ЯК МЫ НА ГОМЕЛЬСКІМ ТЭЛЕБАЧАННІ ПАБЫЛІ…

Общество

«Эрудыт-пяцёрка» — першая і адзіная ў Беларусі інтэлектуальная гульня для школьнікаў!» — менавіта з гэтых слоў пачаліся мае прыгоды ў горадзе Гомелі. Але аб усім — па парадку.

Не так даўно да мяне падышла мой трэнер па «Што? Дзе? Калі?» Ірына Іванаўна Вабішчэвіч і прапанавала паехаць на інтэлектуальную гульню, якую здымае гомельскае тэлебачанне. Я была прыемна здзіўлена. І, канешне ж, згадзілася.

Удзельнікаў было пяць, плюс сама Ірына Іванаўна і яе сын у якасці групы падтрымкі. Адпраўляліся з Мар’інай Горкі на цягніку. Гэта было маё першае падарожжа на такім транспарце. І, спадзяюся, не апошняе, бо я атрымала непаўторныя і незабыўныя адчуванні. Ты едзеш, а міма цябе праплываюць рэкі, лясы і палі, гарады і вёскі. «Гэта ж тое самае, што і аўтобус!» — скажаце вы. Не зусім. Да таго ж, у цягніка ёсць значная перавага перад аўтобусам: можна ўстаць і трошкі прайсціся. Ехаць ім хутчэй і танней. Ды і настрой падчас такога падарожжа — весялейшы.

У Гомель мы прыехалі а адзінаццатай гадзіне вечара. Начавалі ў сваякоў Ірыны Іванаўны — добрых і сардэчных людзей. Мне вельмі спадабалася дзяўчынка шасці гадоў — Варвара. Яна мілая і прыкольная, забаўляла нас і расказвала шмат цікавага пра школу.

Раніцай мы прыехалі ў будынак тэлерадыёкампаніі «Гомель». Я вельмі хвалявалася: усё ж першы раз на тэлебачанні. Запісвалі адразу некалькі каманд. Паколькі гэта «Эрудыт-пяцёрка», то ўсяго было па пяць: 5 гульцоў, 5 гульняў, 5 пытанняў.

Падчас першай гульні кожны выходзіў да сталоў і адказваў на 5 пытанняў адной з пяці тэм. Мне дасталася тэма — «Свят, свят, свят». На жаль, ведала тут няшмат. Запомнілася пытанне «Колькі крылаў у анёла Серафіма?» Аказваецца, шэсць. Памятаеце класіка?

Духовной жаждою томим,

В пустыне мрачной я влачился, —

И шестикрылый серафим

На перепутье мне явился.

А яшчэ я пайшла гуляць у «Слайд-гульню» на беларускай мове. Паказвалі слайды з літарамі алфавіта. Мы павінны былі адказаць, што гэта такое. Гуляла не я адна, была саперніца. Я чамусьці перахвалявалася, расчырванелася і… забылася многае. Адказала на ўсё, што змагла. Сказаць па праўдзе, я яшчэ нявопытная і шмат чаго не ведаю. Але, як кажуць, адмоўны вопыт — таксама вопыт. Мы не прайшлі ў фінал, але прывезлі Дыплом другой ступені.

А далей, у свой вольны да цягніка час (не менш за тры гадзіны), мы пайшлі ў музей вайсковай славы і музей гісторыі горада Гомеля. Першы зацікавіў больш хлопцаў. Але і я даведалася шмат новага, сфатаграфавалася ля танкаў, верталётаў, самалётаў і вялізнага цягніка 1940-х гадоў.

А вось у другім музеі прыйшла чарга захапляцца дзяўчынкам. Такая прыгажосць! І старажытная мэбля, і цудоўны сервіз… А на другім паверсе — вышыўка крыжыкам Святланы Іванаўны Бацуновай. Ну проста цуд! Трэба ж мець столькі цярпення для такой тонкай працы! Вырабы выглядалі калі не як жывыя, дык як фотаздымкі. Нават самой захацелася заняцца. Але потым, праўда, зразумела, што ў мяне не хопіць уседлівасці.

А далей нас зноў чакаў цягнік. Мы шмат размаўлялі, абдумвалі гульню… Мне хацелася, каб гэтае падарожжа ніколі не заканчвалася. Але, на жаль, заканчэнне ёсць заўсёды. Мы атрымалі вопыт гульні. А я мару зараз аб тым, каб у мяне было як мага больш такіх цікавых і вясёлых прыгод!

Юлія АДАМОВІЧ,

вучаніца 9 класа гімназіі №1 імя У.Караля г.Чэрвеня

Фота Ірыны ВАБІШЧЭВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *