АТРЫМАЛІ ПАШПАРТЫ

Общество

15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падчас рэспубліканскай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі» пятнаццаць юных жыхароў Чэрвеньшчыны ўпершыню атрымалі пашпарты. З-за моцнай завеі дабрацца да Чэрвеня з Грабёнкі альбо Хутара было нялёгка. Але хлопцам і дзяўчатам не змагло перашкодзіць кепскае надвор’е.

Мерапрыемства адбылося ва ўрачыстай абстаноўцы. Упершыню яго правялі ў актавай зале раённага аддзела унутраных спраў. Уручыць галоўны дакумент грамадзяніна краіны і павіншаваць моладзь прыйшлі прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх арганізацый, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, воіны-інтэрнацыяналісты.

Адкрыла ўрачыстасць старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна ТАРАСІК. Вітальнае слова юным беларусам-чэрвеньцам сказаў воін-інтэрнацыяналіст, старшыня раённай арганізацыі «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Віктар КАЗАЧОНАК. З віншаваннямі і наказамі хлопцам і дзяўчатам выступілі таксама начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Ларыса ЯФІМЕНКА, начальнік аддзела адукацыі Ларыса АСАНОВІЧ, начальнік аддзела ўнутраных спраў Аляксей ПРАТАПОВІЧ. Усе, хто выступаў, уручалі пашпарты хлопцам і дзяўчатам. У дадатак да пашпарта быў падарунак — кніга «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь».

Свае лепшыя патрыятычныя песні на ўрачыстасці выканалі юныя чэрвеньскія артысты Надзея БУДНІК, Наташа ГРАШАВІКОВА, Улад КАНАПЕЛЬКА.

У дзень уручэння пашпартоў надвор’е гэтым хлопцам і дзяўчатам зрабіла сапраўдныя іспыты на стойкасць, вынослівасць, уменне пераадольваць цяжкасці. Хацелася б, каб яны займелі і своеасаблівую «прышчэпку» ад усялякіх неспрыяльных абставін і ў будучым не баяліся ніякіх жыццёвых завей, з годнасцю неслі званне Грамадзяніна сваёй краіны.

 

Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *