ДЗЕНЬ ПАДПІСЧЫКА Ў ЧЭРВЕНІ: «РАЁНКУ» ВЫПІСВАЛІ АХВОТНА!

Общество

21 сакавіка ў аддзяленні сувязі «Чэрвень-2» раённага вузла паштовай сувязі было святочна і ўрачыста. Тут ладзілі раённы Дзень падпісчыка. Кожнаму, хто афармляў квіток на любое выданне на любую колькасць месяцаў, інструктар па падпісцы Наталля Ярашэвіч прапаноўвала паўдзельнічаць у бясплатнай бяспройгрышнай латарэі. Сувеніры, падарункі сваім падпісчыкам уручалі і прадстаўнікі газет «Раённы веснік», «Беларуская ніва», «Рэспубліка», «Мінская праўда», якія размясціліся ў зале абслугоўвання за сталамі.

Т.Шумянкова

Самай першай нашу газету на квартал выпісала даўняя падпісчыца Зінаіда Цыгановіч з Чэрвеня.

— Я не магу без «раёнкі»! — зазначыла эмацыянальна. — Ужо гадоў 30 яе выпісваю…

Наступным да стала падышоў Павел Чарнавец з вёскі Заполле. Прыемна, што маладыя людзі таксама цікавяцца «Раённым веснікам»!

Алена Палякова

А затым іх было шмат, нашых падпісчыкаў — знаёмых і незнаёмых, мужчын і жанчын, дзяўчат і хлопцаў розных узростаў… Выпісвалі «раёнку», у асноўным, на тры месяцы. Хаця здараліся і выключэнні, прычым, як аказалася, даволі ўдалыя. Так, Таццяна Шумянкова з Чэрвеня падпісалася на «Раённы веснік» на адзін месяц, а ў розыгрышы прызоў ад раённага вузла паштовай сувязі выцягнула… суперпрыз — падпіску на паўгода!

— Вось як цудоўна атрымалася! — радавалася жанчына, а разам з ёю і мы.

Завітала на Дзень падпісчыка і колішняя гераіня аповеду Алена Палякова — спецыяльна, каб падпісацца на «раёнку». Адразу ж менавіта да нашага стала ўпэўнена накіравалася і Альбіна Ефіменка. Добрыя ўсмешкі на тварах прысутных выклікаў маленькі Ільюша, сын Святланы Жылянок (на здымку), які разглядаў усё і ўсіх маленькімі прыгожымі цікаўнымі вочкамі, нетаропка шпацыруючы па зале.

Iлья і Cвятлана Жылянок

— Наш будучы падпісчык! — зазначыла інструктар па падпісцы Наталля Ярашэвіч, уручаючы малому прыз.

— А «раёнку» можна выпісаць на год? — звярнуўся з пытаннем Мікалай Жораў.

Даведаўшыся, што не, паабяцаў працягваць падпіску ў тэрмін. А яшчэ зазначыў, што прыемна чуць беларускую мову!

Завітала ў залу абслугоўвання супрацоўніца вузла паштовай сувязі, мая аднакласніца Святлана Бажко (Манулік), каб аформіць падпіску на «раёнку» ў падарунак маме. Дарэчы, некалькі наведвальнікаў на прапанову падпісацца адказвалі, што ўжо зрабілі гэта ў свайго паштальёна.

Павел Чарнавец і інструктар па падпісцы Наталля Ярашэвіч

… Літаральна за 2,5 гадзіны на «Раённы веснік» падпісаліся 26 чалавек! Вялікі дзякуй усім вам, шаноўныя сябры, за вашу актыўнасць, таварыскасць, настрой, з якім вы ўдзельнічалі ў Дні падпісчыка, за тое, што ахвотна згаджаліся на прапанову падпісацца на «раёнку». Спадзяёмся, што нашы невялічкія сувеніры прыйшліся вам даспадобы! Дзякуем за падтрымку начальніку аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Ларысе Ефіменка!

І, канешне, самая шчырая падзяка — супрацоўнікам раённага вузла паштовай сувязі, якія добра арганізавалі мерапрыемства. Раз-пораз у зале з’яўляліся яго начальнік Вольга Гамеза, начальнік участка па апрацоўцы і абмену пошты Дзіна Назарава, якія нагадвалі наведвальнікам пра Дзень падпісчыка. Актыўна працавалі аператары, афармляючы падпісныя квіткі (асобная падзяка — Святлане Дайліда). Ну, а інструктар па падпісцы Наталля Ярашэвіч і ўвогуле практычна не была без справы. Яна не толькі разыгрывала сярод падпісчыкаў прызы бясплатнай латарэі, але і актыўна прапаноўвала падпісацца.

Застаецца дадаць, што ўсяго падчас Дня падпісчыка, які ладзіўся з 10 да 17 гадзін, на «Раённы веснік» у аддзяленні сувязі «Чэрвень-2» праз касы падпісаліся 54  чалавекі!

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара




 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *