Пракансультавалі дзяцей-сірот

Общество

Супрацоўнікі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і інспекцыі па справах непаўналетніх правялі ў Смілавіцкім ліцэі выязное кансультаванне для некаторых  навучэнцаў — дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без бацькоўскай апекі. Спецыялісты расказалі ім пра віды дапамог, па якія можна звярнуцца ў Цэнтр, і падрыхтавалі для іх фільм пра спецыялізаваныя ўстановы «Тваё жыццё — у тваіх руках».

Як зазначылі прадстаўнікі аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Святлана Кароль і Святлана Аношка, яны вядуць улік дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Іх аддзяленне займаецца сацыяльнай адаптацыяй выпускнікоў інтэрнатных устаноў. Туды можна звярнуцца як па псіхалагічную дапамогу, так і за кансультацыяй па любому пытанню — жыллёваму, юрыдычнаму, медыцынскаму і г.д. Калі вырашэнне праблемы будзе знаходзіцца па-за кампетэнцыі супрацоўнікаў Цэнтра, яны абяцалі дапамагчы дзецям звязацца са спецыялістамі адпаведных устаноў. Акрамя таго, псіхолаг Святлана Аношка параіла падлеткам наведаць некалькі сайтаў пад агульнай назвай «Перажыць.ру» (www.pobedish.ru, www.realove.ru, www.perejit.ru, www.realisti.ru), дзе ўзнімаюцца сямейныя, светапоглядныя і іншыя пытанні.

— Ваша галоўная задача сёння — вучыцца, — адзначыла загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Святлана Кароль, звяртаючыся да дзяцей. —  Калі вы ўсвядоміце, што ад атрыманых ведаў, ад уменняў, навыкаў і адносін да людзей навокал залежыць ваш лёс, гэта станоўча паўплывае на разуменне жыцця. Не замыкайцеся на праблемах, на іх жыццё не спыняецца. Знайдзіце чалавека, перад якім можна выказацца, — сябра, псіхолага, сацыяльнага педагога. Працуйце над сабой і стаўце мэты.

Чарговая сустрэча работнікаў аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі з навучэнцамі Смілавічскага ліцэя запланавана на сакавік. Да гэтага часу яны прапанавалі дзецям падрыхтаваць пытанні і накіраваць іх у Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, каб падчас наступнай размовы агучыць грунтоўныя адказы і парады спецыялістаў.

Сняжана КАЎГАРЭНЯ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *