Леташні задзел дае станоўчы вынік сёлета

Общество

Гэтую падагульняючую выснову зрабіў старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Барыс Батура ў мінулы аўторак, распавядаючы на прэс-канферэнцыі для рэгіянальных і цэнтральных сродкаў масавай інфармацыі аб выніках за мінулы год і перспектывах развіцця на пяцігодку.

Па яго словах, сёлета за два месяцы выкананы практычна ўсе прагнозныя паказчыкі. У тым ліку па знешнеэканамічнай дзейнасці, валавым рэгіянальным прадукце на 108,3 працэнта пры заданні 108 працэнтаў, па экспарце прадукцыі і паслуг, заработнай плаце, якая ў сярэднім па вобласці склала 4 мільёны 300 тысяч рублёў.

На далейшае развіццё эканомікі, атрыманне канкурэнтаздольнай прадукцыі з больш высокай дабаўленай вартасцю і, як вынік, павышэнне заработнай платы і ўзроўню жыцця, накіравана работа па мадэрнізацыі да канца пяцігодкі 395 прадпрыемстваў. Гэта дазволіць атрымаць у прамысловасці грашовую выручку на аднаго працаўніка 120 тысяч долараў, у сельскай гаспадарцы — 44 тысячы, у сферы паслуг — 33 тысячы.

Як зазначыў старшыня аблвыканкама, сёлета павінна быць створана 157 новых высокатэхналагічных, з высокай дабаўленай вартасцю прадпрыемстваў з выручкай на кожнага працаўніка 60 тысяч долараў.

Станоўчую ацэнку даў Барыс Батура рабоце са скаргамі і зваротамі грамадзян, што паўплывала на змяншэнне колькасці іх у абласны выканаўчы камітэт. Пераважна яны датычаць цяжка вырашальных жыллёвых пытанняў, работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, тэрмінаў і якасці будаўніцтва. Ён акрэсліў меры, якія прымаюцца ўладай для паляпшэння гэтай сферы дзейнасці.

Закранаючы хвалюючае для вясковых жыхароў, у тым ліку і нашага раёна пытанне аб аптымізацыі колькасці сельскіх Саветаў, старшыня аблвыканкама зазначыў, што яно пакуль ўважліва вывучаецца. Улічваюцца прапановы райвыканкамаў і меркаванні сельскіх жыхароў. Канчатковае рашэнне будзе прымацца ўзважана і асцярожна. Па яго словах, сельскі Савет можа функцыянаваць у нармальным рэжыме, калі на тэрыторыі пражывае 2-4 тысячы чалавек. А на Міншчыне ёсць адміністрацыйныя тэрыторыі з насельніцтвам у адну тысячу і пяць тысяч чалавек. Цяпер функцыянуе 288 сельскіх Саветаў. Па папярэдняй ацэнцы павінны выйсці на 200-210.

Барыс Батура запэўніў, што аб’яднанне сельскіх Саветаў не паўплывае на зручнасць пражывання насельніцтва. Калі адміністрацыя апынецца, напрыклад, за 20 кіламетраў ад населенага пункта, то будуць арганізаваны спрыяльныя для людзей формы работы па месцы жыхарства.

Удзельнікаў канферэнцыі цікавіла, што будзе зроблена для правядзення сёлета ў Уздзе абласных “Дажынак”. Старшыня аблвыканкама акрэсліў комплекс гэтых мерапрыемстваў.

Адказваючы на шматлікія пытанні журналістаў, Барыс  Батура дэталёва, з канкрэтнымі прыкладамі расказаў аб тым, што прадугледжваецца для далейшага развіцця турызму, прыдарожнага сэрвісу, медыцыны, сельскай гаспадаркі, спажывецкай кааперацыі, а таксама для таго, каб наступным разам стыхія не застала знянацку.

 

Аляксандр БУШЭНКА

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *