МОЦНАГА ЗДАРОЎЯ ВАМ, ЛІДЗІЯ МІКІТАЎНА!

Общество

Упершыню з гэтай жанчынай я сустрэлася ў 1981 годзе, калі па размеркаванні прыйшла працаваць метадыстам у Чэрвеньскую раённую дзіцячую бібліятэку. І хаця спецыялістам я была не вельмі «каштоўным» (праз два месяцы пайшла ў дэкрэтны адпачынак), загадчыца бібліятэкі Лідзія Мікітаўна Парфіяновіч сустрэла мяне з мацярынскай пяшчотай. Усё паказала, расказала, параіла, калі што незразумела, звяртацца ў абласную бібліятэку. Пра яе біяграфію я даведалася крыху пазней.

Нарадзілася Лідзія Мікітаўна ў вёсцы Дзмітравічы Бярэзінскага раёна. У 1965 годзе пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума прыехала працаваць бібліятэкарам у Чэрвеньскую дзіцячую бібліятэку. А праз некаторы час яе прызначылі намеснікам дырэктара па рабоце з дзецьмі. На гэтай пасадзе Лідзія Парфіяновіч працавала да выхаду на пенсію.

Цяжка падлічыць, колькі юных наведвальнікаў адчынілі дзверы дзіцячай бібліятэкі за гэты час. І да ўсіх іх Лідзія Мікітаўна знаходзіла падыход: гутарыла аб прачытаным, расказвала аб правілах абыходжання з кнігай, праводзіла мерапрыемствы па прапагандзе кнігі і чытання наогул.

А яшчэ ж ёй даводзілася вырашаць шмат гаспадарчых пытанняў разам з колішнім дырэктарам Софіяй Мікалаеўнай Жданавай. Рыхтуючы справаздачы для вобласці, наша Мікітаўна надоўга затрымлівалася на працы, бо адзіным калькулятарам і камп’ютарам у тыя часы былі драўляныя лічыльнікі і пішучая машынка.

Лідзія Мікітаўна Парфіяновіч падрыхтавала цэлую плеяду бібліятэкараў, якія ўсё сваё жыццё, як і іх настаўніца, звязалі з кнігай. Гэта Людміла Леанідаўна Альховік, Валянціна Іванаўна Казлоўская, Лідзія Уладзіміраўна Лаская, Наталля Міхайлаўна Калтовіч ды іншыя.

Сёння ў шаноўнай Лідзіі Мікітаўны — цудоўны юбілей. Шчыра віншуем і жадаем моцнага здароўя, добрага настрою, павагі ад людзей, сямейнага дабрабыту. Няхай яшчэ шмат гадоў Ваша сэрца выпраменьвае шчодрасць і цеплыню, грэючы ўсіх, хто ведае Вас і любіць!

Людміла ВОЙЦІК, дырэктар

Чэрвеньскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы

Фота Л.М.Парфіяновіч 70-х гадоў мінулага стагоддзя —

з архіву бібліятэкі

 




Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *