«Ганаруся сваім багаццем!»

Общество

Кажуць, чалавек багаты, калі мае шмат дзяцей. З гэтым пагаджаецца Зінаіда Рыгораўна Молчан з вёскі Язоўкі, якая ганарыцца сваім скарбам у колькасці чатырох дачок, двух сыноў, трынаццаці ўнукаў і шасцярых праўнукаў. Як тут не назваць жанчыну багатай! Асабліва калі дзеці такія працавітыя ды ўважлівыя да сваіх бацькоў.

Зінаіда Рыгораўна ўсё жыццё пражыла ў вёсцы Язоўкі. Нарадзілася, працавала тут,  выйшла замуж за аднавяскоўца. Са слязьмі успамінае гады ваеннага дзяцінства. Тады было  9 гадкоў, але яна ўсё памятае, быццам учора гэта было.

На свой хлеб Зінаіна Рыгораўна пайшла адразу пасля заканчэння школы. Спачатку працавала ў псіханеўралагічным доме-інтэрнаце, потым даглядала свіней.  Адпрацавала на ферме даяркай 25 гадоў «Гэта зараз на фермах шмат аўтаматыкі, а раней паспрабуй рукамі столькі кароў выдаіць»,- кажа жанчына. Дарэчы, яна заслужыла званне “Ветэран працы”.

Жыве Зінаіда Рыгораўна з сястрой. Гаспадара няма ўжо як два гады. Вось і прыходзіцца з сумам толькі ўспамінаць таго, з кім дзяцей гадавалі і нават паспелі залатое вяселле адзначыць!

Жанчына прызнаецца, што колькі год ужо не трымае гаспадарку.  Здароўе ўжо не тое, дый навошта, калі дзеці ніколі не забываюць. Наведваюць часта, дапамагаюць. Яны купяць і прывязуць, што патрэбна.

Ды і сумаваць ёй не даюць родзічы. Асабліва летам, калі дзеці ды ўнукі збіраюцца. Вось нядаўна ўсе разам прыехалі ды лазню пабудавалі. Зінаіда Рыгораўна па-сапраўднаму ганарыцца імі!

Кацярына Шумко,

студэнтка 5 курса Інстытута журналістыкі БДУ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *