Няхай яна гучыць у святы і ў будні

Общество

21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы.

Няхай гучыць з вуснаў старых і маладых… З вуснаў людзей розных узростаў. На Чэрвеньшчыне, у Беларусі, за яе межамі… На Зямлі і ў космасе, дзе зараз на Міжнароднай касмічнай станцыі знаходзіцца наш зямляк, мой аднакласнік Алег Навіцкі…

Беларускую мову хочацца чуць! У святы і ў будні, ва ўстановах, арганізацыях, на прадпрыемствах, з экранаў тэлебачання, па радыё і проста на вуліцы. Бо яна – не толькі мілагучная і прыгожая. Яна – жывая! І – родная для многіх тысяч беларусаў.

Ёю натхняюцца паэты і натхняюць іншых сваімі вершамі. А як кранальна яна гучыць з вуснаў малых, якіх увечары бацькі забіраюць дахаты з беларускамоўных садкоў! Паўтараючы пачутае, яны і дарослых вучаць.

Заўсёды шчыра радуюся, калі ў рэдакцыю дасылаюць лісты на роднай мове людзі розных узростаў, розных прафесій і спецыяльнасцяў. Асабліва цікава, калі яе выбіраюць настаўнікі рускай мовы. А якая адметная атрымліваецца гутарка, калі субяседнікі размаўляюць выключна па-беларуску! Далібог, заслухаешся… А мо, хтосьці і задумаецца. Маўляў, вось бы і мне так…

І ўсё ж хацелася б больш яе ва ўжытку. І лепшай якасці. І часцей. Ды, зрэшты, нават калі ведаць, што 21 лютага святкуецца Міжнародны дзень роднай мовы, — ужо плюс. А калі менавіта ў гэты дзень паспрабаваць размаўляць на ёй… Хто ведае, можа, гэта станецца пачаткам прыходу канкрэтнага чалавека да беларускай мовы.Бо вельмі хочацца, каб яна, прайшоўшы праз столькі стагоддзяў, упэўнена сягала праз іх і далей. Яшчэ доўга-доўга. Столькі, колькі будзе існаваць жыццё на Зямлі. У форме вуснай і пісьмовай, літаратурная, унармаваная і народная. Усё каштоўнае, роднае, блізкае.

З надыходзячым адметным святам вас, шаноўныя сябры! Давайце ўсе разам дадзім нашай роднай беларускай мове шанц на існаванне без прынукі, шанц на развіццё, захаванасць і… жыццё.

Святлана АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *