Гучала ў песнях і вершах мова спеўная…

Общество

У лютым адзначаўся Сусветны Дзень роднай мовы, абвешчаны ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года. Асноўная тэма мерапрыемстваў 2013 года — «Родная мова і кнігі». Я атрымала запрашэнне на такое Свята. Яно ладзілася ў СШ №1 г.п. Смілавічы. Нягледзячы на хваробу пайшла. Настрой быў стрыманы. Але, як толькі зайшла ў актавую залу, усе змянілася. Убачыла вочы дзяцей, якія свяціліся радасцю. Адразу адчувалася, што ў іх свята. Загучала ў  песнях і вершах мова спеўная, мова мядовая, і ахінула пяшчотаю слоў. Шчыра, мілагучна, натхена гаварылі вучні аб прыгажосці роднай прыроды, аб любові да матулі і да Радзімы.  Я слухала  з замілаваннем і ўжо разумела, што падтрымаю гэту радасць такім вершам.

Мы на гэтай зямлі

нарадзіліся.

Тут жыцця і кахання выток.

Беларусь,

ты такая адзіная, —

Непаўторны кляновы лісток.

Заспявай, Беларусь,

поўным голасам.

Песняй звонкай Купалы

і Коласа.

Узнясі над старонкай

свабоднаю

Сакавітую мовачку

родную.

Я расказала пра Ефрасінню Полацкую і Кірылу Тураўскага, якія не толькі неслі асветніцтва роднай зямлі, але і маліліся за дабрабыт і мірнае жыццё свайго народа, якія і сення з’яўляюцца яе нябеснымі ахоўнікамі і заступнікамі. Адзначыла, што ў гэтым годзе спаўняецца 495 год з часу выдання большасці кніг Францыска Скарыны. Прапанавала відэазапіс песень, якія мы складалі разам з сынам Міхаілам. Прачытала некалькі вершаў аб родным краі, аб мужнасці, працавітасці і памяркоўнасці нашага народа. Па жаданню вучняў — пра каханне і пра Бога. Гэта быў дыялог-экспромт. Мяне кранула непасрэднасць дзяцей, адчула іх сапраўдную цікавасць да нашай размовы. Напрыканцы прагучаў верш:

Мова спеўная Скарыны

Нас стагоддзямі вяла

Ад сахі, касы, лучыны

Да касмічнага святла

Мы зашмат паразумнелі.

І ад розуму, відаць,

Словы гэткія займелі,

Што цяпер ні даць ні ўзяць

Словы ладныя са зместам.

Колькасць іх ракой плыве:

Рэфлексія, модуль, тэсты…

Аж трашчыць у галаве.

Прывыкаць да глупстваў модных

Нам даўно не прывыкаць.

А на нашай мове роднай

Вецер будзе размаўляць?

Апошні радок прагучаў як пытанне. Дзеці дружна адказалі: «Мы!»  Нельга абысці  ўвагай тых, хто рыхтаваў гэтае мерапрыемства. Настаўніца роднай мовы, класны кіраўнік артыстаў і гледачоў Вольга Аляксандраўна Пятровіч склала змястоўны сцэнарый, зацікавіла вучняў. Адчувалася, што любоў да роднага краю і роднай мовы прывіваецца пастаянна. Дапамагалі ёй настаўніца спеваў Наталля Паўлаўна Шабусава і школьны бібліятэкар Антаніна Іванаўна Молчан, якая аформіла выставу кніг беларускіх пісьменнікаў. Яна прапанавала вучням пачытаць творы нашага земляка Генадзя Аўласенкі, прарэкламавала адну з яго кніг для дзяцей.  Нягледзячы на напружанасць таго дня, да агульнай радасці далучыліся дырэктар школы Святлана Аляксееўна Ананчыкава і завуч Марыя Ўладзіміраўна Бортнік. Закончылася свята вясёлай фотасесіяй і нават падараваным мне самапечным (вельмі смачным!) белым боханам. Сэрца яшчэ поўніцца радасцю гэтых стасункаў. Вялікі дзякуй усім, чые сэрца не застаецца абыякавым, хто нясе любоў да роднай мовы падрастаючаму пакаленню. Будзем спадзявацца і верыць, што

Мудрасць здолее

ў цемры свяціць.

Загад продкаў у сэрцах

не згіне.

Будзем думаць,

вучыцца,  тварыць

Так, як ты, у сваёй мове, Скарына.

P.S.     У 2005 годзе нарадзілася песня «Я спяваю пра сваю Беларусь». Яна спадабалася людзям. Аднойчы зімой у нас дома аказаліся незвычайныя госці. Чалавек з дзесяць мужчын (чыноўнікі высокага рангу з Беларусі і Расіі) вярталіся ў Мінск з палявання ў Чэрвеньскім раене. Сярод іх быў мой родзіч. Ім пасля «цяжкага» дня падабалася пасядзець у вясковай хаце, паслухаць песні пад гітару. Калі Міша заспяваў новую песню, мужыкі, як па камандзе, усталі. А потым масквіч выдыхнуў: «Якая прыгожая мова. Буду вучыць сына».

Наталля Сівак, в. Заполле

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *