Адсеяліся як мае быць

Аграрный сектор

Учора, калі друкаваліся гэтыя радкі, у эксперыментальнай базе «Натальеўск» дасявалі апошнія 58 гектараў ранніх зерневых і зернебабовых культур. Так што сёння, калі вы трымаеце свежы нумар «раёнкі» ў руках, можна з упэўненасцю казаць: мясцовыя земляробы справіліся з пастаўленай задачай — завяршыць гэты від работ да 1 мая.

— Такога позняга выхаду ў поле, як сёлета, на маёй памяці не было, — гаворыць дырэктар гаспадаркі Алена Махнач. — Звычайна сеялі раннія зерневыя з 10 да 15 красавіка. А шэсць гадоў таму ўвогуле пачыналі 18 сакавіка. Але нават у самай неспрыяльнай сітуацыі заўсёды трэба шукаць нейкія станоўчыя бакі. Запозненая вясна жорстка настроіла на тое, што весці комплекс палявых работ давядзецца надзвычай інтэнсіўна, без права на раскачку і нават мінімальныя тэхналагічныя збоі. Быў час удумліва спланаваць усё да драбніц. Прыемна, што задуманае паспяхова выконваецца…

Як распавяла Алена Махнач, раннія яравыя зерневыя і зернебабовыя культуры ў гаспадарцы паселі своечасова, дзякуючы напружанай працы кожнага ўдзельніка работ. Каб управіцца ў лепшыя агратэхнічныя тэрміны, энерганасычаны трактар «Джон Дзір» з камбінаваным пасяўным агрэгатам працаваў на палетках кругласутачна. Вопытны механізатар Леанід Савіч, за якім гэтая тэхніка замацавана, шчыраваў у начную змену, а ўдзень яго замяняў Андрэй Гамеза. Таксама кругласутачна была арганізавана падвозка насення (вадзіцелі Уладзімір Варабей, Мікалай Касцяневіч і Мікалай Папоў) і закрыццё вільгаці (механізатары Андрыян Савіч, Аляксандр Бандарык, Алег Канаплёў і Дзмітрый Нагібін). Плённа папрацавалі на падрыхтоўцы глебы механізатары Ігар Балдуеў, Андрэй Ігнатовіч, Сяргей Карэлы, Андрэй Тарасік, Аляксандр Грыбко, на ўнясенні мінеральных угнаенняў — Анатоль Крачун, Уладзімір Бабіч, Віктар Піляк, на ўнясенні арганікі — Мікалай Смусянок і Руслан Марчанка, на сяўбе зернебабовых — Андрэй Марчанка…

Гэтымі днямі ў  гаспадарцы завяршаюць сяўбу кукурузы на зерне, пачалі пасадку бульбы. Дарэчы, сёлета эксперыментальнай базе «Натальеўск» выпаў гонар адзінай на Міншчыне закласці дэманстрацыйныя пасевы яравых зерневых, бульбы і кукурузы. Тут будуць праводзіць рэспубліканскія, абласныя і раённыя семінары па вывучэнню гатунковага складу гэтых культур.

Галоўнай жа задачай гаспадаркі ў раслінаводстве застаецца вытворчасць і продаж элітнага насення зерневых. Падтрымліваючы высокі статус элітгаса, у эксперыментальнай базе «Натальеўск» рэалізавалі 3 тысячы тон такога насення ўраджаю мінулага года (лепшым паказчыкам на Міншчыне можа пахваліцца толькі знакаміты агракамбінат «Сноў» Нясвіжскага раёна), сёлета разлічваюць на большае.

Адметна, што вытворчасць збожжа ў гаспадарцы апошнім часам становіцца сапраўдным бізнесам. Калі некалькі гадоў таму яно займала 11-12 працэнтаў у структуры грашовай выручкі, то за мінулы год дасягнула 24 працэнтаў.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

НА ЗДЫМКАХ: вялікі аб’ём работ выканаў механізатар Уладзімір Савіч на энергетычным сродку «Раса». Ён падкарміў мінеральнымі ўгнаеннямі ўсе азімыя зерневыя (830 гектараў) і рапс (300 гектараў). Зараз шчыруе на шматгаловых травах і сенажацях. Надзейная праца «усюдыхода» сёлета дазволіла гаспадарцы ўпершыню за шмат гадоў адмовіцца ад паслуг сельгасавіяцыі;

пратручванне насення на зернеачышчальнай лініі;

механізатар Андрэй Гамеза гэтай вясной паспяхова прайшоў «баявое хрышчэнне», упершыню сеўшы на «Джон Дзір» з камбінаваным пасяўным агрэгатам. Менавіта яго кандыдатуру адобрылі не толькі гаспадар трактара Леанід Савіч, але і спецыялісты, кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства. Тут амаль што як у касмічным экіпажы: для працы ў дзве змены ўлічвалі не толькі дзелавыя якасці, але і псіхалагічную сумяшчальнасць напарнікаў.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *