РАДАСЦЬ СА СЛЯЗАМІ НА ВАЧАХ

Общество

Грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне з’яўляюцца прыарытэтнымі накірункамі ў рабоце педагагічнага калектыву Хутарскага дзіцячага сада-сярэдняй школы. З гэтай мэтай тут праводзяць разнастайныя мерапрыемствы, у якіх прымаюць актыўны ўдзел настаўнікі і вучні. У прыватнасці, стала ўжо традыцыяй у перадсвяточныя дні наведваць ветэранаў вайны. Вось і напярэдадні 95-годдзя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь піянеры дружыны “Гарачыя сэрцы”  завіталі да іх у вёскі Стары Пруд, Новая Ніва, Вялікая Ганута. У кожны дом ветэрана Вялікай Айчыннай вайны прынеслі самаробныя віншавальныя паштоўкі, якія падрыхтавалі  акцябрацкія зорачкі 2 і 3 класаў, песні, пажаданні і падзяку за ўклад у Перамогу.

Нашы шаноўныя ветэраны, былыя франтавікі Віктар Сцяпанавіч Стахоўскі, Мікалай Агеевіч Самец, Іван Мікалаевіч Мірановіч, Рыгор Іванавіч Крывушкін (на здымку), нягледзячы на сталы ўзрост, сустракалі піянераў як сапраўдныя бравыя салдаты. Святочная атмасфера панавала ў доме кожнага ўдзельніка вайны. У іх вачах свяціліся іскрынкі радасці. Ветэраны нібы памаладзелі на дзесяткі гадоў. Хаця плакаць у салдат не прынята, але калі піянеры спявалі, сівыя ветэраны не стрымлівалі сваіх эмоцый, з іх вачэй міжволі каціліся слязінкі радасці за клопат і павагу.

Усхваляваныя і расчуленыя, яны частавалі дзяцей цукеркамі і іншымі ласункамі, выказвалі словы падзякі. Успомніліся тут радкі з верша паэта Сяргея Грахоўскага:

Чалавеку патрэбна не слава,

А людская ўвага і ласка…

Візіт да ветэранаў стаў таксама урокам дабрыні і міласэрнасці для саміх вучняў. Яго правялі намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Л.М.Міцкевіч, педагог-арганізатар Л.У.Кульман, вучні Яўгенія Абрамава, Крысціна Пліс і іншыя.

Пётр САКАЎ,

кіраўнік краязнаўчага музея Хутарскай школы.

Фота Любові Кульман

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *