СЯМ’Я І ШКОЛА: ВЫХОЎВАЕМ ДЗЯЦЕЙ РАЗАМ

Общество

На працягу лютага ва ўстановах адукацыі Чэрвеньшчыны праводзіўся месячнік сямейнага выхавання «У коле сям’і нараджаецца душа». У яго рамках ладзіліся разнастайныя мерапрыемствы. Гэта фотавыстава «Неразлучныя сябры — дарослыя і дзеці», конкурс на лепшую сумесную цацку, зробленую бацькамі і дзецьмі, анкетаванне бацькоў-мужчын, конкурсы сачыненняў і малюнкаў, навукова-практычная канферэнцыя «Без добрых бацькоў няма добрага выхавання», відэазапісы інтэрв’ю, узятых у дзяцей і дарослых, ды іншае. Ну, а своеасаблівым падагульненнем месячніка, падсумоўваннем яго вынікаў стаўся раённы бацькоўскі сход «Сучасныя падыходы ў выхаванні адказнага бацькоўства», які адбыўся на базе Цэнтра дзіцячай творчасці г.п.Смілавічы.

Падчас яго была арганізавана работа па секцыях: «Партнёрства ва ўзаемадзеянні бацькоў і ўстаноў адукацыі», «Захоўваем сямейны ачаг» (на базе Чэрвеньскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра), «Сямейны адпачынак: насустрач адно аднаму», «Сацыяльна-педагагічнае суправаджэнне сям’і», «Выхавай прыкладам». У гэты ж час у Чэрвені на базе Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі распачала работу секцыя «Мы розныя, але роўныя».

Секцыю «Сямейны адпачынак: насустрач адно аднаму» адкрыла педагог-псіхолаг СШ №2 г.Чэрвеня Святлана Здановіч. Яна зазначыла, што галоўная задача ў выхаванні дзяцей — аб’яднаць намаганні сям’і і школы, каб іх дзеянні не супярэчылі адно аднаму, а былі накіраваны на дасягненне агульнай мэты.

Напачатку ўсіх запрасілі наведаць адметную музейную экспазіцыю «Прастора Хаіма Суціна», прысвечаную сусветна вядомаму мастаку, ураджэнцу г.п.Смілавічы. Невялікую (бо была абмежаванасць па часе), але змястоўную экскурсію па дзвюх яе залах цікава правяла метадыст Цэнтра дзіцячай творчасці г.п.Смілавічы Святлана Хасяневіч.

Вярнуўшыся ў адмыслова аформлены кабінет дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, удзельнікі секцыі перайшлі да раскрыцця тэмы «Сямейны адпачынак: насустрач адно аднаму». Пра арганізацыю работы ў гэтым накірунку ў цэлым і сямейнага клуба «Адпачывай» распавяла намеснік дырэктара Цэнтра дзіцячай творчасці г.Чэрвеня Ірына Калоша. Прысутныя даведаліся, што асноўныя задачы клуба — гэта вывучэнне арганізацыі сямейнага адпачынку, арганізацыя сумеснага баўлення вольнага часу бацькамі і дзецьмі, пашырэнне выхаваўчых магчымасцяў сям’і і Цэнтра, стварэнне адукацыйна-асветніцкай прасторы ды іншыя. Формы работы — тэматычныя вечары, ролевыя гульні, дыскусіі, майстар-класы, трэнінгі, «круглыя» сталы, заняткі фітнесам. А накірункі — культурна-адпачынкавая дзейнасць, спартыўна-аздараўленчыя мерапрыемствы, псіхолага-педагагічная і медыка-сацыяльная асвета. Усе мерапрыемствы, якія ладзяцца ў гэтым сямейным клубе, садзейнічаюць цеснаму кантакту з бацькамі, дапамагаюць дзецям самасцвердзіцца, станоўча ўплываюць на ўзаемаадносіны ў сям’і. А стасункі бацькоў з дзецьмі робяць працэс выхавання натуральным, непрыкметным, ненавязлівым і разам з тым — дастаткова дзейсным.

Больш падрабязна пра сямейны клуб «Адпачывай», правы і абавязкі яго сяброў, мерапрыемствы, выхаваўчае ўздзеянне распавяла яго ўдзельніца Наталля Кучук. Цікава, што пасяджэнні пачынаюцца трэнінгам «Стасункі», які дапамагае бацькам эмацыянальна настроіцца на дыялог, на абмеркаванне значных для іх тэм і пытанняў, а заканчваецца практыкаваннем «Камплімент», калі сябры клуба дзякуюць адно аднаму за стасункі, дзеляцца перажытымі за сустрэчу эмоцыямі і ўражаннямі. У выніку большасць дарослых згодныя сур’ёзна працаваць над псіхалагічным кліматам у сям’і, што станоўча адбіваецца на якасці ўзаемінаў бацькоў і дзяцей.

Пра ўзаемадзеянне бацькоў і ўстановы адукацыі пры арганізацыі адпачынку непаўналетніх гаварыла ў сваім выступленні мама вучня СШ №4 г.Чэрвеня і адначасова — педагог Алена Шапялевіч. Яна падкрэсліла, што паспяховыя бацькі павінны мець уяўленне пра выхаваўчы працэс, ведаць асноўныя прынцыпы педагагічнай навукі. Бо менавіта ў сям’і дзіця атрымлівае першы жыццёвы вопыт, робіць назіранні і вучыцца, як сябе паводзіць у розных сітуацыях. Дзеці павінны бачыць, што ў дарослых тэорыя не разыходзіцца з практыкай.

Алена Шапялевіч на ўласным вопыце патлумачыла, што поспех у выхаванні дзяцей залежыць ад супрацоўніцтва бацькоў і педагогаў. Яна распавяла, як дапамагала сыну ў стварэнні відэароліка да КВЗ па Правілах дарожнага руху. Сцэнарый прыдумлялі разам з ім і вучнямі яго класа. Здымкі праходзілі вельмі весела. Сын праяўляў актыўнасць. Ён быў рэпарцёрам, яго аднакласнікі — акцёрамі, а мама — рэжысёрам. У выніку — першае месца!

А як класны кіраўнік дзявятага класа Алена Шапялевіч стараецца прыахвоціць бацькоў вучняў да прафарыентацыйнай работы. Дарослыя прыходзяць на класныя гадзіны і распавядаюць пра свае прафесіі. А дзеці знаходзяць станоўчае, адмоўнае і робяць свае вывады.

Экспрэс-абмеркаванне пачутага — і вось ужо ўдзельнікі секцыі становяцца ўдзельнікамі майстар-класа, які праводзіць педагог дадатковай адукацыі Цэнтра дзіцячай творчасці г.Чэрвеня Наталля Кучук, якая раней выступала як мама выхаванца. Пад яе ўмелым кіраўніцтвам дарослыя з дзіцячым захапленнем выраблялі з гафрыраванай паперы крокусы.

Вынікі работы секцыі падсумавалі педагог-псіхолаг СШ №2 г.Чэрвеня Святлана Здановіч і загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета Вольга Лосік.

Затым удзельнікі раённага бацькоўскага сходу сабраліся ў невялікай, але ўтульнай актавай зале Цэнтра дзіцячай творчасці г.п.Смілавічы на пленарнае пасяджэнне. Шмат слушных думак прагучала з вуснаў вядучых. Яны ж падсумавалі вынікі работы ўсіх секцый. Аповеды суправаджаліся дэманстрацыяй на экране толькі што зробленых фотаздымкаў. А яшчэ тут падвялі вынікі некаторых конкурсаў, якія ладзіліся ў рамках месячніка сямейнага выхавання. Пераможцамі конкурсу сачыненняў «Добры тата — той, хто…» прызнаны Яўген Нямірка (СШ №2 г.Чэрвеня) і Нарэк Грыгаран (СШ №4 г.Чэрвеня), конкурсу малюнкаў «Мая сям’я — маё шчасце» — Захар Каражан (Новазелянкоўскі д/с-СШ) і Ганна Свірыдовіч (СШ №3 г.Чэрвеня). А лепшай у конкурсе «Тата можа ўсё, што заўгодна» (на лепшую сумесную самадзейную цацку) прызнана сям’я Пятра і Наталлі Пятровічаў, бацькоў выхаванца ясляў-сада №6 г.Чэрвеня. Дыпломы дарослым прадстаўнікам сямействаў уручыў выконваючы абавязкі начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Сяргей Шамрук.

Цікава было паглядзець і відэазапісы, якія дэманстраваліся на экране. Дзеці разважалі на тэму «Хто стаіць на капітанскім мастку сямейнага карабля», дарослыя — «Якім я бачу будучае свайго дзіцяці». У музычных паўзах выступалі выхаванцы Цэнтра дзіцячай творчасці г.п.Смілавічы — спявачкі Аліна Патанейка, Лізавета Шапель і танцавальны калектыў «Пазітыў».

З дакладам на тэму «Сучасныя падыходы ў выхаванні адказнага бацькоўства» выступіў выконваючы абавязкі начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Сяргей Шамрук. Сярод іншага ён зазначыў:

— На жаль, зараз выхаванне дзяцей стала пераважна мацярынскай справай. Важнейшай праблемай сучаснасці з’яўляецца зніжэнне мужчынскага аўтарытэту ў сям’і. Але ў нашым раёне ёсць 21 сям’я, дзе дзяцей выхоўвае адзін тата. Станоўчы прыклад — Юрый Сёмкін з Чэрвеня і Уладзімір Гермель з Валевачоў.

У 2012/2013 навучальным годзе на базе ўстаноў адукацыі арганізавана 266 аб’яднанняў па інтарэсах, якія наведваюць 2956 выхаванцаў. Вялізная роля ў выхаванні дзяцей і падлеткаў належыць установам дадатковай адукацыі. Асаблівую ўвагу ў сваёй рабоце аддзел адукацыі  надае арганізацыі шостага школьнага дня. Удзел педагогаў, вучняў, бацькоў, грамадскіх арганізацый, сумесная творчасць і фантазія — яго галоўныя прынцыпы. Ва ўмовах сельскага рэгіёну педагагічныя калектывы змаглі арганізаваць работу ў шосты школьны дзень, праявіўшы пры гэтым ініцыятыву і вынаходніцтва.

Ва ўстановах адукацыі ажыццяўляецца сістэмная  інфармацыйна-асветная работа па павышэнні прэстыжу сям’і ў грамадстве, фарміраванні ўсвядомленага бацькоўства праз заняткі бацькоўскіх універсітэтаў, лекторыяў. Падчас бацькоўскіх сходаў асаблівая ўвага ўдзяляецца пытанням умацавання сям’і, маральнай і псіхалагічнай падрыхтоўкі вучняў  да сямейнага  жыцця, стварэнню станоўчых унутрысямейных адносінаў, выхаванне ў дзяцей самастойнасці.

Асноўнымі ў школах з’яўляюцца патрыятычнае, працоўнае, экалагічнае, сямейнае выхаванне, работа па краязнаўству з выкарыстаннем рэгіянальных асаблівасцяў, удзел у конкурсах па розных накірунках.

Праводзіцца значная работа па ахове дзяцінства, абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей, па выкананні патрабаванняў Дэкрэта №18 Прэзідэнта РБ «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях». Аднак за 2012 год у аддзяленне прытулку Чэрвеньскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра паступіла 48 дзяцей з 29 сем’яў. Зараз там — 9 дзяцей з 6 сем’яў.

У 2012/2013 навучальным годзе ў 9 установах адукацыі вядуцца факультатыўныя заняткі «Вучымся жыць у міры і згодзе», якія наведваюць 222 вучні, у 14 установах — факультатывы «Правілы ў маім жыцці» (236 вучняў), у 3 — «Асновы гендэрнай культуры» (15 вучняў), у 3 — «Падрыхтоўка да сямейнага жыцця» (30 вучняў).

Пры ўсёй разнастайнасці формаў і метадаў работы з дарослымі ў раёне арганізавана работа 7 сямейных клубаў — у СШ №3 г.Чэрвеня («Шлях да разумення»), Лядзенскім д/с-СШ («Здароўе»), СШ №4 г.Чэрвеня («Субяседнікі»), Чэрвеньскім раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры («Надзея»), Новазелянкоўскім д/с-СШ («Мая сям’я»), СШ №2 г.Чэрвеня («7-я»), Грабёнскім д/с-СШ («Надзея»). У Валевачоўскай СШ працуе бацькоўскі ўніверсітэт педагагічных ведаў «Здаровы лад жыцця».

Такім чынам, выхаванне дзяцей — штогадзінная, штохвілінная праца, вельмі адказная. Поспех школьнага і сямейнага выхавання залежыць ад таго, наколькі зладжана працуе педагагічны калектыў і сям’я. Менавіта таму мы павінны самі быць людзьмі высокамаральнымі, багатымі духоўна, здольнымі імкнуцца да добрага, каб рэалізоўвалася права дзяцей на жыццё ў поўнай і шчаслівай сям’і.

Выступаючы перад удзельнікамі раённага бацькоўскага сходу, намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалагічнай рабоце Ала Шахоцька, у прыватнасці, зазначыла:

— Канешне, аднымі заклікамі справу не вырашыш. Дарослыя, знайдзіце вольны час, наведайце ўстановы адукацыі, паглядзіце, чым займаюцца вашы дзеці. Калі адчуваеце, што не знаходзіце з сынам ці дачкой, асабліва ў падлеткавым узросце, агульнай мовы, схадзіце да спецыяліста.

Але я разумею, што сёння ў гэтай зале сабраліся дастаткова адказныя бацькі, і сярод іх шмат мужчын, якія любяць сваіх дзяцей, знаходзяць для іх час. І наша мэта — заклікаць вось гэтую актыўную частку бацькоўскай грамадскасці, каб яна стала побач з настаўніцтвам і прапагандавала ідэю адказнага бацькоўства сярод блізкіх, суседзяў, калег… Каб не толькі настаўнік гаварыў, што трэба выхоўваць дзяцей. Сёння актуальна менавіта меркаванне грамадства. Давайце сумесна вырашаць пытанні. Бо тыя, каго мы выхоўваем сёння, заўтра будуць забяспечваць развіццё дзяржавы. Яны будуць зарабляць на наша з вамі пенсійнае забеспячэнне.

Апошнім часам з’явілася такая тэндэнцыя, што састарэлыя бацькі застаюцца без увагі і падтрымкі сваіх дарослых дзяцей, і гэта страшна. Давайце задумаемся. Калі ў дарослых зараз не хапае часу на малых дзяцей, ці будзе ў тых, калі яны вырастуць, жаданне выдаткоўваць свой час на старых ужо бацькоў?! Давайце прапагандаваць дабро, і яно да нас вернецца. Будзьце, паважаныя бацькі, актыўнымі, нецярплівымі да п’яніцы-суседа, сямейнага дэбашыра, да тых, хто ўцягвае непаўналетніх у супрацьпраўныя дзеянні. Бо самае страшнае зло — гэта наша абыякавасць…

Да сумесных дзеянняў у справе папярэджання супрацьпраўных дзеянняў непаўналетніх, выяўлення фактаў ужывання імі алкаголю, наркатычных і таксічных рэчываў, самавольных уцёкаў з дому заклікаў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Чэрвеньскага РАУС Андрэй Мірановіч.

Прысутныя паглядзелі фільм «Школа бяспекі», прадстаўлены МНС, у якім у даступнай форме для дзяцей і дарослых распавядалася аб правільных дзеяннях падчас рознага віду ўзгаранняў і пажараў. Дапоўніў яго начальнік каравула Чэрвеньскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Антон Харлан.

Вынікі бацькоўскага сходу падсумаваў выконваючы абавязкі начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Сяргей Шамрук. Ён параіў азнаёміцца з праектам рэзалюцыі раённага бацькоўскага сходу на сайце аддзела адукацыі і даслаць свае заўвагі і прапановы.

Прыемна было бачыць у ліку запрошаных адказных бацькоў майго колішняга вучня Алега Беластоцкага і чуць, што пераможцам конкурсу сачыненняў стаў сын майго аднакласніка Леаніда Няміркі.

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *