ЦЫКЛОН “ХАЎЕР” НА ЧЭРВЕНЬШЧЫНЕ

Общество

Удар снегавой стыхіі, што прыняла на сабе ў мінулую пятніцу Беларусь, называюць мацнейшым за апошнія пятнаццаць-дваццаць гадоў. Наступствы цыклона , які не абмінуў і Чэрвеньшчыну, у той ці іншай ступені адчуў на сабе, бадай, кожны.

Сістэматызаваць і абагульніць інфармацыю для чытачоў «Раённага весніка» мы папрасілі дзве афіцыйныя асобы, якія бралі непасрэдны ўдзел у ліквідацыі наступстваў моцнага снегападу.

 

З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ

Дзмітрый ТУР, намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, член камісіі па надзвычайных сітуацыях райвыканкама:

— З мэтаю выпрацоўкі прапаноў па мінімізацыі наступстваў цыклона, 15 сакавіка ў 14 гадзін было праведзена пасяджэнне раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях. Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях падрыхтаваў распараджэнне старшыні райвыканкама «Аб рэагаванні на складаныя ўмовы надвор’я».

З 14 гадзін абстаноўка ў раёне пачала рэзка пагаршацца. У сувязі з гэтым Чэрвеньскае раённае звяно Мінскай абласной падсістэмы дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый было пераведзена ў рэжым павышанай гатоўнасці.

У выніку снегавых заносаў фактычна ўся дарожная сетка раёна была паралізавана. Асабліва цяжкае становішча склалася на дарозе дзяржаўнага значэння М4 «Мінск-Магілёў». З-за дарожна-транспартнага здарэння на мосце ў гарадскім пасёлку Смілавічы быў цалкам спынены рух па гэтай дарозе ў накірунку Магілёва. Утварыўся затор з 450-500 машын. Акрамя таго, на ўчастку дарогі «Мінск-Магілёў» ад Смілавічаў да вёскі Хутар у глыбокім снезе апынуліся 32 легкавыя і 7 грузавых машын. У іх знаходзілася 136 чалавек, у тым ліку 22 дзіцяці.

Камісіяй па надзвычайных сітуацыях райвыканкама было прынята рашэнне аб арганізацыі месцаў часовага размяшчэння людзей у Чэрвеньскім будаўнічым ліцэі (размешчаны 22 чалавекі), Смілавіцкім сельгасліцэі (51 чалавек) і Смілавіцкім аграрным каледжы (2 чалавекі). 1 чалавек з тэмпературай быў дастаўлены у Смілавіцкую бальніцу.

На ўчастку дарогі, дзе ўтварыўся затор, была арганізавана кругласутачная работа кафэ (в. Карпілаўка, в.Натальеўск, г.п.Смілавічы), у якіх вадзіцелі і пасажыры пацярпелых аўтамабіляў мелі магчымасць пагрэцца і атрымаць гарачае харчаванне.

Акрамя таго, камісія па надзвычайных сітуацыях райвыканкама наладзіла аказанне першай медыцынскай дапамогі і дастаўку гарачай гарбаты людзям, якія апынуліся ў заторах. Іх забяспечвалі дзве аўтамашыны «УАЗ» з Чэрвеньскіх ЖКГ і лясгаса, супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і названых арганізацый, фельчар райбальніцы.

Таксама выратавальнікі выцягвалі са снегу машыны. У гэтых работах удзельнічалі 10 чалавек і 3 адзінкі тэхнікі.

У суботу і нядзелю на расчыстцы дарог раёна ад снегу былі задзейнічаны 56 адзінак тэхнікі: 12 — з дарожных арганізацый, 4 — з ЖКГ, 3 — з будаўнічых арганізацый, 37 — з гаспадарак. Дабрачынную дапамогу ў буксіроўцы аварыйна-выратавальнай тэхнікі, ліквідацыі заносаў і расчыстцы вуліц у вёсцы Кулікі аказаў індывідуальны прадпрымальнік Вячаслаў Канстанцінавіч Чэрнік.

У перыяд праходжання цыклона адключалася электрычнасць у вёсках Ваўкавыск, Пагулянка, Красны Бераг. Аднаўленчыя работы праводзілі аварыйныя брыгады раённых электрасетак. Зараз раён забяспечваецца электраэнергіяй у штатным рэжыме.

Работнікі дзяжурнай змены раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях выязджалі па выкліках для дапамогі састарэлым людзям у расчыстцы падвор’яў ад снегу.

 

Аляксандр ІВАШКЕВІЧ,

выконваючы абавязкі начальніка Дзяржаўтаінспекцыі Чэрвеньскага РАУС:

— 15 сакавіка каля 12 гадзін 30 хвілін мы атрымалі паведамленне аб тым, што на шашы «Мінск-Магілёў» ля Смілавічаў трапіў у занос і перагарадзіў дарогу аўтапоезд. Калі наш экіпаж прыехаў на месца для афармлення здарэння, тут пачаў ужо ўтварацца затор. Дзесьці праз гадзіну ўсхадзілася моцная завея. Мы ўвялі ў дзеянне план «Надвор’е», паднялі ўвесь асабовы састаў ДАІ і накіраваліся на дапамогу ў Смілавічы. Прабіваліся ў той бок па «магілёўцы» на «УАЗе» амаль паўтары гадзіны. Затор (пераважна з аўтапаяздоў) расцягнуўся ад моста ў Смілавічах амаль да вёскі Карпілаўка. Машыны, а іх было не менш за 500, стаялі ў тры рады, часткова на сустрэчнай паласе руху. Легкавікі, што сустракаліся ў заторы, за дзве гадзіны пазамятала даверху.

ДЭУ-60, якое месціцца ў Смілавічах і адказвае за гэты ўчастак магілёўскай шашы, аказалася цалкам негатовым да снегападу. Адтуль напачатку быў толькі адзін трактар, які нічога не мог зрабіць.

Дзякуючы рашучым дзеянням старшыні райвыканкама Івана Пятровіча Мухі, які арганізаваў працу трактароў «Амкадор» і МТЗ з арганізацый і гаспадарак раёна, удалося пачаць расчыстку дарогі, наладзіць эвакуацыю легкавых аўтамашын і аўтапаяздоў.

У работах быў задзейнічаны ўвесь асабовы састаў ДАІ. Разам з намі працаваў начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Аляксей Аляксандравіч Пратаповіч. Каля чатырох гадзін раніцы быў узноўлены рух транспарту ў абодва бакі па адной паласе…

Дзяржаўтаінспекцыя шчыра дзякуе ўсім работнікам арганізацый і гаспадарак, якія дапамагалі ліквідоўваць наступствы стыхіі на шашы «Мінск-Магілёў».

Занатаваў Ігар АДАМОВІЧ

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *