СЫШЛІСЯ Ў «ЗАРНІЦЫ» «ШЧЫТ» І «МЕЧ»…

Общество

Хачу распавесці, як праходзіць шосты дзень у Лядзенскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе. Напэўна, многім вучням у суботу хацелася б пабыць дома, але толькі не нашым! Бо настаўнікі разам з саветам самакіравання школы ладзяць розныя цікавыя мерапрыемствы: дні здароўя, літаратурныя гасцёўні, брэйн-рынгі і шмат чаго іншага. Мы наведваем гурткі, факультатыўныя заняткі.  Асабліва любім спартыўны гурток «Час футбола».

А нядаўна пад дэвізам «Меч» супраць «Шчыта» адбылася ваенна-спартыўная гульня «Зарніца». Пра яе зараней паведаміў падчас лінейкі настаўнік фізічнай культуры Аляксандр Мікалаевіч Гляцэвіч. Як і пра мяркуемых удзельнікаў — вучняў з другога па дзясяты клас. І мы пачалі рыхтавацца. Выбралі камандзіраў — Юлію Бірулю і Наталлю Паркалаву. Яны набралі каманды. Усе разам прыдумалі іх назвы,  дэвізы і з нецярплівасцю пачалі  чакаць суботы. І вось гэты дзень надышоў.

Вучні былі бадзёрыя, кожны спадзяваўся на перамогу. Разам з намі знаходзіліся і нашы класныя кіраўнікі. «Зарніца» пачалася з агульнага пастраення, здачы рапартаў. Затым нас пазнаёмілі са складам журы. Туды ўвайшлі настаўнікі Лілія Іванаўна  Сныткова, Георгій Георгіевіч Бабіч і Валянціна Іванаўна Грыневіч. Конкурсаў было шмат: страявая падрыхтоўка, стральба,  падцягванне і адцісканне, арыентаванне на мясцовасці, дапамога пацярпеламу і аказанне першай дапамогі. Заканчвалася гульня падпальваннем каманднага вогнішча па эстафеце.

У спаборніцтва ўключыліся ўсе — старэйшыя і малодшыя вучні. Аказалася, што ў камандзе «Меч», дзе камандзірам была я, больш дзяўчынак і яны па ўзросту трошкі меншыя, чым вучні з каманды «Шчыт». Але гэта іх не напалохала. Пасля першых двух спаборніцтваў яны вырваліся ў лідары. Спаборнічаць было цяжка, бо і журы спуску не давала. Давялося «папацець» і хлопчыкам, і дзяўчынкам, калі адціскаліся і падцягваліся. Вельмі непакоіліся за арыентаванне на мясцовасці, бо і надвор’е было не лепшым. Калі камандзіры атрымалі карты, то адразу ж сабралі каманды і абмеркавалі маршрут. Усе кінуліся на пошукі пікетаў. Не прайшло і гадзіны, як  удзельнікі «Зарніцы» зноў былі ў зборы. Першай прыйшла каманда «Меч». Усе былі ўзрушаныя і трошкі намоклыя.  Затое колькі тут было смеху, жартаў! Кожная каманда ўпэўнена ішла да фінішу. А кожны з удзельнікаў імкнуўся паказаць свае здольнасці і ўменні. Большыя падтрымлівалі меншых, а камандзіры ўмела кіравалі сваімі падначаленымі.

Вось і апошні конкурс. Кожнаму ўдзельніку неабходна было пранесці алімпійскі факел па эстафеце, а апошні, камандзір, павінен быў распаліць вогнішча і паставіць свой факел ля школы. Алімпійскай гарой для іх былі вялікія гурбы снегу. Вось тут пачало непакоіцца журы. Маўляў, хаця б усё добра абышлося, бо бегчы па дарожцы вельмі цяжка. Некаторыя падалі, але хуценька ўставалі і працягвалі свой шлях. Тут першымі былі ўдзельнікі каманды «Шчыт».

Мы ўсе пастроіліся ў спартыўнай зале. Журы хаця і доўга спрачалася, аднак падвяло вынікі. Хацелася, каб перамагла дружба, але перамог мацнейшы. І ім стала каманда «Меч». Наша каманда! Але вучні віншавалі адзін аднаго, бо кожны быў упэўнены, што ў гэтай гульні ўсе сталі пераможцамі.

Вось так незаўважна праляцела больш за чатыры гадзіны. Настрой быў вясёлы, бадзёры. А яшчэ нас чакаў абед, як самых сапраўдных салдат. Дзякуй, Аляксандр Мікалаевіч, за цудоўна праведзены дзень у школе!

Юлія БІРУЛЯ,

камандзір каманды «Меч»

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *