбуйцеся, Браніслава Францаўна. Я раніцой прыйду і адкіну снег”. Так яно і сталася.

Часам у ролі цімураўцаў выступаюць пенсіянеры (некаторыя з іх мае вучні)”.

Браніслава Францаўна з цеплынёй, сардэчнасцю называе іх прозвішчы. Гэта — Міхаіл Ладуцька, Мікалай Міцкевіч, Валянціна Міцкевіч, Раіса Рабцэвіч, Валерый Матусевіч, Вольга Малышава, Міхаіл Міцкевіч, Аляксандра Пінчук.  З радасцю зазначае, што не пакідаюць яе без увагі і работнікі школы, сярод якіх — Людміла Апімашка, Ларыса Бем, Юлія Ярашэвіч, Уладзімір Апімашка. Усім дасылае нізкі паклон за дабрыню і чуласць, зычыць моцнага здароўя, радасці штодзень і шчасця.

А яшчэ задаволена зазначае, што Наташа Ладуцька, якая цяпер жыве ў Віцебску, калі прыязджае ў Грабянец, абавязкова наведаецца, распытае пра ўсё. Валя Гамеза нядаўна прыходзіла адведаць, казала, што ў бацькоўскай хаце ў Язоўках мае намер зрабіць экспазіцыю старадаўніх рэчаў і на адкрыццё абавязкова пакліча яе, сваю колішнюю сяброўку і калегу. Валянціна пэўны час працавала піянерважатай у Грабянецкай школе і разам з Мацешай здымала пакой.

Дарэчы, Браніслава Францаўна 23 гады жыла на кватэры, пакуль атрымала ўласнае жыллё. І пра кожную гаспадыню гаворыць таксама са шчырай удзячнасцю. Узгадваючы Рабцэвічаў, успамінае, што гаспадыня пякла ім хлеб у печы.

— Гэта цяпер выбіраюць хлеб па смаку,— разважае Браніслава Францаўна, — а  ў 56-57 гадах яго у нашым магазіне ў продажы ўвогуле не было. Настаўнік атрымліваў паёк: 10 кілаграмаў іржаной мукі. Я часам з двух месяцаў кілаграмаў пяць збяру і дамоў у Печышча завязу. Бо там не было з чаго спячы хлеб…

Бацькі — Франц Іосіфавіч і Сабіна Сігізмундаўна ўвесь час працавалі ў калгасе. Праца гэтая была тады неймаверна цяжкая, аплата — мізэрная. Яны выгадавалі чацвёра дзяцей. Але старэйшы сын Антон загінуў у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны, якраз напярэдадні быў прызваны на службу ў войска. Другі сын — Іван — параненым вярнуўся з вайны, застаўся інвалідам і памёр раней бацькоў. Не шмат пажыла і дачка Ядзвіга — па недарэчнасці загінула, пакінуўшы мужу траіх малых дзяцей.

У фотаальбоме Браніславы Францаўны захаваліся здымкі родных.

— Перад тым як легчы надоўга ў абласную бальніцу з цяжкім дыягназам, — гаворыць яна, — паставіла фатаграфію таты з мамай  на стале, каб чакалі майго шчаслівага вяртання. І, дзякуй Богу, вярнулася, адпусціла хвароба.

Што тычыцца Усявышняга, то Мацеша шчыра верыць у Бога. Гэтая вера надае ёй сілы, трываласць, надзею.

— Амаль усе жыхары Печышчаў былі католікамі, — распавядае Браніслава Францаўна. — нават у вайну людзі маліліся. Памятаю, збіраліся дарослыя і дзеці ў хаце Франі Змачынскай. Стаялі дзве самаробныя лаўкі, алтар, абразы. Малітвы і песні былі на польскай мове, Франя іх добра ведала, чытала па-польску.  Мы, дзеці, стараліся усё добра запомніць. І ведаеце, у вайну ў Печышчы не спалены ні адзін дом, хаця суседнія Кобзевічы гарэлі два ці тры разы. Загінулі тыя, хто быў на фронце. Аднойчы ў нас праводзілася блакіроўка. Немцы акружылі вёску і жыхароў сабралі ў хаце… Але трагедыя абмінула. Я думаю, Бог засцерагаў.

… Гутарыць з Браніславай Францаўнай цікава: яе памяць захоўвае падзеі да драбніц, не толькі факты, але і прозвішчы, імёны.

Прыемна сустракацца і з яе былымі вучнямі. Няхай хтосьці  з іх не дасягнуў кар’ернай вяршыні, не стаў вялікім начальнікам, але ўсе яны — шчырыя працаўнікі, паважаныя людзьмі, з добрай душой і чулым сэрцам.  Напярэдадні юбілею Мацешы ў рэдакцыю наведалася Вольга Канстанцінаўна Малышава (Фінская). Яна вучылася ў гэтай настаўніцы, а потым — і сын. Вось што расказвае:

Б.Ф.Мацеша

— Браніслава Францаўна пачала працаваць у Грабянецкай школе ў 1954 годзе, а я ў 1956 пайшла ў першы клас. Мы вучыліся ў здвоеным класе разам з трацякласнікамі. Наша настаўніца была стройная, прыгожая, уважлівая, добрая — і мы ўсе любілі яе. У другім класе, памятаю, на ўроках працоўнага навучання і пасля ўрокаў у піянерскім пакоі вучыла шыць, вышываць, рабіць паштоўкі, цацкі з паперы. Да бацькоўскіх сходаў рыхтаваліся з вялікай адказнасцю, каб за нас не было сорамна бацькам, бо выстаўляліся на паказ нашы сшыткі, падзелкі…

Якой я была шчаслівай, калі мой сын Сяргей ў 1981 годзе пайшоў вучыцца ў першы клас да Браніславы Францаўны. Я ёй давярала і была ўпэўнена, што настаўніца прыкладзе ўсе свае намаганні, каб сын рос дастойным грамадзянінам нашай Радзімы. Так яно і выйшла. І па сённяшні дзень наша сям’я падтрымлівае стасункі з Браніславай Францаўнай.

А яшчэ былыя  вучні напісалі ў рэдакцыю ліст-успамін:

“Цяжка паверыць, што Браніславе Францаўне ўжо 80: душою яна застаецца маладою. Гэта вялікая аптымістка, светлы і цудоўны чалавек. Шкада, што некалькі апошніх гадоў пачало падводзіць здароўе, таму рэдка ходзіць у любімую школу, дзе кветкі, ёю пасаджаныя, сумуюць без клапатлівых рук гэтай настаўніцы.

За шматгадовую старанную працу атрымала яна шмат грамат і падзяк. Але мы ведаем, што самае важнае для нашай настаўніцы — любоў і пашана яе былых вучняў, калег па рабоце.

Браніслава Францаўна! Не сумнявайцеся: мы Вас памятаем, любім і нізка кланяемся за ўсё добрае, што  Вы для нас зрабілі. Дзякуй, што Вы ёсць у нас! Дасылаем такія вершаваныя радкі:

Немало трудовых годов

За Вами чередой теснятся

И потому высоких слов

Сегодня нечего стесняться.

И мы сейчас со всей

любовью

Вас поздравляем

с этим Днем.

Желаем доброго здоровья

И счастья больше

с каждым днём!”

Шаноўная Браніслава Францаўна, мы таксама рады павіншаваць Вас, шматгадовую падпісчыцу “Раённага весніка”, з юбілеем. Няхай як мага далей працягваюцца гэтыя  прыемныя сяброўскія стасункі!
Эма МІКУЛЬСКАЯ.

Фота аўтара і

з альбома Б.Ф.Мацешы.

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *