Журналісты ліквідавалі тры «пажары»

Безопасность

На базе навучальнага цэнтра Міністэрства па надзвычайных сітуацыях у Заслаўлі прайшоў сумесны семінар-практыкум Мінскага абласнога ўпраўлення МНС і абласнога аддзялення Беларускага саюза журналістаў. На сустрэчу запрасілі прадстаўнікоў абласных і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. На семінары абмяркоўваліся прававыя аспекты работы журналістаў, метады падачы матэрыялаў, супрацоўніцтва масмедыя і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і іншыя. Гасцям прадэманстравалі работу выратавальнікаў-пажарных, пажарную аварыйна-выратавальную тэхніку. Тры добраахвотнікі з шэрагу журналістаў паспрабавалі сябе ў ролі агняборцаў.

Ахова чалавека ў надзвычайных сітуацыях стала  актуальнай у апошнія некалькі дзесяцігоддзяў.

— Гэта звязана з комплексам падзей, — патлумачыла прэс-сакратар абласнога ўпраўлення Анастасія Клябан, — ростам патэнцыялу прамысловасці, зношанасцю тэхнічнага абсталявання. З’явіліся новыя пагрозы, рызыкі. Сёння перад супрацоўнікамі нашага ведамства стаяць сотні задач: яны не толькі ліквідуюць пажары, але і працуюць з моладдзю, займаюцца надзорнай дзейнасцю, праводзяць нарматыўную работу і многае іншае.

Пытанні ліквідацыі, прадухілення надзвычайных сітуацый узнімаюцца ў прэсе, як правіла, падчас іх узнікнення. Прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі зазначыў, што найбольш эфектыўны спосаб падачы такой інфармацыі — размяшчэнне яе на тэматычных старонках, пад рубрыкамі. Гэта практыкуюць больш за 20 раённых выданняў.

Спецыялісты Міністэрства выказалі пажаданне, каб журналісцкія публікацыі насілі не толькі аператыўны, але і канструктыўны характар — фарміравалі ў насельніцтва культуру бяспечных паводзін, — бо дзеянні чалавека падчас пажару залежаць ад яго падрыхтаванасці да экстрэмальных сітуацый.

Сняжана КАЎГАРЭНЯ. Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *