Мусіла Наталля стаць на лыжы!..

Общество

Зрабіла гэта Наталля КАЛЕНІК з Вайнілава не з-за імкнення да спорту ці здаровага ладу жыцця, хоць, канешне, у вольны час такое было б дарэчы. Падарожнічаць у завіруху ёй давялося па працоўнаму абавязку: Наталля — паштальён, абслугоўвае вёскі Гарадзішча, Дзеруцкая і частку Вайнілава. Хоць працуе з 1996 года, але кажа, што такога надвор’я, каб стаць на лыжы, у яе не здаралася.

Вясною па вадзе, зімою па калена ў снезе — гэта, канешне, у нашай працы пастаянна бывае, — распавядае паштальёнка. — Але ж каб гэткі, ажно ў пояс снег, ды не прайсці-не пралезці аніяк — такога не памятаю! Старыя людзі, да якіх заходжу ў вёсках, кажуць, што гэткая снежная завіруха была пяцьдзесят год таму.

Караскацца па сумётах, якіх цыклон «Хаўер» панамятаў дзе па пояс, а дзе і вышэй, у Наталлі ўжо не было моцы. Ажно дваццаць кіламетраў ёй штодзённа трэба прайсці, каб увесь свой маршрут пераадолець! Таму і стала на лыжы. Па полю ды паўз лес на іх рухаецца, а як дабіраецца да вёскі, у пачатку яе ля добра знаёмай хаты «экіпіроўку» здымае і наведвае жыхароў пешшу. Яны яе чакаюць дзень у дзень, хвалююцца, з раніцы ў вакенца пазіраюць — «выглядаюць паштарку». На вёсцы, асабліва для састарэлых людзей, Наталля Каленік — значна больш, чым паштальён. З ёй людзі і пагутараць, і навіны абмяркуюць. Для многіх паштарка — як родная. Спачуваюць Наталлі, што даводзіцца гэткі шлях пераадольваць, але адначасова і радуюцца, нават ганарацца, што яна ў іх такая адказная, не пасуе перад прыроднымі перашкодамі.

У лыжных падарожжах вайнілаўскую паштарку заўжды суправаджае яе верны сябар — белы з рудымі плямкамі сабачка. Усе вёскі з гаспадыняй абыдзе, з мясцовымі сабакамі «абнюхаецца», быццам таксама навіны перадасць, а потым па  снезе выбіраецца за ёй на лыжню — і да хаты, каб раніцай зноў пачаць той жа шлях.

За стараннасць, цярплівасць ды вернасць нялёгкай прафессіі ўдзячныя Наталлі вяскоўцы і начальства.

А сама яна ці і не ў гэтую хвіліну прабіраецца праз чарговы сумёт у Дзеруцкую альбо Гарадзішча: «Васілю ды Галі — пенсію, «раёнку» — Марусі ды астатнім суседзям, а маленькай  Насцёнцы альбомчык з малюнкамі… Здаецца, нічога не забылася?!»

Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *