У літаратурна-паэтычным клубе «Ветразь»

Общество

Лютаўскае пасяджэнне літаратурна-паэтычнага клуба «Ветразь» пачалося з ушанавання грамадскага дзеяча, публіцыста і паэта Кастуся Каліноўскага, 175-ых яго ўгодкаў. Падрабязна пра жыццё і творчасць распавялі старшыня клуба Уладзімір Дарагуж і бібліятэкар Галіна Ніціеўская. Супрацоўніца бібліятэкі Алена Адамовіч узгадала пра паўстанне 1863 года на Ігуменшчыне, 150-годдзе якога будзе адзначацца сёлета ў маі. На мультымедыйнай устаноўцы Уладзімір Дарагуж дэманстраваў фотаздымкі, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Кастуся Каліноўскага.

Працягнулася лютаўскае пасяджэнне тэматычнай вечарынай «Мова ты родная, мова прыгожая…», прысвечанай Міжнароднаму дню роднай мовы.

Бібліятэкары ўзгадалі, які Міжнародны фонд абвясціў такое свята, калі яно адзначаецца, колькі на свеце налічваецца моў… Потым нізку вершаў на суд удзельнікаў клуба прапанаваў яго сябра Анатоль Дзянскевіч. З усмешкай успрынялі прысутныя злабадзённыя замалёўкі з нашага жыцця Марыі Бяжан. Вершы, прысвечаныя беларускай мове, чыталі Уладзімір Дарагуж, Алена Вабішчэвіч, Раіса Лістападава. Роднай Случчыне прысвяціла свой верш Наталля Жданок. Вельмі ўзнёсла і эмацыянальна прачытала ўласныя вершы на роднай мове Ларыса Бандзік. Дарэчы, яна павіншавала ўсіх з надыходам вясны. І яшчэ доўга чыталі сябры клуба вершы беларускіх паэтаў.

З узнёслым настроем усе яго ўдзельнікі пакідалі чарговую сустрэчу, якая доўжылася больш за дзве гадзіны.

 

Святлана ЖДАНОВІЧ,  загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі

Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *