ЧАГО ЧАКАЕЦЕ АД 8 САКАВІКА?

Общество

Алёна СУШКЕВІЧ:

— Я ведаю, што прабуджуся раніцой ад водару ружы на падушцы. Звычайна мой супруг ціхенька ўваходзіць, каб не пабудзіць, і кладзе кветку. Не толькі мне, але і дачушцы — у яе імя нават падобнае на кветку — Маргарыта. Мы шчаслівыя, што побач з намі такі цудоўны муж і тата — верны, клапатлівы, пяшчотны, сардэчны.

Усе разам мы абавязкова будзем  віншаваць Зою Альбертаўну і Людмілу Аляксандраўну — нашых любімых мам і бабуль. Яны душэўныя, прыгожыя, клапатлівыя, чулыя, самыя-самыя… Жадаем ім моцнага здароўя. А яшчэ, як у вершы:

…Шчыра ўсміхацца,

Жыць у дастатку,

не хварэць,

З-за дробязяў

не хвалявацца,

Душой ніколі

не старэць!

Я люблю святочную мітуслівасць, атрымліваць і дарыць падарункі. Няхай іх у гэты дзень будзе як мага болей для ўсіх жанчын.

 

Юля ТАЛСТОВА:

— 8 Сакавіка заўжды быў для мяне асаблівым святам. Калі вучылася ў Школе мастацтваў, хлапчукі рабілі  цікавыя і запамінальныя тэатралізаваныя  прадстаўленні, пасля якіх яшчэ доўга панаваў добры настрой у  дзяўчат і  педагогаў. Сёлетні год — мой першы працоўны, але я ўпэўнена, што не застануся без віншаванняў, бо ў мяне шмат сяброў. Запрашаю прыхільніц “Арыфлэйма” ў  чэрвеньскі офіс, дзе я працую. Тут заўжды пануе ўзнёслы настрой, і нават калі яго нехта не мае, то ўпэўнена, прыдбае.  А я пастараюся не толькі дапамагчы зрабіць правільны выбар у мностве прапаноўваемага тавару, але і адарыць сваёй шчырай усмешкай. Карыстаючыся выпадкам, віншую самых мілых і абаяльных, добрых і працавітых, шчырых і зычлівых  жанчын, а таксама маіх любых мамачку і сястрычку з 8 Сакавіка. Няхай усім цёпла свеціць сонейка, у сэрцы пануе вясна, а мабільны тэлефон не сціхае ад віншавальных званкоў і святочных SMS!

 

Тамара КОРЗУН:

— Вельмі хочацца бачыць у людзей добрыя ўсмешкі, радасны настрой. Каб ніхто з жанчын не застаўся ў  гэты дзень без віншаванняў і кветак. Сама, канешне ж, чакаю кветак, пацалункаў, віншаванняў, пажаданняў ад мужа і сына. Сына завуць Васіль, яму 26 гадоў, ён любіць рабіць сюрпрызы. Летась падарыў мне вялізную прыгожую вазу на падлогу,  пра якую я даўно марыла, але не адважвалася сама купіць. Было надта прыемна, што сын памятаў пра маё жаданне і ажыццявіў яго.  Мне таксама хочацца пажадаць Васілю, каб і яго жыццёвыя мары заўжды спаўняліся. А ўвогуле мужчынам — каб 8 Сакавіка натхняла іх на адважныя і рамантычныя ўчынкі, на ўважлівыя адносіны да сваіх каханых і родных жанчын.

 

Алена БАБУК:

— Шмат кветак, усмешак, віншаванняў. Асабіста я люблю назіраць, як 8 Сакавіка мужчыны на вуліцах спяшаюцца з прыгожымі букетамі  да сваіх жанчын. Ні ў які іншы дзень такога кветкавага мітусення не ўбачыш. Яно радуе, выклікае добрую ўсмешку. Канешне, муж таксама падорыць мне кветкі. Я люблю белыя хрызантэмы — і ён, ведаючы пра гэта, пастараецца мне іх прыпаднесці. 8 Сакавіка — цудоўнае свята, асабліва калі ў гэты дзень ярка свеціць сонейка. Тады здаецца, што прырода спецыяльна адорвае жанчын сваім першым вясновым цяплом, падбадзёрвае, надае энергіі і настрою. Віншую  жанчын са святам і жадаю, каб шчаслівая ўсмешка ніколі не сыходзіла з твару! А свайму мужу загадзя кажу: “Вялікі дзякуй!” Дзякуй — за клопат, увагу, разуменне, каханне. І прызнаюся: я вельмі цябе кахаю!

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *